"Яна з дзяцінства трызніла сцэнай..."

14.05.2005
"Культура", 14 мая 2005 г.


Дзеля таго каб распытаць, як заззяла зорка Анжэлікі на беларускім небасхіле, мы напрасіліся ў госці да мамы спявачкі Валянціны Міхайлаўны.

- Цяжка сабе ўявіць, якой была Анжэліка ў дзяцінстве: рахманай і паслухмянай альбо шалёным вісусам...
- Ажэліка была маторам і рухавіком паўсюль - пачынаючы ад дзіцячых гульняў і сканчаючы арганізацыяй школьных вечарын. У яе не было дзіцячага комплексу замкнёнасці. Гэта нават па фотаздымках відаць - яна, бачачы аб'ектыў, не хавалася і не бянтэжылася. Наадварот, пазіравала, паказвала сябе. Дзе б ні з'явілася мая дачка, яна заўсёды апыналася ў цэнтры ўвагі. Дзякуючы сваёй шчырай натуры і ўменнем "завесці" яна заўсёды была аточаная сябрамі і сяброўкамі.

- Мусіць, яны ўсе пагубляліся, калі Анжэліка стала папулярнай...
- Так, але зусім не з прычыны "зорнасці" маёй дачкі. Проста, Анжэліка цяпер вельмі занятая, і вольнага часу ў яе зусім няма.

- А колі ў вашай дачкі ўпершыню з'явілася жаданне стаць спявачкай?
- Нават не ведаю. Колькі яе памятаю, яна заўсёды спявала. 3 самага ранняга дзяцінства. Стане ў электрычцы на сядзенне - і пакуль цягнік ідзе, пасажыры слухаюць яе канцэрт. Яна была абсалютна вольнай, незакамплексаванай. Мне ўжо тады было зразумела: Анжэліка - чалавек сцэны. Яна літаральна трызніла ёю...

- Не спрабавалі "апусціць яе на зямлю"?
- Не, я давала ёй абсалютную творчую свабоду. Праз ейны моцны характар, усе яе жаданні былі цвёрдымі і мэтанакіраванымі, і таму я іх падтрымлівала. Толькі аднойчы я была катэгарычна супраць задумы дачкі. У восьмым класе яна загарэлася ідэяй паступаць у кулінарны тэхнікум - туды акурат паступала яе сяброўка. Але я запратэставала: "Не, Ліка, гэта зусім не тваё, гэта не твой шлях". Мая дачка нядрэнна гатуе, аднак я разумела, што кулінарыя - зусім не яе жыццёвае "амплуа".

- Цікава, у каго гэта Анжэліка такая творчая?
- Я сама ў маладосці спявала ў самадзейнасці. Ды і па бацькавай лініі ўсе ў мяне"пеюны".

- Няўжо вы не адгаворвалі дачку ад кар'еры спявачкі? Звычайна бацькі бываюць супраць такога выбару...
- Паколькі праз розныя акалічнасці я сама не здолела сябе рэалізаваць як спявачка, цяпер у мяне такое пачуццё, нібы я рэалізоўваюся праз Анжэліку. Ейны творчы шлях - гэта нібы працяг мяне самой.

- Ці падказваеце вы дачцэ, у якім накірунку ёй рухацца?
- Так, яна раілася са мной, прыкладам, наконт сцэнічнага адзення. Зрэшты, цяпер у Анжэлікі сфармаваўся ўласны густ.

- А менавіта ў творчасці?
- Таксама. З'явіццаўяе новая песня - прыйдзе, каб паказаць.

- I што, калі яна вам не спадабалая?
- Анжэліка прыслухоўваецца. У нас аднолькавае разуменне добрага і дрэннага, адзіны падыход да гармоніі ў песні.

- Адпаведна, можна сказаць, што ейныя песні выйшлі з вашага блаславення?
- Так, можна і гэтак сказаць.

- А ці вы лічыце, ці адпавядае сцэнічны вобраз Анжэлікі яе характару?
- Калі Ліка спявала ў "Верасах", ёй спрабавалі навязаць лёгкі стыль і ў адзенні, і ў песнях. Але ж ёй хацелася іншага. Неяк яна прызналася, што па сваім самаадчуванні імкнецца да старамоднага, да эпохі рыцарства, шляхетнасці. Гэта тычыцца і адзення, і падачы сябе.

- Цяпер, падчас падрыхтоўкі да конкурсу, Анжэліка літаральна валіцца з ног ад стомы, і спаць ёй даводзіцца ўсяго па некалькі гадзін на суткі. Ці не было ў яе спакусы ўсё гэта кінуць?
- Можа і так. Але ж я ведаю, што якой бы ні была яе стомленасць, Анжэліка здолее ў самы апошні момант засяродзіцца ды з'явіцца перад публікай сапраўднай каралевай. Прадстаўляць Беларусь для яе сапраўдны гонар, і я веру, што яна не падвядзе.

Гутарыла Святлана ЖУРАЎСКАЯ.