Японская эмансіпацыя… на беларускай мове!

13.02.2015

"Звязда", 13 февраля 2015 г.

Яшчэ ў мінулым годзе ў нашай краіне адбыўся шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных знакавай даце ў гісторыі беларуска-японскіх стасункаў - 200-м угодкам з дня нараджэння беларуса Іосіфа Гашкевіча, які стаў першым консулам Расійскай імперыі ў Японіі, а таксама аўтарам першага ў свеце японска-рускага слоўніка. Сёлета сумесныя праекты атрымалі працяг: на культуралагічным канале "Беларусь 3"стартаваў прэм’ерны паказ японскай мастацкай шматсерыйнай стужкі «Гваздзік». Фільм, які, дарэчы, заснаваны на рэальных падзеях, спецыяльна па замове тэлеканала дубліраваны па-беларуску.

Як адзначыў пасол Японіі ў Рэспубліцы Беларусь Сігэхіра Міморы, гэта першая тэлевізійная праграма японскай вытворчасці ў беларускім эфіры. "Чалавечыя пачуцці - агульныя для ўсіх народаў, таму я перакананы, што фільм "Гваздзік" спадабаецца і вашым гледачам", - адзначыў пасол.

Мастацкі фільм распавядае пра жыццё Аякі Касіны (у серыяле Ітока Ахара) - жанчыны-дызайнера, піянера ў свеце японскай моды, маці трох дачок, якія пазней таксама сталі знакамітымі ў названай сферы. Гэта незвычайная жанчына нарадзілася ў Краіне Узыходзячага Сонца напачатку мінулага стагоддзя, у тыя часы, калі японскія жанчыны былі вельмі абмежаваныя ў выбары магчымай дзейнасці. Але гераіня змагла разбурыць сістэму, пабудаваць сваё жыццё па ўласным сцэнары і дасягнуць поспеху…

У Японіі серыял «Гваздзік» упершыню быў паказаны ў кастрычніку 2011 - сакавіку 2012 гг. і стаў, паводле рэйтынгаў, вельмі папулярным у гледачоў.

Беларускія гледачы могуць сачыць за перыпетыямі серыяла ў дзённым эфіры па буднях, з панядзелка да пятніцы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.