З першым эфірам!

11.09.2015

"Звязда"

Магілёў стартаваў на тэлеканале "Беларусь 4".

Ініцыятыва Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі па стварэнні рэгіянальнага тэлеканала "Беларусь 4", дзе будуць вяшчаць усе абласныя тэлецэнтры, была падтрымана Міністэрствам інфармацыі - і вось першы вынік. У Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў пачаў вяшчанне тэлеканал "Беларусь 4. Магілёў". А палове сёмай раніцы прагучаў нацыянальны гімн, пасля якога ў прамы эфір выйшла перадача "Ранехонько".

- З’явілася магутная пляцоўка для паляпшэнне інфармавання насельніцтва Магілёўшчыны, - адзначыў старшыня "Белтэлерадыёкампаніі" Генадзь Давыдзька. - Рэгіянальнае тэлебачанне павінна гаварыць на тыя тэмы і адлюстроўваць тыя праблемы, якія хвалююць людзей на месцах.

Усяго ў вяшчальнай сетцы новага тэлеканала звыш 20 праектаў уласнай вытворчасці. Для самых маленькіх на "Беларусь 4. Магілёў" будзе ісці вячэрняя казка з дэманстрацыяй дзіцячых малюнкаў, дасланых у студыю. Жыхарам вобласці прадставіцца магчымасць не толькі пачуць мясцовыя навіны, але і прагноз надвор’я непасрэдна таго раёна, дзе яны жывуць. Абяцае стаць папулярнай праграма "Дзённы часопіс", дзе ў якасці суразмоўцаў выступяць кампетэнтныя спецыялісты ў розных галінах. У гледачоў будзе магчымасць патэлефанаваць у студыю і пачуць адказ на сваё пытанне ў прамым эфіры. Акрамя таго, "Беларусь 4. Магілёў" плануе паказаць з паветра ўсе райцэнтры вобласці, іх асноўныя архітэктурныя і прыродныя славутасці. У перспектыве - тэлевізійныя трансляцыі тэатральных пастановак, важных масавых мерапрыемстваў.

- Варта адзначыць, што ў нас ёсць добры вопыт працы, - адзначыла кіраўнік "Тэлерадыёкампаніі "Магілёў" Ірына Акуловіч. - У кастрычніку 1997 года ў эфір выйшаў тэлеканал "Магілёў 1" з аб’ёмам вяшчання 14 гадзін у суткі. Ён існаваў 6 гадоў. Але потым працяглы час мы вяшчалі на тэлеканале "Беларусь 2" невялікімі адрэзкамі часу раніцай і ўвечары і па замове канала "Беларусь 1" распаўсюджвалі свой кантэнт на ўсю краіну. Цяпер у нас з’явілася добрая магчымасць выходзіць у эфір з раніцы і да позняга вечара.

Нэлі ЗІГУЛЯ.