Юбiлейны "базар" - самы "зорны"

16.05.2006
"Звязда", 16 мая 2006 г.


Сёлета мiжнародны фестываль мастацтваў "Славянскi базар у Вiцебску" пройдзе з 7 па 14 лiпеня. Арганiзатары абяцаюць, што 15-ы юбiлейны "базар" стане рэкардсменам па колькасцi "зорак" у розных жанрах.
А колькi, усё-такi, каштуе "базарнае задавальненне"? - традыцыйнае пытанне журналiстаў. Нядаўна вiцэ-прэм’ер беларускага ўрада Аляксандр Косiнец падчас сваёй камандзiроўкi ў Вiцебск задаволiў рэпарцёраў канкрэтным адказам на "фiнансавае пытанне". Паводле яго слоў, агульны каштарыс фестывалю - больш як 3 мiльярды 165 мiльёнаў рублёў.
Пры гэтым толькi на продажы бiлетаў на канцэрты дырэкцыя плануе зарабiць прыкладна 1,5 мiльярда. Дарэчы, арганiзатары ўпэўнены, што "базар" павiнен навучыцца акупляць вялiкiя дзяржаўныя выдаткi на яго правядзенне, а яшчэ лепш прыносiць прыбытак. Неабходна, каб так было! Гэтаму трэба павучыцца ў прадзюсараў большасцi замежных камерцыйных фестываляў. Чаму калi адыходзiць у гiсторыю чарговы фестывальны тыдзень, фактычна "Славянскi базар у Вiцебску" не зарабляе грошай? Чаму няма ў Вiцебску, напрыклад, рэстарана з такой назвай? Чаму побач з галоўнай канцэртнай пляцоўкай фестывалю - Летнiм амфiтэатрам няма сучасных добраўпарадкаваных зон адпачынку з усёй неабходнай iнфраструктурай? А чаму на радзiме "базару" няма "фестывальнага" музея? Усе гэтыя праекты, безумоўна, трэба рэалiзаваць! I адпаведныя iдэi ў кiраўнiцтва гарадскiх уладаў ужо ёсць.
Ёсць прыкмета ў гараджан: калi за некалькi месяцаў да пачатку фестывалю ў амфiтэатры пачынаюць мiтусiцца рабочыя, значыць хутка быць маштабнаму святу. Цяпер трэба ўзмацнiць металiчную арку даху над сцэнай, памяняць у 4 сектарах гэтай вялiкай глядзельнай залы пад адкрытым небам драўляныя лаўкi для гледачоў на новыя пластыкавыя крэслы.
Усяго падчас юбiлейнага фестывалю адбудуцца больш як 90 канцэртаў, шоу. Беларусi падараць сваё мастацтва каля 4,5 тысячы артыстаў. Упершыню ў "базары" возьмуць удзел творчыя людзi з Аргенцiны, Кубы, Кiпра. Як i раней, пройдуць эстрадныя конкурсы маладых выканаўцаў i сярод юных талентаў. Дарэчы, у фестывальны Вiцебск запросяць усiх пераможцаў першага з названых конкурсаў. Нагадаю, што ў розныя гады гран-пры атрымалi Таiсiя Павалiй - зараз народная артыстка Украiны, яе зямлячка - пераможца Еўрабачання Руслана Лыжэчка, Фiлiп Жмахер з Югаславii, Максiм Сапацькоў i iншыя беларускiя (i не толькi) "новыя зоркi". Усе яны дадуць канцэрт. Сёлета журы дарослага конкурсу будзе ўзначальваць народны артыст Беларусi Анатоль Ярмоленка, а дзiцячага - Ядвiга Паплаўская.
У вiцебскай фiлармонii, што летась адкрылася пасля капiтальнага рамонту, пройдуць вечары для "выбранай" публiкi. Традыцыйна гледачоў чакаюць кiна- i тэатральная праграма, рамеснiкi з "Горада майстроў", што будзе ўвесь фестывальны тыдзень працаваць на вулiцах горада. Па традыцыi многае з усяго гэтага можна будзе ўбачыць па беларускiх тэлеканалах. Першы нацыянальны ў прамым эфiры пакажа галоўныя фестывальныя прадстаўленнi, а "РТР" - у запiсе на наступны дзень, а таксама "Дзённiкi фестывалю". Будуць працаваць на фестывалi i журналiсты з рэгiянальных расiйскiх тэлекампанiй. А ўсяго плануецца акрэдытаваць 120 "пiшучых" i "здымаючых".
Далi згоду выступiць з сольнымi канцэртамi Ала Пугачова, Валерый Меладзе, Фiлiп Кiркораў, Крысцiна Арбакайтэ, Мiкалай Баскаў i Таiсiя Павалiй...

Аляксандр ПУКШАНСКI.