Яны - лепшыя!

26.02.2015

"Звязда"

У Мінску ўручылі спартыўныя "Оскары". На ўрачыстай цырымоніі падвядзення вынікаў адкрытага публічнага конкурсу "Трыумф. Героям спорту - 2014" у сталічным Палацы спорту былі названы лепшыя спартсмены і спартыўныя моманты мінулага года.

У ходзе конкурсу беларускія аматары спорту і журы вызначалі спартсменаў, якія дабіліся ў 2014 годзе найбольш значных вынікаў на буйных афіцыйных міжнародных спаборніцтвах. Галасаванне заўзятараў доўжылася тры тыдні, у ім прынялі ўдзел каля паўтара мільёна чалавек, у тым ліку і чытачы "Звязды".

Аматары спорту па традыцыі выбіралі сваіх фаварытаў у чатырох намінацыях: "Трэнер года", "Спартсмен года", "Спартсменка года" і "Каманда года". Яшчэ ў чатырох ("Самы яркі момант года", "Прарыў года", "Вынік года" і "За волю да перамогі") пераможцаў вызначыла журы конкурсу.

Фіналам праекта стала цырымонія ўрачыстага ўзнагароджання пераможцаў і гала-канцэрт з удзелам артыстаў беларускай эстрады. Убачыць яго маглі ўсе беларусы ў эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24" .

Галоўным героем урачыстасці стала трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава, яна выйграла бронзавыя статуэткі адразу ў дзвюх намінацыях: "Спартсменка года" і "Вынік года". Сама Даша не змагла прысутнічаць на цырымоніі - рыхтуецца да чэмпіянату свету, але яна выйшла на сувязь з беларускімі заўзятарамі з Рупольдынга.

Біятланістка адзначыла, што вельмі рада атрымаць такое прызнанне, падзякавала ўсім, хто галасаваў за яе, і асабліва сваёй сям’і.

- Гэта быў той вынік, да якога я ішла доўгія гады, у які ўклала на той момант усе свае сілы і вопыт; вынік, у які ўклалі сілы ўсе мае трэнеры і ўся мая каманда. Асаблівы дзякуй хацелася б сказаць маёй сям’і. На жаль, таты ўжо няма з намі, але я адчуваю, што ён са мной і мне вельмі дапамагае. Мая матуля для мяне самая лепшая! Дзякуй майму брату, бо менавіта ён прывёў мяне ў секцыю біятлона.

Узнагароду Дар’і атрымлівала яе мама Ларыса Аляксееўна:

- Трэба сябраваць са сваімі дзецьмі, жыць з імі, радавацца кожнай самай маленькай перамозе, бо вялікія перамогі прыходзяць не адразу. Я вельмі рада за дачку. Яна змагла зрабіць амаль немагчымае: тройчы выйграла залатыя медалі на адной Алімпіядзе! Галоўнае, пасля перамогі Дар’і многія дзеці прыйшлі ў спартшколы і пачалі займацца лыжным спортам, біятлонам. Дар’я вельмі захоплена сваёй справай. Хачу ўсім пажадаць так ставіцца да сваёй працы, тады ў нас усё атрымаецца.

У намінацыі "Каманда года" перамагла жаночая нацыянальная каманда па біятлоне. Дзяўчаты занялі 5-е месца ў эстафеце на зімовых Алімпійскіх гульнях у Сочы.

Фрыстайліст Антон Кушнір стаў лепшым у намінацыі "Спартсмен года" - за званне чэмпіёна зімовых Алімпійскіх гульняў-2014 народнае журы аддала пяцьдзясят працэнтаў галасоў.

- Хачу сказаць дзякуй родным, блізкім, сям’і. Дзякуй за падтрымку. Асаблівая падзяка майму першаму трэнеру Галіне Пятроўне Досавай і, вядома ж, Мікалаю Іванавічу Казеку. Я магу сказаць, што вы найлепшы ў свеце трэнер па фрыстайле.

У пацвярджэнне слоў Антона Кушніра ўзнагароду ў намінацыі "Трэнер года" атрымаў "рулявы" нацыянальнай каманды па фрыстайле Мікалай Казека. Канкурэнцыю яму склаў біятлонны гуру - Клаус Зіберт. Намінантаў падзяліў усяго адзін працэнт галасоў.

- Нарэшце дачакаўся гэтай прэстыжнай прэміі. Рэцэпт поспеху просты: люблю сваю працу. Разлічваў атрымаць узнагароду пасля перамогі Аляксея Грышына ў Ванкуверы, але давялося выхаваць яшчэ двух алімпійскіх чэмпіёнаў, каб стаць лаўрэатам.

Бронзавая статуэтка ў намінацыі "За волю да перамогі" традыцыйна ўручаецца спартсменам-паралімпійцам. Сёлета ёю ўшанавалі Васіля Шаптабоя, ён стаў двухразовым бронзавым прызёрам зімовых Паралімпійскіх гульняў у Сочы па біятлоне сярод інвалідаў па зроку.

"Самым яркім спартыўным момантам года" названа перамога каманды Беларусі ў матчы з Латвіяй на чэмпіянаце свету па хакеі ў Мінску. Менавіта гэтая вікторыя дазволіла падапечным Глена Хэнлана выйсці ў 1/4 фіналу першынства.

У намінацыі "Прарыў года" перамогу атрымала алімпійская чэмпіёнка Ала Цупер. На сцэну па ўзнагароду спартсменка паднялася не адна: хутка другі раз Ала стане мамай.

Наступныя прэміі "Трыумф. Героям спорту" будуць раздадзены толькі праз два гады. Іх трыумфатарамі будуць ужо летнія алімпійцы, якім трэба будзе пазмагацца за ўзнагароды ў Рыа-дэ-Жанейра.

Арганізатарамі маштабнага праекта з’яўляюцца рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне "Прэзідэнцкі спартыўны клуб", Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальны алімпійскі камітэт, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія.

Раней герояў спорту беларускія заўзятары выбіралі ў праектах "Навагодні баль - 2007. Героям спорту", "Трыумф. Героям спорту - 2008", "Трыумф. Героям спорту - 2010", "Трыумф. Героям спорту - 2012".

Дар’я ЛАБАЖЭВІЧ.