З энергіяй любові і натхнення

13.03.2013
"Рэспублiка", 13 марта 2013 г.


На "Еўрабачанні-2013" Алёна Ланская выступіць з новай песняй пра абстрактную планету.
Еўрапейскія букмекеры найбуйнейшай канторы "William Hill" ужо робяць першыя стаўкі на пераможцу конкурсу "Еўрабачанне-2013", які пройдзе 14-18 мая ў шведскім горадзе Мальмё. Сярод фаварытаў - Данія, Нарвегія, Расія і Швецыя. У ліку лідараў апынулася і Алёна Ланская. Беларускай удзельніцы прадказваюць пятае месца ў фінале конкурсу.
Нядаўна стала вядома, што ў Мальмё Алёна выступіць з песняй "Solayoh", напісанай еўрапейскімі аўтарамі Маркам Паэлінкам і Марцінам Кінгам. Ранейшую кампазіцыю Леаніда Шырына і Юрыя Вашчука "Rhythm of Love", з якой артыстка перамагла ў нацыянальным адборы, вырашылі замяніць. Новая песня была выбрана з чатырох твораў, прапанаваных на разгляд экспертнаму савету, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі прадзюсарскага цэнтра "Спамаш" і Белтэлерадыёкампаніі.
У аснове ідэі песні "Solayoh" - існаванне абстрактнай планеты, дзе жывуць добрыя і шчырыя людзі. Яны вераць у цуды і ў тое, што ўсё, што адбываецца, ёсць цуд. Там няма шэрых будняў і адзінокіх людзей. Галоўныя складальнікі поспеху на планеце "Solayoh" - Вера, Надзея, Любоў, а місія планеты - дарыць энергію Любові і Натхнення.
Запіс песні "Solayoh" праходзіў у англійскай студыі "Abbey Road". Здымкі кліпа і фотасесія адбываюцца зараз у Турцыі, у Стамбуле.
Мяркуецца, што ўсё будзе гатова ўжо да канца гэтага тыдня, калі ў Швецыі адбудзецца сустрэча кіраўнікоў дэлегацый краін - удзельніц "Еўрабачання-2013". У час яе вызначыцца і тое, пад якім нумарам выйдзе на сцэну Алёна Ланская. Як вядома, у гэтым годзе арганізатары песеннага шоу адмовіліся ад традыцыйнай жараб'ёўкі і размяркуюць чарговасць выступленняў канкурсантаў у кожным паўфінале ў тым парадку, які палічаць патрэбным. Тлумачыцца новаўвядзенне імкненнем выключыць, напрыклад, з'яўленне на сцэне двух запар лірычных выканаўцаў.
Нагадаем, што Алёна Ланская выступіць у першым паўфінале 14 мая. У ліку канкурэнтаў беларускай удзельніцы - прадстаўнікі Даніі, Малдовы, Харватыі, Украіны, Галандыі, Аўстрыі, Славеніі, Эстоніі, Расіі, Літвы, Сербіі, Ірландыі, Кіпра, Чарнагорыі і Бельгіі.
Усяго ў "Еўрабачанні-2013" выступяць выканаўцы з 39 краін.

Ірына СВІРКО, "Р".