Яны сапраўды могуць!

08.05.2015

"Звязда"

Таленавітыя ў пройгрышы не застаюцца ніколі

Галоўная інтрыга маштабнага праекта Белтэлерадыёкампаніі - народнага шоу "Я магу" - вырашылася напрыканцы мінулага тыдня. У прамым эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24" тэлегледачы змаглі ўбачыць выступленні 24 канкурсантаў, а потым прагаласаваць за сваіх фаварытаў. Пераможцам стаў танцавальны калектыў ІNFІNІTY з Віцебска. Менавіта гэтай камандзе дастаўся аўтамабіль GEELY EX7 і грашовы прыз.

Найлепшага ўдзельніка шоу гледачы выбралі ў ходзе закрытага галасавання пасля прагляду творчых нумароў. Назіраць на працягу больш чым чатырох гадзін за выступленнямі кожнага змаглі і журналісты, якія разам з фіналістамі глядзелі тэлетрансляцыю і рабілі свае стаўкі. Аднак за кадрам у той вечар было не менш адкрыццяў і эмоцый, чым на экранах…

…Да пачатку выхаду шоу ў эфір застаюцца лічаныя хвіліны. Нехта настройваецца псіхалагічна, іншыя размінаюць мышцы ў шпагаце… Дух спаборніцтва сярод удзельнікаў амаль не адчуваецца: кожнага канкурсанта, які вяртаецца са сцэны, сустракаюць такімі апладысментамі, быццам усе "хварэюць" толькі за яго.

На працягу васьмі месяцаў беларусы ва ўсіх рэгіёнах краіны жылі праектам разам з удзельнікамі, падтрымлівалі лепшых сваімі галасамі ў кожным паўфінале. Таму ў фінале, карыстаючыся магчымасцю, захацелася даведацца пра эмоцыі і перажыванні ў саміх канкурсантаў. Пакуль на сцэне паказвала свой талент студыя сучаснага танца ANANKO DANCE SCHOOL з Баранавіч, вырашыла пазнаёміцца з удзельнікам Jazz Cіty Bandа.

- Настрой перад фіналам проста фантастычны! Будзем здзіўляць публіку сваім музычным нумарам, - дзеліцца Аляксандр. - Мы пакуль што не да канца ўсвядомілі, наколькі важны для нас гэты праект. Але хочацца зрабіць новы крок у творчасці, пашырыць сваю аўдыторыю.

І з музыкантам цяжка не пагадзіцца, бо шоу сапраўды дало магчымасць многім непрафесіяналам заявіць пра сябе на ўсю Беларусь і не толькі, улічваючы, што яно транслявалася яшчэ і на тэлеканале "Беларусь 24". У фінале засталіся 24 лепшыя нумары. І вось ён, вечар апошніх крокаў да перамогі! Градус інтрыгі з кожным выступленнем павышаецца.

За маёй спінай ізноў раздаюцца апладысменты. Вітаюць Лізу Панасюк з Брэста, якая толькі што зачароўвала сваім спевам у стылі ёдаль.

- Я бязмежна шчаслівая ад таго, што зноў удалося выйсці на вялікую сцэну. Безумоўна, кожны з нас спадзяецца на перамогу, але мне асабіста гэтае шоу ўжо дало пэўны вопыт і шмат эмоцый. Я атрымала карысныя парады ад журы і знайшла новых сяброў, з якімі мы і сёння падтрымліваем стасункі ў сацыяльных сетках, - дзеліцца канкурсантка.

Закрывае першую частку канцэрта мастачка Святлана Саўчук з вёскі Мельнікі Брэсцкай вобласці. Яе талент маляваць партрэты даспадобы як прафесіяналам, так і самім канкурсантам. Гэта тая самая дзяўчына, што на кастынгу намалявала партрэт спевака Тэа, а на паўфінальным спаборніцтве прадставіла публіцы партрэт тэлевядучай Святланы Бароўскай. Падчас фіналу мастачка стварыла сапраўдную інтрыгу, пакуль малявала на шасці палотнах партрэт беларускага песняра Уладзіміра Мулявіна. Самі ж удзельнікі шоу рэагуюць на з’яўленне Святланы бурна. Нехта скандзіруе "Малайчына!", чуюцца гучныя апладысменты, да яе падыходзяць з просьбай сфатаграфавацца і зычаць поспеху…

- Не перадаць словамі, што я адчуваю… Я была проста ў шоку, калі гледачы апладзіравалі стоячы, - дзеліцца эмоцыямі Святлана.

Дзяўчыне многія прагназавалі ў той вечар перамогу, аднак яна была не адзінай, хто здзіўляў сваім талентам. З ліку такіх нумароў і дуэтнае выступленне Аляксея Паўловіча і Ігара Задарожнага. Адзін іграў на хрустальных келіхах, а другі - на… зубах! Спытала ў маладога чалавека з Брэста, адкуль такое незвычайнае захапленне?

- Быў у маім жыцці перыяд, калі я цікавіўся, якія гукі можна "дастаць" з галавы. Паверце, раней я куды лепш іграў, чым цяпер, - усміхаецца Аляксей. - З некаторымі мы тут нават спаборнічалі, аднак не ва ўсіх зубы і пазногці вытрымліваюць…

Як прызнаўся хлопец, сваё захапленне ён ніколі не папулярызаваў, хоць займаецца гэтым ужо 16 гадоў. Яму гэты занятак крыху надакучыў ужо, але часам такое ўменне можа ўратаваць сітуацыю. Аднаго разу ў хлопца зламалася магнітола ў машыне, і Аляксей усю дарогу на трасе Брэст - Івацэвічы іграў сам сабе Шуберта, Моцарта і іншых класікаў, каб не сумна ехаць было…

Дарэчы, пра аўтамабілі. Галоўны прыз праекта - той самы GEELY EX7 - даставілі ў Палац спорту за некалькі гадзін да эфіру па спецыяльным зялёным калідоры ў суправаджэнні ДАІ, а падчас фінальнага шоу аўтамабіль чакаў сваіх новых гаспадароў у суседнім павільёне. Менавіта з мэтай выйграць гэты прыз і прыйшлі на праект некаторыя ўдзельнікі. Але былі і тыя, хто жадаў перамогі не толькі для сябе. Канкурсант Дзмітрый Іваненка з Маладзечна хацеў выйграць і аддаць грашовы прыз на лячэнне хворай дзяўчынкі Настассі Сарокі. З яе гісторыяй сям’я ўдзельніка пазнаёмілася ў інтэрнэце.

- У нас так заведзена: інтарэс аднаго - гэта інтарэс усёй сям’і. Наогул такія мерапрыемствы для нашага таты не ў навінку, а вось за дзяцей перажывала. Але ж сын, яму яшчэ няма трох гадоў, хутка асвоіўся і на сцэне, і за кулісамі, - кажа жонка артыста Таццяна.

Захацелася папытаць і ў мужчыны, якога запрыкмеціла сярод фіналістаў дзякуючы форме МНС, каму ён прысвеціць сваю перамогу. Аляксандр Якаўлеў - дыспетчар МНС з Віцебска. Ратаваць людзям жыццё - яго праца, а выступаць на сцэне - прызванне.

- Я выступаю апошнім нумарам. Хоць на сцэне не першы год, але кожны раз хвалююся. Радуе, што на шоу ўсё сумленна, чуеш аб’ектыўныя ацэнкі ад суддзяў, - адзначае Аляксандр Аляксандравіч. - Тут кожны выступае ў сваім жанры, і ўсім хочацца перамагчы. І калі такая ўдача выпадзе мне, то прысвячу яе маме. Неўзабаве 9 Мая, мама падчас вайны страціла ўсіх родзічаў, а летам будзе адзначаць свой 90-гадовы юбілей.

…У выніку гледачы зрабілі свой выбар на карысць танцавальнага калектыву ІNFІNІTY з Віцебска. Аднак, упэўнена, гэты вечар запомніцца кожнаму фіналісту як уласны жыццёвы трыумф на сцэне народнага шоу. Цяпер застаецца чакаць новых сустрэч з гэтымі таленавітымі беларусамі, якія даказалі, што сапраўды могуць многае.

Алена ДРАПКО.

Віталь Варанко, спявак:
- Я прыйшоў не толькі паглядзець гэтае шоу і "пахварэць" за аднаго з таленавітых канкурсантаў - гітарыста FERGІO. Калі ехаў сюды, то сачыў анлайн за ўсім. Узровень удзельнікаў прыемна ўражвае. А калі казаць пра здымкі шоу, тут назіраецца не проста рост, а праца на сусветным узроўні.

Яўген Перлін, тэлевядучы:
- Гэта беларускае шоу талентаў, што само па сабе цудоўна. Апошнім часам многія таленавітыя людзі сталі ездзіць на такія праекты то ў Кіеў, то ў Маскву, а чаму мы не можам зрабіць нешта такога кшталту? Я прыемна здзіўлены высокім узроўнем падрыхтоўкі канкурсантаў. Хаця ў большасці сваёй выступалі аматары, але кожны з іх працуе, як прафесіянал. Мне вельмі спадабаўся нумар Святланы Саўчук, эмацыйна ўразіў нумар Дзмітрыя Іваненкі, таму што яго пасыл пра сям’ю вельмі шчыры і актуальны для нашай рэчаіснасці. Наогул тут талент кожнага бачыш адразу.

Вольга Шлягер, кіраўнік народнага шоу "Я магу!":
- Наша праца яшчэ не завершана. Афармляем розныя дакументы на атрыманне прыза і гэтак далей. Прыемна чуць і чытаць водгукі на праект. Ацэнка людзей з’яўляецца для нас самай важнай. Хваляванне на фінальным шоу ў мяне, безумоўна, прысутнічала, таму што калі робіш праект на працягу дзевяці месяцаў, пачынаеш ім жыць. Ганаруся і камандай, якая працавала на праекце, і ўдзельнікамі, што паказалі сябе як прафесіяналы, нягледзячы на тое, што сцэна і тэлебачанне для многіх былі ў навінку. Ці будзе працяг? Пажывём - пабачым, а цяпер зробім паўзу. Хаця ёсць пажаданні, каб быў другі сезон.