Як здымаюць фільм да юбілею беларускай міліцыі

11.11.2016

"Звязда"

Фільм, які мае рабочую назву "Міліцыя ў асобах", будзе складацца з 8 серый па 26 хвілін.

Апоўдні, лёгкі марозік і дробны снег. Уздоўж вуліцы - адной з нямногіх, што захаваліся ў старым цэнтры Мінска амаль у нязменным выглядзе - ідуць чырвонаармеец, самавіты мужчына ў паліто і прывабная паненка з кардонкай для капелюшоў. Ля вітрыны мануфактурнай крамы прыпынілася нейкая архаічная фурманка. Словам, пераследуе адчуванне, нібыта ты выпадкова праваліўся ў глыбіню гісторыі гадоў гэтак на сто.

- Самае цікавае - штурм будынка паліцыяй, страляніну, біццё вокнаў - вы ўжо прапусцілі, - гавораць нам пры сустрэчы. - Сёння, бачыце, будзе абрабаванне.

- Нічога, - пагаджаемся, - нам і абрабаванне падыдзе.

Гэты дыялог, што нагадвае збоку злёт аўтараў дэтэктыўных раманаў, - насамрэч звычайная справа для здымачнай пляцоўкі, дзе творчая каманда Агенцтва тэленавін пры падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўжо не першы тыдзень працуе над тэлевізійным праектам да 100-годдзя беларускай міліцыі. Фільм, які мае рабочую назву "Міліцыя ў асобах", будзе складацца з 8 серый па 26 хвілін, дзе знойдзецца месца для мастацкай рэканструкцыі гучных крымінальных спраў, экранізацыі лёсаў адметных асоб, успамінаў сведкаў і ўдзельнікаў, а таксама для архіўных кадраў і сучаснай хронікі. Таму назваць гэты шматсерыйны праект выключна дакументальным фільмам не выпадае, наогул адназначна назваць ягоны жанр няпроста, але тэлевізійнікі запэўніваюць: будзе цікава і ўражліва. "Звязда", скарыстаўшыся момантам, зазірнула па той бок экрана і падгледзела некаторыя інтрыгі сюжэта.

- Канцэпцыя кожнай асобнай серыі пабудавана на трох гісторыях, звязаных з пэўным перыядам станаўлення беларускай міліцыі, - пакуль аператар "прыстрэльваецца", праводзіць для нас інфармацыйны лікбез адзін са сцэнарыстаў праекта Руслан ТУРКОЎ. - Напрыклад, першая серыя, аўтарам якой я непасрэдна з'яўляюся, ахоплівае перыяд з 1917 года да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Тут мы ўзгадваем, па-першае, пра нараджэнне беларускай міліцыі наогул - калі на пасаду кіраўніка Мінскай гарадской міліцыі прыйшоў Міхаіл Фрунзэ. Раскрыю сакрэт: мы нават вялі перамовы з дачкой і ўнукам Фрунзэ, каб аздобіць сухія факты жывымі ўспамінамі. Але, на жаль, сваякі спаслаліся на яе нямогласць і агульны стан здароўя (дачцэ Фрунзэ ўжо за 90 год. - Аўт.), таму сустрэцца з ёй не ўдалося. Другая гісторыя датычыцца вядомага ў сваіх колах начальніка крымінальнага вышуку Ільюкевіча, які, уявіце, праслужыў на сваім месцы пры трох уладах - царскай, польскай і савецкай, і паўсюдна быў запатрабаваны як выдатны прафесіянал. Трэцяя частка распавядзе пра лёс кіраўніка крымінальнага вышуку Чэрыкаўскага павета Міхайлоўскага - малады хлопец, якому было ўсяго 24 гады, распачаў непрымірымую барацьбу з бандытамі. Тыя выманілі яго ў глухія мясціны, забіўшы вясковага школьнага настаўніка; Міхайлоўскі паехаў расследаваць гэту справу, але трапіў у засаду, яго катавалі і застрэлілі, забраўшы дакументы і нават вопратку, каб скарыстаць яе надалей, калі спатрэбіцца прыкрыццё, - але неўзабаве злачынцы былі знойдзены і затрыманы. Паралельна з гэтымі трыма гісторыямі мы раскажам пра бытавы бок жыцця першых беларускіх міліцыянераў: якое ў іх было абмундзіраванне і зброя, як ставілася да іх звычайнае, грамадзянскае насельніцтва, якой наогул была сітуацыя ў краіне... Але цалкам змест серыі расказваць не буду, бо вам потым глядзець будзе нецікава.

Уласна, сёння ў Верхнім горадзе, у сэрцы Мінска, здымаецца рэканструкцыя нашумелага рабавання 1920 года, якое даследаваў вядомы беларускі сышчык Аляксандр Ільюкевіч. Злачынства было адначасова геніяльна простым і дзерзкім: напачатку лютага на Саборнай плошчы злодзеі абрабавалі мануфактурную краму "Оксенкруг", куды праніклі праз будынак былога Камерцыйнага банка, прабіўшы адтуліну ў сцяне, а ўкрадзенае тут жа, сярод белага дня, вынеслі на падводу пад відам грузчыкаў і з'ехалі... Ільюкевіч, дарэчы, даверыўшыся ўласнаму вопыту ды інтуіцыі і супаставіўшы факты, раскрыў гэта злачынства на працягу некалькіх дзён і выкрыў банду заезджых рабаўнікоў. У нашым жа выпадку бягучы лістапад паспяхова спраўляецца з "роляй" былога лютага: завею забяспечвае дым-машына, Музычны завулак паказвае сваю гістарычную тоеснасць пачатку ХХ стагоддзя, а маладыя беларускія акцёры ўвасабляюць тагачасных гараджан, патрульных міліцыянераў і ўласна бандыцкую хеўру, якая нетаропка грузіць на фурманку загадкавыя цюкі і пакункі.

- Ці многа ва ўсім, што ўбачаць гледачы на экране, будзе мастацкай выдумкі, або, наадварот, вы імкнуліся да дакументальнай дакладнасці? - уражаная абсалютна паўсядзённым выглядам "бандытаў", распытваю сцэнарыста.

- Падрыхтоўчы перыяд быў вельмі складаны, шмат чаго давялося ўзгадняць з гісторыкамі Акадэміі МУС, шукаць у Нацыянальным гістарычным архіве, у музеі МУС, штосьці разведваць у інтэрнэце, прычым значная колькасць знойдзеных дакументаў супярэчылі адзін аднаму - даводзілася супастаўляць, пераправяраць па некалькі разоў. Каб не дапусціць "ляпаў" і пралікаў, надавалі вялікую ўвагу дэталям: напрыклад, я ведаю, што мануфактурная крама гандлюе тканінамі - але на ўсякі выпадак перачытаў шмат дадатковай літаратуры, перагледзеў дакументальныя фільмы: ці на самай справе прадавалася толькі сукно, альбо можна было і тытунь набыць ці яшчэ нешта, ці выкарыстоўваўся ў назве крамы "ять" - аказваецца, ужо не, і гэтак далей. "Пералапацілі" процьму інфармацыі, і ўсё адно застаўся вялізны некрануты пласт... Натуральна, па магчымасці мы стараліся ўплятаць у фільм не толькі дакументальныя рэчы і расказы гісторыкаў - чым бліжэй да нашых дзён, тым больш будзе сведкаў тых ці іншых падзей. А дзе захоўваюцца "белыя плямы", там, абапіраючыся на факты, штосьці і дадумваем. Шчыра кажучы, калі сваю частку сцэнарыя я аддаваў на ўзгадненне гісторыкам і кансультантам МУС, то вельмі хваляваўся, што ўсё будзе выкраслена і парэзана. Але паправілі яны ў выніку толькі ўласныя інтэрв'ю.

Пакуль мы абмяркоўваем праект, "рабаванне" паўтараецца. Гэта ў кіно падобныя рэчы адбываюцца імкліва - крадзяжы, пагоні, перастрэлкі, а на самай справе здымачны працэс - справа працяглая, можа спатрэбіцца і два, і пяць, і восем дубляў адной і той жа сцэны з розных ракурсаў, пакуль вынік не задаволіць рэжысёра Марыю Жукаву. "Во праца ў людзей: пагрузіў - разгрузіў, пагрузіў - разгрузіў, і так да вечара", - спачувальна адзначаюць будаўнікі, якія працуюць у адным з суседніх дамоў. Але ніхто з "гараджан" і "бандытаў" не скардзіцца, хоць мароз адчувальна прыхоплівае пальцы і шчокі. Прычына такой цярплівасці хутка робіцца зразумелай: рэжысёр абвяшчае, што сцэна знятая, і амаль ўсіх адпускае на абед.

Цяпер у працу ўключаюцца іншыя акцёры - "шпік", "патрульныя" і спакойная кабылка, якой трэба выканаць ролю "міліцэйскага транспарту". ...Трэба бачыць твары мінчан, якім насустрач па брукаванцы імкліва скача вершнік у старым шынялі ды з вінтоўкай! "Гэта ж кіно?" - асцярожна ўдакладняюць у нас дзяўчаты, па выгляду студэнткі. - "Гэта жыццё!" - запэўнівае памочнік рэжысёра і гучна просіць усіх ісці па супрацьлеглым баку вуліцы, каб не трапіць "на вочы" тэлекамеры. Тым часам сышчык, гэткі піжоністы беларускі Пуаро (між іншым, мяркуючы па фота, вельмі падобны на свайго прататыпа Ільюкевіча), распытвае вершніка, ці бачыў той штосьці падазронае, і, атрымаўшы адмоўны адказ, ідзе ўніз па вуліцы - думу думаць. Пра што думае? Гэта, на жаль, нават для журналістаў пакуль што застаецца па-за кадрам.

Акрамя Верхняга горада, у фільм трапіла сталічная вуліца Карла Маркса, дзе ў 1917-м размяшчаўся будынак паліцыі, а ў нашы дні адбываўся яго тэлевізійны "штурм", інтэр'еры гатэля "Мінск", Строчыцы (Музей народнай архітэктуры і побыту), дзе здымалася гісторыя забойства Міхайлоўскага, чыгуначны вакзал Брэста, які ў 1941 годзе разам з вайскоўцамі абаранялі міліцыянеры, і шмат чаго яшчэ. Аўтары праекта абяцаюць не абмінуць увагай ніводны значны эпізод гісторыі, ад пасляваеннага разгулу бандытызму да аварыі на Чарнобыльскай АЭС і гучных спраў нашых дзён.

9 лістапада канал "Беларусь 1" паказаў спецыяльны рэпартаж - "Гісторыя міліцыі - у асобах. Фільм пра фільм", дзе сцэнарысты, рэжысёры, аператары, карэспандэнты Агенцтва тэленавін і прадстаўнікі МУС расказалі, якім абяцае стаць гэты маштабны тэлепраект. Сам жа фільм з'явіцца на тэлеэкранах у студзені 2017 года і фінішуе 4 сакавіка, у Дзень міліцыі.

Міністэрства ўнутраных спраў значна дапамагае ў рабоце: у здымках задзейнічаны курсанты Акадэміі МУС, з музейных запаснікаў прывозяць абмундзіраванне і захаваныя "рэчдоказы" крымінальных спраў. Каманда Агенцтва тэленавін, са свайго боку, імкнецца зрабіць як мага больш рэалістычнай і відовішчнай мастацкую рэканструкцыю: падбірае натурныя пляцоўкі і інтэр'еры для здымак, скарыстоўвае сучасную тэхніку (наваколле ў Строчыцах здымалі з дапамогай квадракоптара), падбірае для кожнага персанажа максімальна падобных акцёраў (з акцёра Алега Коца, кажуць, атрымаўся выліты Фрунзэ).

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.