Юрый Ярошык: "Я эканомлю час сваёй глядацкай аўдыторыі"

15.03.2013
"Звязда", 15 сакавіка 2013 г.


Імя Юрыя Ярошыка на слыху ў тых, што мае дачыненне да кіно. Прычым калі некаму ён вядомы як малады рэжысёр, то ёсць яшчэ і тыя, для каго ён - гід у прасторы навінак кінапракату. Юрый вывучаў рэжысуру ў Акадэміі мастацтваў, але па волі лёсу апынуўся на тэлебачанні. Кожную сераду ён сустракаецца з гледачамі ў праграме "Раскадроўка", але не перастае шукаць і рэалізоўваць сябе і ў іншых праектах.

- Юра, ты належыш да плеяды маладых вядучых тэлеканала. Як адчуваеш сябе ў калектыве?
- Калектыў у нас цудоўны. У аддзеле спецпраектаў няма чалавека, якому было б больш за 30 гадоў. Сабралася каманда маладых людзей. Я нават, здаецца, самы малодшы. Усе "свежыя", крэатыўныя. Зялёныя, у добрым сэнсе слова, бо вока яшчэ не замылілася. І ад працы не паспелі стаміцца.

- Якім шляхам ты трапіў на тэлебачанне?
- Калі праходзіў конкурс "Зорка ўзышла над Беларуссю", мы там удзельнічалі з ролікам сацыяльнай рэкламы. У журы сядзеў мой былы начальнік Сяргей Рыбакоў. Ён і запрасіў прыйсці і паспрабаваць сябе на тэлебачанні. Цэлае лета я адпрацаваў проста так. Але ўжо тады мне давяралі шмат адказных рэчаў, хоць на той час я яшчэ быў студэнтам. Потым летам дазволілі здымаць ролікі да "Еўрабачання".

- А як узнікла ідэя праекта "Раскадроўка"?
- Гэта адбылося, калі мяне запрасіў да сябе дырэктар АТН Кірыл Казакоў. А я якраз сабраўся прапанаваць яму некалькі сваіх ідэй. Маўляў, вось такія ролікі можна зняць і такую перадачу зрабіць. Кірыл Уладзіміравіч выслухаў мяне, а потым кажа: "Давай, Юра, спрабуй паціху свае сілы". Прыдумаў пад сябе праект і пачаў здымаць.

- Праглядзела некаторыя выпускі "Раскадроўкі" і задумалася: ці не хацелася б табе рабіць нешта больш сур'ёзнае?
- Я скажу так: калі разглядаць працу ў кадры, то гэта добрая магчымасць кожны тыдзень з'яўляцца на экране. І фармат у праграмы свабодны, што дазваляе спакойна жартаваць і гаварыць зразумелай мовай. Пры гэтым ты яшчэ і запамінаешся гледачу. А потым, калі чалавек, якога ведаюць у твар, з'явіцца ў больш маштабным праекце, гледачу яго будзе лягчэй успрымаць. "Раскадроўка" для мяне - перш за ўсё школа і магчымасць свабодна выказвацца.

- Табе не падаецца, што жарты і заўвагі, якія ты агучваеш у адрас таго ці іншага фільма, вельмі павярхоўныя? Ці гэта таксама дыктуе фармат?
- Лічу, што калі расказваць усё проста, то не будзе і інтарэсу да прадмета размовы. Калі хочацца крытыкаваць вядучага, то гэта таксама цудоўна. Гэта адрознівае аўтарскі праект ад выпуску тых жа навін, дзе проста выкладаюцца факты. А тут фармат дазваляе выказаць сваё бачанне. І тое, што мой пункт гледжання выклікае эмоцыі, незалежна ад таго, станоўчыя яны ці адмоўныя, - гэта цудоўна. Прывяду самы просты прыклад. Еду неяк на таксі. Вадзіцель паварочваецца да мяне і цікавіцца: "Вы праўда лічыце, што "Брыгада. Нашчадак" - дрэнны фільм? Мы з сябрамі паглядзелі, і нам спадабалася".

- Маё асабістае меркаванне, што калі я пагляджу тваю праграму, то атрымаю тую ж інфармацыю, якую магу знайсці на афішы ў інтэрнэце ці паглядзеўшы трэйлер будучай карціны. Чаму глядач павінен аддаць перавагу "Раскадроўцы"?
- Чалавек, які глядзіць тэлевізар, не будзе шукаць інфармацыю, якую ўжо мае, у інтэрнэце. І наадварот. Калі перадача толькі з'явілася, было шмат негатыўных водгукаў. А з часам я пачаў чуць: "Слухай, а гэта вельмі зручна. Паглядзеў і хутка дазнаўся пра тое, што мне трэба". Як ні дзіўна, але на чытанне аднаго артыкула часам затрачваецца хвілін 15, а я ўсё прачытваю і праглядаю, адбіраю самае цікавае і тым самым эканомлю час сваёй глядацкай аўдыторыі.

- А як ацэньваеш рэпертуар, які кінатэатры прапануюць сваім наведвальнікам?
- Па маіх назіраннях, кожны тыдзень выходзіць тры новыя фільмы. Адзін для масавага гледача - блокбастар, напрыклад, "Моцны арэшак". Другі для аўдыторыі пасля 30-40, якая выбірае, скажам так, цікавае кіно. Нядаўна з такіх быў фільм "Хічкок". І трэці - для сямейнага прагляду, камедыі ці мультфільмы. Пляцовак у нас не хапае. У нас ёсць два кінатэатры "Цэнтральны" і "Дом кіно", якія ахопліваюць большасць навінак. Але ўзнікае праблема з тым, што сеансаў мала, а білеты дорага каштуюць. Попыт ёсць, але даводзіцца часцей за ўсё глядзець кіно дома.

- А сам ты часта кінатэатр наведваеш?
- Два разы на тыдзень. Мне запомнілася выказванне Аляксандра Сакурава, які неяк сказаў, што "рэжысёр - гэта забойца нашага часу". Бо калі ты ідзеш на дрэнны фільм, то страчваеш дзве гадзіны свайго часу, якія мог бы правесці з каханым чалавекам ці за чытаннем цікавай кнігі. Выбар фільма заўсёды залежыць ад мэты. Калі я хачу адпачыць, то магу пайсці і на нейкі блокбастар, дзе проста адключаеш мозг, глядзіш на яркую карцінку і не думаеш пра змест.

- Ходзіш часцей адзін ці ў кампаніі любімай дзяўчыны?
- Схадзіць у кіно аднаму для мяне абсалютна нармальная сітуацыя. Але, як казалі мы ў віншавальным выпуску да 8 Сакавіка: "Дарагія жанчыны, дзякуй вам, што даяце нам нагоду схадзіць у кіно". Мая дзяўчына не выключэнне. І часта складае мне кампанію.

- Скажы, а ў цябе ёсць амбіцыі наконт вялікага кіно?
- У свой час я абмяжоўваўся малымі жанрамі. Мне падабалася здымаць кліпы, нейкія ролікі. А вялікае кіно - гэта вялікі бюджэт. Прычым кошт сапраўднага якаснага кіно можа быць розным. У Беларусі такі фільм каштуе каля ста тысяч долараў, а ў Расіі самы звычайны фільм, як напрыклад, "Піцер FM", зняць зможаце за мільён. І гэта без спецэфектаў! Лічу, што варта рэальна глядзець на рэчы і ацэньваць свае магчымасці.

- А ёсць знакамітыя рэжысёры, на якіх хацелася б раўняцца?
- Сярод такіх заўсёды быў Раман Паланскі. Бо ён смелы ў тым, што робіць. Зараз яшчэ падабаецца Уэс Андэрсан. Яго фільм "Каралеўства поўнага месяца" нагадвае размалёўку. Да кожнага кадра ён падыходзіць так, нібы расфарбоўвае яго ўручную. Гай Рычы... Вельмі шкада, што "Адрынутыя" Тома Хупера не трапілі ў цэль.

- Ці ўласціва табе вучыцца нечаму ў кінагерояў?
- Насамрэч я вельмі эмацыянальна ўспрымаю часам тое, што бачу на экране. Мы вось хадзілі з дзяўчынай на "Адрынутых". Пасля паказу я запытаўся, ці плакала яна? Эмоцыі - гэта самае лепшае, што можна пачарпнуць у кіно. Але не варта жыццё падмяняць кадрамі з фільмаў. Бо кіно - гэта карцінка, а жыццё больш яскравае. Жыццё можна параўнаць, напрыклад, з кавай: убачыўшы яе выяву на карцінцы, ты ніколі не адчуеш сапраўдны смак.

- На экране ты джэнтльмен у касцюме, а ў жыцці якога стылю прытрымліваешся?
- Тата вучыў руку падаваць і дзверы адчыняць дзяўчатам. А наконт адзення, лічу, што нішто не пасуе мужчыне так, як касцюм. Рэжысёры звычайна як выглядаюць? Джынсы, світар, бо так зручна. А я тры гады хадзіў у касцюме. У выніку мне даверылі рабіць свой праект. Значыць, стыль працуе?

- А якім бачыш сябе праз некалькі гадоў?
- У жоўтым світары і джынсах (смяецца). Калі сур'ёзна, то наперад не загадваю. Магчыма, праз гадоў пяць у мяне ўжо будзе сям'я. А пакуль што хочацца расці і ў іпастасі вядучага, і як рэжысёру. А там, можа, стану вядучым рэжысёрам ці вядучым, які рэжысіруе. Трэба проста брацца за справу і працаваць на вынік.

Алена ДРАПКО.