З чаго робіцца... тэлебачанне?

21.11.2014
"Звязда", 21 лістапада 2014 г.

 
"Звязда" распытала тых, хто працуе па той бок экрана
У 1998 годзе Генеральная Асамблея ААН абвясціла 21 лістапада Сусветным днём тэлебачання (World Televіsіon Day). Дзяржавам прапаноўвалі адзначаць гэты дзень, абменьваючыся тэлевізійнымі праграмамі, прысвечанымі праблемам міру, бяспекі, эканамічнага і сацыяльнага развіцця, пашырэнню культурнага абмену.
З нагоды свята мы вырашылі пагаварыць з тымі прафесіяналамі, якія працуюць не ў кадры, але робяць сучаснае тэлебачанне менавіта такім, якім мы яго бачым.

Алена Фурсава, кіраўнік часовых творчых груп праграм "Калыханка" і "Дабраранак" тэлеканала "Беларусь 3":
- Я на тэлебачанні ўжо амаль трыццаць гадоў і ўвесь гэты час звязана з дзіцячай рэдакцыяй. Працавала і ў кадры, і за ім, і скажу вам: за кадрам бывае не менш цікава. Мой муж неяк паглядзеў выпуск праграмы "Дабраранак" і кажа: "Як у вас добра госці гавораць!", а я ведаю, што часам перапісваць іх даводзіцца па дзесяць разоў. Бо людзі ў кадры, асабліва без звычкі, часта губляюцца і забываюць нават нейкія элементарныя рэчы. Даводзіцца настройваць госця, супакойваць яго, а потым глядзіш на экран - там усё прыгожа. Нельга дасягнуць прыгажосці ў кадры без творчай працы рэжысёра, мастака, аператара, грымёра. Проста няўдала выстаўленае святло можа адбіцца на вобразе вашага героя, а грым можа састарыць чалавека ці змяніць яго да непазнавальнасці.
Калі казаць непасрэдна пра маю працу, то я кірую творчай групай людзей, якія ствараюць праграмы "Дабраранак" і "Калыханка". Адказваю за ўсё, вычытваю і рэдагую сцэнарыі, раблю тэматычны план, размяркоўваю мультфільмы для кожнага выпуску і гэтак далей. Здарыцца можа ўсякае: бывала раней падчас прамых эфіраў не выключалася камера, і тады даводзілася імправізаваць і працягваць размову ў кадры. Альбо неяк прынеслі мы кошку на здымкі, яна патрэбна была ў праграме. А тая спужалася і схавалася ў дэкарацыях. Потым недзе тыдзень прыносілі ёй туды ежу і чакалі, пакуль яна выйдзе са сваёй схованкі, каб вярнуць гаспадару... Самае важнае, пра што трэба памятаць, працуючы з дзецьмі, - ніколі іх не падманваць. Бо яны заўсёды адчуюць тваю няшчырасць і закрыюцца. Для дзяцей нашы героі сапраўды жывыя! Неяк у нас былі здымкі праграмы ў музеі, і там актрыса працавала не пад сталом, а, так бы мовіць, адкрыта. Але дзіця бачыць толькі ляльку, размаўляе з ёю, а дарослай цётачкі нібы "не існуе"! Такую веру і магію не хочацца разбураць.
А наогул работа на тэлебачанні патрабуе ўмення быць часткай каманды, якая, бы ў гадзіннікавым механізме, павінна дзейнічаць зладжана. Тут важна, каб побач былі людзі, з якімі вы глядзіце ў адным напрамку. Тады нават стомленасць узнагароджваецца задаволенасцю вынікам.

Святлана Грынчык, рэдактар праграмы "Беларуская часінка", тэлеканал "Беларусь 1":
- Кожны эфір праграмы пачынаецца з тэмы, якую мы абмяркоўваем, плануем здымкі сюжэтаў. Як правіла, тэмы падказваюць самі гледачы, калі звяртаюцца ў праграму і расказваюць пра свае праблемы. Так фарміруецца тэматыка кожнага дня.
Падчас прамых эфіраў тэлефонныя званкі ад аўдыторыі прымаюць нашы карэспандэнты. Бывае так, што людзі тэлефануюць і расказваюць сваё бачанне, а пасля выезду на здымкі высвятляецца, што праблема мае зусім іншы характар. І таму часам не пазбегнуць сітуацый, у якіх героі застаюцца незадаволенымі. Нашы карэспандэнты імкнуцца аб'ектыўна падыходзіць да асвятлення і даследавання кожнай сітуацыі. Бываюць непаразуменні і ў сувязі з тым, што некаторыя гледачы звяртаюцца да нас, а потым адмаўляюцца здымацца ў сюжэце... У выпадку атрымання згоды на здымкі шукаем абавязкова спецыялістаў, якія могуць нейкім чынам уздзейнічаць на сітуацыю і патлумачыць, як такое адбылося. Са знятым сюжэтам карэспандэнт перад мантажом прыходзіць да рэдактара (іх на праекце два) - гэты чалавек курыруе ўвесь працэс. Калі не патрабуюцца ўдакладненні, дапрацоўкі, то матэрыял рыхтуецца для праграмы.
Працаваць на тэлебачанні нялёгка, бо аб'ём задач вялікі: трэба трымаць пад кантролем працу карэспандэнтаў, пісаць тэксты для вядучых і разбірацца з імі ў праблемных сітуацыях, якія плануем паказваць у эфіры. Кампанія людзей, з якімі мы працуем над праграмай, - гэта прафесіяналы, яны кожную гісторыю прапускаюць праз сябе і імкнуцца знайсці выйсце, дапамагчы гледачам. Так, нашаму прадзюсару Людміле Барадзіной часам даводзіцца браць "удар" на сябе (калі, напрыклад, героі сюжэтаў застаюцца незадаволенымі). Карэспандэнты не проста здымаюць сюжэт, а і адсочваюць лёс герояў. Ну а вядучыя працуюць кожны дзень у прамым эфіры, падымаюць і агучваюць болевыя кропкі нашага жыцця. І калі ўдаецца дапамагчы чалавеку, то гэта дае новыя сілы, натхненне і ўпэўненасць, што ўсё робім недарэмна.

Генадзь Салдатаў, выканаўчы прадзюсар Беларускага прадстаўніцтва тэлеканала "Мір":
- Я ваенны журналіст. У свой час скончыў Львоўскае ваенна-палітычнае вучылішча, служыў на Ціхаакеанскім флоце. Пасля распаду Савецкага Саюза пераехаў у Беларусь, працаваў у ваеннай газеце. Але разам з тым заўсёды марыў здымаць дакументальнае кіно. Праз нейкі час на маім шляху сустрэўся чалавек, які паверыў у мяне, і я апынуўся на тэлебачанні.
Самае важнае, пра што варта памятаць, працуючы тут, - гэта каманда, часткай якой ты з'яўляешся. Варта хаця б аднаму чалавеку ў нечым недапрацаваць - тады нічога не атрымаецца. Я, як выканаўчы прадзюсар, арганізоўваю працэс стварэння таго ці іншага праекта на тэлебачанні. Таму вельмі важна перш за ўсё самому быць арганізаваным, дысцыплінаваным і адказным. Гэтаму якраз навучыла служба. У працэсе працы заўсёды бываюць незапланаваныя моманты. Мы неяк здымалі фільм пра перадваенныя падзеі 1939 года. Здымкі праходзілі ў Брэсцкай крэпасці. І вось наш вядучы на фоне варот крэпасці расказвае пра той час - а тут у кадры з'яўляецца вялікі строй нямецкіх салдат. Відаць, там здымалі нейкі мастацкі фільм, і людзі з масоўкі некуды перамяшчаліся. Тым самым мы сэканомілі на масоўцы - і сцэна прыгожая атрымалася.

Сяргей Злотнікаў, тэлеаператар:
- За гады маёй працы на тэлебачанні было шмат цікавых і яркіх праектаў. Здымалі гісторыка-геаграфічныя серыялы кшталту "Энцыклапедыя гарадоў Беларусі", "Знаёмцеся, Беларусь", таксама з яркіх - праца над дакументальным фільмам "Шчасце недзе за вуглом" пра нелегальную міграцыю ў нашай краіне і ў Амерыцы...
Праца аператара не з лёгкіх і не заўсёды варта чакаць, што яе ацэняць як належыць. Увогуле, тэлебачанне - гэта канвеер, дзе кожны чалавек з каманды, якая працуе, напрыклад, над праектам, выконвае сваю задачу. Ты дзейнічаеш паводле прафесійных законаў, але ёсць магчымасць і імправізаваць. Я люблю параўноўваць працу аператара з выразаннем драўляных кубікаў дзіцячай азбукі, дзе літара - гэта карцінка. І мая задача - знайсці столькі карцінак, каб пры мантажы аўтар і рэжысёр маглі складваць патрэбныя "словы". Абмеркаваннем таго, якія карцінкі нам патрэбны, рэжысёр і аператар займаюцца часта проста па дарозе на месца здымак. Рэжысёр ставіць перада мной задачу, а я вырашаю ўжо, як буду над ёй працаваць, калі нашы погляды супадаюць, то дзейнічаем альбо шукаем яшчэ нейкі варыянт.
Калі працуеш на тэлебачанні, то становішся залежным ад патоку навін, кантактаў, цынічным у пэўнай меры, бо бачыш розныя праявы жыцця. Часам стамляешся ад гэтага, але я вось неяк паспрабаваў папрацаваць у офісе - і мяне хапіла толькі на месяц. А тут увесь час нейкі рух.

Яўгенія Сяменчанка, рэдактар, адказная за выпуск праграм "Добрай раніцы, Беларусь", "Дзень у вялікім горадзе", "Тэлераніца" і "Тэлебарометр":
- Калі трэба людзям патлумачыць, чым я займаюся на працы, то кажу, што пішу тэксты, якія агучваюць іншыя. А яшчэ рэдактар у адрозненне ад рэжысёра, напрыклад, адказвае не на пытанне "як", а на пытанне "што"? Што менавіта будзе адбывацца ў кадры, як гэта будзе сфармулявана і агучана, з якім падтэкстам і ў якім парадку выкладзена... Таму для мяне тэлебачанне - гэта вялікая фабрыка, дзе прауюць тысячы людзей, якія аб'ядноўваюць ідэі, словы, карцінкі ў гатовыя праграмы. Працаваць тут мараць многія, уяўляюць сябе на месцы тэлевядучых, а ты гэтае тэлебачанне робіш. Працуеш па 24 гадзіны ў суткі, не адыходзячы ад камп'ютара, у дарозе, ахвяруючы сном, у прамым эфіры, у апошні момант, але робіш, і гэта сапраўдны драйв! Безумоўна, вялікі мінус, які не ўсе прымаюць на тэлебачанні, - гэта ненармаваны працоўны дзень. Бо ты можаш класціся спаць, калі ўсе толькі прачынаюцца, працаваць у святы, у выхадныя, не бачыцца з сябрамі і роднымі, але тэлебачанне патрабуе тваёй прысутнасці тут і цяпер. Нават з улікам таго, што за кадрам можа здарыцца самае неверагоднае, гледачы ўсё роўна атрымаюць сваю праграму і ні пра што не здагадаюцца.

Мікалай Гелін, гукарэжысёр студыі тэлебачання прадстаўніцтва МДТРК "Мір" у Беларусі:
- Гукарэжысёр на тэлебачанні - прафесія на першы погляд незаўважная, бо глядач спачатку бачыць карцінку, а потым ужо чуе гук. І менавіта з дапамогай гукаў малюецца агульная карціна, бо тое, што адсутнічае ў кадры, можна паказаць гукамі, шумам, музыкай, ствараючы патрэбную атмасферу. Наша задача таксама і ў тым, каб добра "гучалі" вядучыя ў кадры, госці той ці іншай праграмы. Зразумела, як і ў любой прафесіі, не абыходзіцца без форс-мажорных сітуацый. Узяць, напрыклад, прамы эфір. З улікам таго, што ўсё адбываецца тут і цяпер, да працы трэба падыходзіць вельмі адказна і быць вельмі засяроджаным на працэсе. Галоўны "сакрэт" - трэба любіць сваю справу і не дапускаць абыякавага стаўлення да яе. Калі казаць пра маё бачанне тэлебачання з пазіцыі чалавека, які знаходзіцца за кадрам, то гэта вялікая сям'я. Тут усё будуецца на чалавечых узаемаадносінах. І толькі добрае стаўленне адно да аднаго можа быць асновай і гарантыяй, што ў выніку ваша праца будзе задавальняць усіх.

Алена ДРАПКО.