Ёсць кім ганарыцца!

09.01.2016

"Звязда"

12 студзеня ў 22.00 тэлеканал "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24" пакажуць цырымонію ўручэння прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне", а таксама спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і спецыяльных прэмій "Беларускі спартыўны Алімп".

Рашэннем кіраўніка дзяржавы па выніках 2015-га прысуджана пяць прэмій "За духоўнае адраджэнне". Імі адзначаны аўтарскія і працоўныя калектывы за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.

Сярод лаўрэатаў гэтай высокай узнагароды - аўтарскі калектыў у складзе пазаштатнага супрацоўніка галоўнай дырэкцыі міжнароднага вяшчання Беларускага радыё (Радыё "Беларусь") Алены Харашэвіч і прафесара кафедры крымінальна-выканаўчага права Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Анатоля Шаркова. Іх намаганнямі была створана кніга-рэквіем "Жыць і памятаць", у якой абагульнены вынікі працы па вызначэнні і вывучэнні месцаў пахавання беларусаў - абаронцаў Айчыны ў розных кутках Еўропы.

Па выніках працы за 2015-ты таксама прысуджана дзесяць спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Імі адзначылі дзеячаў культуры і мастацтва, навукі, педагогаў, аўтарскія калектывы, установы культуры за значныя дасягненні ў галіне выяўленчага і тэатральнага мастацтва, аматарскай творчасці, музейнай справы, выхавання моладзі.

Сярод лаўрэатаў - і аўтарскі калектыў Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі ў складзе карэспандэнта спецыяльнага аддзела навін культуры Наталлі Бардзілоўскай, галоўнага рэжысёра Алега Даўгаполава і загадчыка аддзела навін культуры Міхаіла Равуцкага, якія адзначаны за стварэнне гісторыка-дакументальнага серыяла "Яны спявалі за Радзіму" і іншыя праекты, накіраваныя на патрыятычнае выхаванне моладзі.Дарэчы, для творчага калектыву аддзела навін культуры АТН гэта не першая высокая ацэнка іх работы. Таксама прыемна адзначыць, што журналісты Белтэлерадыёкампаніі традыцыйна атрымліваюць узнагароды.