Ён, яна, яны: хто паедзе на "Еўрабачанне-2013"?

07.12.2012
"Звязда", 7 снежня 2012 г.


Адказ на гэтае пытанне мы атрымаем ужо праз некалькі гадзін: сёння ўвечары ў Белтэлерадыёкампаніі пройдзе фінал нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага конкурсу "Еўрабачанне". Пераможца будзе вызначаны паводле традыцыйнай схемы 50/50 - суме балаў галасавання тэлегледачоў і ацэнак журы.
Напярэдадні фінальнага шоу адбылося лёсаванне ўдзельнікаў - выканаўцы па алфавіце выцягвалі паперкі з парадкавымі нумарамі выступленняў.
Першым выпрабоўваў лёс баяніст Віталь Варанко, які і выцягнуў, да палёгкі астатніх канкурсантаў, нумар 1. Усе заўсміхаліся, разняволіліся і лёсаванне пайшло лягчэй. Мяркуючы па выразе твару, чымсьці не задаволіў Алену Ланскую выцягнуты нумар 3. Затое Стасу Сацуру, які да пачатку працэдуры расказаў, што хацеў бы атрымаць нумар 1 або 10, дастаўся менавіта 10-ты, чым спявак быў вельмі задаволены. Не ўтойваў радасці і Uzаrі, якому выпала цягнуць жэрабя апошнім: сапернікі пакінулі яму нумар 7. "Я проста шчаслівы, што трапіў у другую палову канцэрта, а галоўнае, што не нумар 8", - прызнаўся артыст, якога на ўсіх папярэдніх конкурсах праследавала васьмёрка.

Такім чынам, на сцэну кандыдаты на "Еўрабачанне-2013" выйдуць у наступным парадку:

1. Віталь Варанко ("І wоndеr hоw уоu");
2. Макс Лорэнс ("І lоvе уоur сhаrmіng еуеs");
3. Алена Ланская ("Rhуthm оf Lоvе");
4. Яnkеу ("Lеttеr tо Mоthеr");
5. Гурт Bеаvеr Bаnd ("Іnсrеdіblе Gіrl");
6. Дарыя ("Саtсh Mе Аgаіn");
7. Uzаrі ("Sесrеt");
8. Аляксей Грос ("Оnе Wау Lоvе");
9. Гурт Nutеkі ("Sаvе mе");
10. Стас Сацура ("Gеt оut оf mу wау").

Прагаласаваць за найбольш годнага, на ваш погляд, кандыдата, можна будзе цягам 10 хвілін пасля выступлення апошняга ўдзельніка з дапамогай званка (на нумар 8-803-100-03-ХХ, дзе ХХ - парадкавы нумар артыста) альбо SMS-паведамлення (на кароткі нумар 7711). Тэлефанаванне са стацыянарных тэлефонаў бясплатнае, з мабільных - паводле тарыфаў аператараў. Што да SMS-паведамленняў, то самымі дарагімі яны будуць для абанентаў Vеlсоm - 4100 рублёў, крыху таннейшымі для абанентаў МТС і Lіfе:) - 3500 рублёў.
Дарэчы, акрамя галоўнага прыза - права прадстаўляць нашу краіну на "Еўрабачанні-2013", што пройдзе налета ў Мальмё (Швецыя), пераможца атрымае ад арганізатараў узнагароду - сімвал "Еўрабачання", стылізаванае шкляное сэрца.
Падтрымаюць удзельнікаў фіналу сваёй прысутнасцю і выступленнямі беларускія дэбютанты "Еўрабачання" - дуэт "Аляксандра і Канстанцін", ветэран нацыянальных адбораў спявачка Гюнеш і ўладальнік пакуль што лепшага выніку беларусаў на конкурсе Дзмітрый Калдун.

Між тым

Сярод "ранніх пташак", якія назавуць сваіх прадстаўнікоў на конкурсе яшчэ сёлета, - Нідэрланды (17 кастрычніка), Албанія (22 снежня), Бельгія (16 снежня), Украіна (23 снежня) і Швейцарыя(15 снежня).
Першая партыя квіткоў на "Еўрабачанне-2013" паступіла ў продаж 10 дзён таму і была раскуплена цягам 22 хвілін. Дарэчы, самыя танныя квіткі каштуюць 10 еўра, а самыя дарагія - крыху больш за 200. 
Конкурс 2013 года можа ўвайсці ў гісторыю з найменшай колькасцю ўдзельнікаў. Польшча (другі год запар), Партугалія і Славакія ўжо адмовіліся ад удзелу ў конкурсе паводле фінансавых прычын; ходзяць чуткі, што на чарзе таксама Кіпр і Румынія.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.