З Беларусі госці "Еўрабачання" павязуць цукеркі, валёнкі і... мядзведзяў

22.10.2010
"Звязда", 22 октября 2010 г.


Адзін месяц застаецца да фіналу дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2010". Як сапраўдныя гаспадары, арганізатары на чале з Белтэлерадыёкампаніяй ужо паклапаціліся пра памятныя сувеніры, культурную праграму і пражыванне юных артыстаў. І пакуль сталічныя аўтобусы раз'язджаюць з лагатыпамі конкурсу на борце, а рэжысёры б'юцца над пастаноўкай шоу, вядучыя конкурсу развучваюць 14 (!) розных танцаў... Але гэта далёка не ўсе падрыхтаваныя сюрпрызы.

"Еўрабачанне" адкрые дуэт Ксеніі Сітнік і Аляксандра Рыбака

Пачынаючы з 20 кастрычніка, "Мінск-Арэну" закрыюць для падрыхтоўкі песеннага шоу. За мантаж сцэны дзіцячага "Еўрабачання" адказвае група шведскіх спецыялістаў у складзе 40 чалавек.
- Беларусь называюць "зямлёй пад белымі крыламі" - вось гэта і стане асновай дызайну сцэны, шмат элементаў будуць паўтараць лагатып конкурсу, - гаворыць дызайнер сцэны Ульф Мартэнсан. - У афармленні будуць выкарыстаныя таксама і колеры лагатыпу. У такім жа стылі ўбачым і зялёны пакой.
Сцэна будзе складацца з некалькіх канструкцый - круглых подыумаў, якія па форме нагадаюць крылы, - дзе будуць выступаць артысты і стаяць вядучыя. Плануецца, што трансляцыя будзе весціся з дапамогай 11 камер.
Вядучыя конкурсу Лейла Ісмаілава і Дзяніс Кур'ян, якія самі працуюць над сваім сцэнарыем, павінны будуць развучыць танцы да кожнай з 14 конкурсных песень і выконваць іх падчас гучання песні.
А на ўрачыстым адкрыцці гледачоў чакае неспадзяванка: Ксенія Сітнік заспявае дуэтам з Аляксандрам Рыбаком. "Мы хацелі яшчэ раз паказаць Еўропе двух яркіх пераможцаў. Таму прапанавалі спяваць разам Ксеніі Сітнік (пераможцы дзіцячага "Еўрабачання-2005") і Аляксандру Рыбаку (пераможцу "Еўрабачання-2009"). Паверце, гэта будзе штосьці новае", - адзначаюць арганізатары. Ксенія і Аляксандр выканаюць песню "Hеllо, Еurоvіsіоn!" ("Прывітанне, Еўрабачанне!"). Будучы еўравізійны хіт будзе нагадваць дыялог: Ксенія і Аляксандр урыўкі з песні будуць спяваць па чарзе.

Валанцёры з сярэднім балам 8,5

Для абслугоўвання дзіцячага "Еўрабачання-2010" было адабрана каля паўтысячы студэнтаў-валанцёраў. Адбор праходзіў у розных ВНУ сталіцы, прычым выбраныя студэнты павінны былі адпавядаць неабходным крытэрыям: высокі сярэдні бал (8-8,5) і добрыя рэкамендацыі ад выкладчыкаў. Тыя, хто валодае замежнымі мовамі (у асноўным, студэнты Лінгвістычнага ўніверсітэта), будуць працаваць на найбольш адказных мерапрыемствах - суправаджаць замежныя дэлегацыі і юных артыстаў. Увогуле без валанцёраў не абыдзецца ніводзін конкурсны аб'ект. Праца на інфармацыйных стойках, у дзіцячым пакоі, у "Мінск-Арэне", на бэк-стэйджу. Зараз валанцёры праходзяць інструктаж. Некаторым з іх давядзецца спрабаваць свае сілы і ў якасці гідаў, прэс-аташэ і работнікаў Еўраклуба.

Мая тваю каб разумелі

Падрыхтоўку да прыёму замежных гасцей распачалі не толькі арганізатары конкурсу. Свой план падрыхтоўкі ёсць і ў супрацоўнікаў міліцыі. Супрацоўнікі праваахоўных органаў "Мінск-Арэны" будуць карыстацца спецыяльна распрацаваным 5-моўным размоўнікам. Невялікая ў памерах кніга-слоўнік лёгка змяшчаецца ў кішэні і пры неабходнасці дапаможа паразумецца на англійскай, нямецкай, польскай, французскай і іспанскай мовах.
- Размоўнік быў падрыхтаваны прафесарска-выкладчыцкім складам па замове Міністэрства ўнутраных спраў, - зазначыла загадчык кафедры беларускай і замежных моў Акадэміі МУС Святлана Дзянісава. - Адзін з раздзелаў выдання можа быць карысны для прадстаўнікоў Дзяржаўтаінспекцыі: ён дапаможа размаўляць з іншаземцамі, якія знаходзяцца за рулём. Таксама ў кнігу на ўсякі выпадак дададзеная частка, прысвечаная зносінам у крымінальных сітуацыях.

Валёнкі, вышываныя крыжыкам

Самы хвалюючы момант: што атрымаюць замежнікі ў якасці беларускага сувеніра? Як распавёў карэспандэнту "Звязды" намеснік загадчыка аддзела карпаратыўных праектаў і промамерапрыемстваў Белтэлерадыёкампаніі, галоўны дырэктар продажу і маркетынгу Пётр Садоўскі, у склад беларускіх промапакетаў увойдуць жоўтыя цацачныя мядзведзі, дэкаратыўныя валёнкі і сувенірныя гліняныя гаршчочкі з цукеркамі.
- Першапачаткова ў нас была ідэя зрабіць цацку зубра, - гаворыць Пётр Садоўскі. - Зубр - як сімвал Беларусі. Але пасля ад гэтай ідэі вырашылі адмовіцца: не ўсе ў Еўропе разумеюць, што гэта за звер, часта блытаючы яго з быком. Таму мы спыніліся на цацачных мядзведзях. Мядзведзь - гэта найбольш пазітыўны для дзяцей персанаж.
Адмысловыя валёнкі выраблялі на Смілавіцкай валяльна-лямцавай фабрыцы. Лагатып конкурсу - вясёлкавыя крылы - наносілі на валёнкі ўручную, вышываючы крыжыкам. Зараз ужо падрыхтавана 150 пар абутку. Валёнкі ўяўляюць сабой дэкаратыўны абутак 23-памеру, не прыстасаваны для носкі.
Адмысловыя гліняныя гаршчочкі выраблялі ў Івянцы майстры тамтэйшага цэнтра ганчарнага рамяства. Прычым самі гаршчочкі - прыкладныя і шматфункцыянальныя, з іх нават можна піць гарбату. У гаршчочках будуць шакаладныя цукеркі фабрыкі "Іўкон". Рэцэпт цукерак распрацоўвала адмысловая група экспертаў-кандытараў.
Як зазначыў Пётр Садоўскі, цукеркі, цацачныя мядзведзі і дэкаратыўныя валёнкі ў гандлёвую сетку, на жаль, не паступяць. Між іншым, усё гэта можна будзе набыць у "Мінск-Арэне" напярэдадні конкурсу. Дадаткова прыхільнікам "Еўрабачання" будуць прапанаваныя і іншыя сувеніры: сумкі з ільну, байкі, заплечнікі, алоўкі, ручкі, канверты, музычныя дыскі, шалікі і рукавіцы. Усе прадметы - з лагатыпам конкурсу.

А тым часам

Беларус Данііл Казлоў на сцэну "Мінск-Арэны" выйдзе пад нумарам 12. Парадкавы нумар прадстаўніка Беларусі быў вызначаны жараб'ёўкай. Краіны, якія выступяць пад нумарам 1 і нумарам 14, жараб'ёўкай вызначылі журналісты - гэта Літва і Македонія адпаведна. Астатнія канкурсанты былі раздзеленыя на групы А і В. Тыя, якія трапілі ў групу А, выступяць у першай палове канцэрта, у групу В - у другой. Парадак выступлення ў гэтых групах арганізатары вызначалі з улікам пажаданняў рэжысёра шоу, зыходзячы з накіраванасці кампазіцый.

Такім чынам выступленне канкурсантаў будзе выглядаць так:

1. Літва - Ноюс Барташка ("Окі-докі").
2. Малдова - Штэфанел Рашкаван ("Алі-Баба").
3. Нідэрланды - дуэт Ганны і Сенны ("Мая сям'я").
4. Сербія - Соня Шкорыч ("Зорная ноч").
5. Украіна - Юлія Гурская ("Мой самалёт").
6. Швецыя - Джазэфін Рыдэл ("Усё, што я хачу").
7. Расія - дуэт Сашы Лазіна і Лізы Дрозд ("Хлопчык і дзяўчынка").
8. Латвія - Шарлоттэ Лэнман ("Vіvа Lа Dаnсе").
9. Бельгія - дуэт Джыль і Лаўрэн ("Будзь рашучым!").
10. Арменія - Уладзімір Арзуманян ("Мама").
11. Мальта - Ніколь Аццапардзі ("Knосk Knосk! Bооm! Bооm!").
12. Беларусь - Данііл Казлоў ("Музыкі свет").
13. Грузія - Марыям Кахелішвілі ("Мары-Дары").
14. Македонія - Аня Вецерава ("Еооо, Еооо"). 

Ілья ЛАПАТО.