Юрый Леднік: "Мне ўласціва не зайздрасць, а імкненне да канкурэнцыі..."

30.01.2013
"Звязда", 30 студзеня 2013 г.

 
Медыяперсона

Калі само жыццё падкідвае вам ідэю заваяваць новыя гарызонты, то чаму б ёю не скарыстацца? Юрый Леднік на ўласным прыкладзе даказаў, што нават рэзкія павароты лёсу бываюць да лепшага. Галоўнае, каб новая справа была стымулам для самаўдасканалення. Сёння ён з'яўляецца намеснікам галоўнага дырэктара Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі, а, здавалася б, яшчэ ўчора Юрый проста дзеля цікавасці зазірнуў на кастынг, дзе набіралі вядучых. З таго часу навіны - стыль яго жыцця. Відаць, калі бярэшся за нейкую справу і хочаш рабіць яе якасна, то інакш немагчыма...

- Юрый, як вы трапілі на тэлебачанне?
- Гэта было ў 2003 годзе. Неяк я ўбачыў аб'яву пра кастынг і вырашыў паспрабаваць. Тады адабралі многіх. Мне сказалі, што мая славянская знешнасць і ўсмешка ім падабаецца. Паабяцалі ператэлефанаваць. Гэта было напрыканцы лютага-пачатку сакавіка. Тады я ўспрыняў гэта проста як падзею, якая мела месца быць... А ў маі мне патэлефанавалі. Я прайшоў курсы вядучых і "заразіўся" тэлебачаннем. У верасні быў прыняты на працу вядучым праграмы "Пастскрыптум". Пісаў тэксты, выязджаў на здымкі. Асвойваў усё з самых азоў.

- Атрымліваецца, што прайшлі шлях ад вядучага да кіраўніка. Калі зараз азірнуцца - якія этапы былі самымі складанымі?
- Дрэнны той салдат, які не марыць быць генералам. Я не магу сказаць, што нейкі этап быў складаным, бо гэта праца. Калі ты робіш яе добра, то абавязкова нечаму вучышся, набіраешся вопыту. І гэта дазваляе расці.
Я прыйшоў працаваць і імкнуўся ўдасканальвацца. У мяне не бывае такога, каб я сказаў: гэтага зрабіць не магу і таму сыходжу. Калі ёсць мэта і разуменне, што нейкую справу ты можаш рабіць добра і варты яе, то нельга адступаць.

- Калі прыадкрыць закуліссе тэлевізійнай кухні - якое яно?
- Цікавае. Каб тэлебачанне было цікавым, трэба зрабіць яго такім. Не проста суха падаць тую ці іншую інфармацыю, а знайсці навіну, якая будзе цікавай не толькі табе аднаму, але і іншым. Бо ў любым сюжэце, у любым матэрыяле ёсць аспекты, якія хвалююць тваіх гледачоў. І калі на гэтым зрабіць акцэнты і правільна паднесці, то на навіну звернуць увагу і яе запомняць.

- Вы таксама былі вядучым...
- Са свайго вопыту магу сказаць, што асаблівых сакрэтаў не меў. Важна проста быць адкрытым. Бо ў камеры магічны позірк. Калі ты хлусіш ці нешта ўтойваеш, то гэта абавязкова заўважаць. Варта быць шчырым і аб'ектыўным, каб данесці людзям свае думкі і быць пачутым імі.

- Ці арыентуецеся вы на густы аўдыторыі?
- Трэба разумець, што мы маем справу з навінамі. Мы проста інфармуем нашых гледачоў і імкнёмся рабіць гэта добра.

- Якія з праектаў вы б аднеслі да ўзору ТБ-журналістыкі?
- Я адзначыў бы такія, як "Нашы". Мы паказваем у ім звычайных людзей, якія вартыя таго, каб быць заўважанымі. Напрыклад, як наш трэці беларускі касманаўт Алег Навіцкі. Ці той жа Яўген Літвінковіч, якому не ўдалося знайсці прызнанне ў нашых прадзюсараў, але ён гучна заявіў пра сябе на ўкраінскіх тэлешоу... З гэтага ж шэрагу таксама праграмы "Клуб рэдактараў", "Журналісцкае расследаванне" і "Актуальнае інтэрв'ю". Усе гэтыя праекты цікавыя, яны маюць сваю нішу і развіваюцца на нашых вачах.

- Ці ўласцівая вам прафесійная зайздрасць да калег з іншых каналаў ці краін?
- Не зайздрасць, а імкненне да канкурэнцыі. Я добра ўсведамляю, што, каб прыцягнуць аўдыторыю і ўтрымліваць яе, трэба імкнуцца быць больш цікавым, чым твае калегі па цэху. Кожны канал бярэ нечым сваім: НТБ, напрыклад, серыяламі, Бі-Бі-Сі - навінамі. Мы ж стараемся адпавядаць нашым рэаліям.

- Што глядзіце самі, калі прыходзіце дадому?
- Навіны. Бо, як казаў адзін чалавек, спачатку табе цікава, потым гэта зацягвае, а з часам ты не можаш без гэтага жыць. Я адпачываю ад працы, але мне заўсёды цікава, што пакажуць у навінах. Нават калі прагляд "фонавы". З іншага боку, у паняцце "навіна" можна ўкладваць розны сэнс. Таму я магу паглядзець фільм, даведацца з яго нешта новае, і гэта будзе для мяне навіной.

- Ад чаго, на ваш погляд, залежыць атмасфера ў калектыве?
- Мабыць, ад кіраўніка і ад калектыву ў роўнай ступені. Калі ёсць давер адзін да аднаго і адчуванне, што цябе падтрымаюць у любой сітуацыі. Тады каманда працуе, як зладжаны механізм. Да людзей трэба знайсці падыход. Як той казаў, не бывае дрэннага кіраўніка, бываюць проста непапулярныя кіраўніцкія рашэнні. Важны момант - уменне вырашаць спрэчныя пытанні і адстойваць інтарэсы свае і сваіх супрацоўнікаў.

- Вам камфортна ў ролі кіраўніка?
- Шчыра кажучы, я яшчэ не зразумеў. Мне аказалі давер, і я буду старацца яго апраўдаць.

- А якім трэба быць, калі займаеш кіруючую пасаду?
- Прымаючы нейкае важнае рашэнне, заўсёды бяру прыклад са свайго кіраўніка - абавязкова разглядаю розныя пункты гледжання. Лічу правільным спачатку абмеркаваць пытанне, а ўжо потым прымаць рашэнні. Шукаць, разглядаць розныя варыянты - правіла нашага калектыву. Але калі рашэнне знойдзена, то мы яго рэалізуем.

- Тэлебачанне ўнесла карэктывы ў вашы жыццёвыя прыярытэты?
- Я стараюся, каб у маім жыцці была не толькі праца. Мне важна ўдзяляць час сваёй сям'і, каб мае блізкія бачылі мяне дома. Трэба захоўваць разумны баланс. Маё кіраўніцтва разумее, што, акрамя працы, ёсць яшчэ і сям'я, якая патрабуе майго непасрэднага ўдзелу.

Алена ДРАПКО.