Ягора Ваўчка зачакалiся ў “Песнярах”

10.11.2004
“Звязда”, 10 лістапада 2004 г.


- Як атрымалася, што Ягор пачаў спяваць - яму было з каго браць прыклад? - знайшоўшы хвiлiнку памiж рэпетыцыямi, мы з Надзеяй Мiкалаеўнай Ваўчок шэпчамся (у самым прамым сэнсе) за кулiсамi.
- У мяне якраз творчая прафесiя, я працую ў Доме культуры харэографам, i Ягор пастаянна назiраў за маёй працай. Нават аднойчы так атрымалася, што ў нас падчас канцэрта выдалася паўза, i Ягору давялося яе запаўняць - чытаць вершыкi (гэта, заўважым, у 2-гадовым узросце! - Аўт.). Яшчэ пакуль сын быў маленькi, ён вельмi спакойна выходзiў на сцэну i заўжды меў поспех; ужо ў дзiцячым садку спяваў, i музычны кiраўнiк адзначаў, што добра атрымлiваецца. А ў нас у Мазыры ёсць студыя эстрадных спеваў пад кiраўнiцтвам Святланы Стацэнка, яе выхаванцы часта выступалi i вызначалiся ўпэўненымi манерамi, уласным стылем - як у майго зараз... Ён удзельнiчаў у разнастайных конкурсах накшталт “Мiстэр...”, “Джэнтльмен...”, “Рыцар...” i паўсюль спяваў.

- Словам, нельга сказаць, што вы за руку гвалтоўна прывялi хлопца займацца ў студыю?
- Я не сказала б, што Ягор гарэў жаданнем, але ў яго адразу добра атрымалася - прысутнiчалi i слых, i пачуццё рытму, i здольнасць падабацца публiцы. Я вырашыла: няхай развiвае таленты. Хаця, канешне, мы не планавалi i нават не марылi, каб перамагчы ў такiм прэстыжным конкурсе.

- Наколькi я ведаю, Ягору конкурсы зусiм не ў навiну: ён выступаў i ў Германii, i ў Польшчы, i ў Славенii. А якi быў самы першы буйны поспех?
- Можа, гэта i не самы вялiкi, але значны поспех, калi Ягор заняў другое месца на мiжнародным фестывалi “Зямля пад белымi крыламi”. Не ведаю, як гэта называецца, але ў яго ёсць здольнасць “працаваць на публiку” i “трымаць” гледачоў. Канешне, нам хацелася б, каб у яго была нейкая цвёрдая прафесiя: у дзяцiнстве Ягор марыў стаць прэзiдэнтам - да другога класа. Зараз сцвярджае: “Я ўжо не такi дурны, як ранней”. Гады два таму яго праслухоўвалi “Песняры”, i Барткевiч пакiнуў аўтограф з пазначэннем: “Ягор, чакаем цябе ў “Песнярах”. Тады я канчаткова ўсвядомiла, якi ў сына вялiкi талент, i што нельга яго нiкуды адрываць ад спеваў. А ён усё цiкавiўся: “Мама, а калi я вырасту, “Песняры” яшчэ будуць?”.

- Зараз сын змянiў мару i хоча стаць прафесiянальным выканаўцам?
- Думаю, што яго цягне ў гэту сферу. Але пакуль што не загадваю - i ён сам, напэўна, не можа адказаць, што цвёрда жадае стаць спеваком. Зараз мы робiм упор на англiйскую мову, таксама ў яго вялiкiя спартыўныя здольнасцi, ды i па матэматыцы ён быў у класе лепшым. Увогуле, яго трэба як след загружаць, бо ў Ягора шмат энергii, ён вельмi хуткi, а мне хочацца накiраваць гэту энергiю ў стваральнае рэчышча.

- Раз-пораз падчас выступлення Ягор праяўляе такую самаўпэўненасць, што задумваешся, цi не першыя гэта прыметы “зорнай хваробы”. Як вы з гэтым змагаецеся?
- Ёсць такое адчуванне? Гэта не “зорная хвароба”, а манера яго паводзiнаў, Ягор i дома часта так рэпецiруе - “спусцiўшы рукавы”. Я перажываю, а справа толькi ў тым, што ён не любiць працаваць “ухаластую”. Калi раптам усё ж заўважу праявы “зорнасцi”, хутка асаджу. Ягор па гараскопу - Леў i Малпа, так што з iм трэба шмат працаваць - i хвалiць, i разам з тым строга дысцыплiнаваць.

- За што вы зараз больш за ўсё хвалюецеся?
- Перажываю за вялiкую адказнасць. Мы з татам, усе знаёмыя i блiзкiя ганарацца Ягорам, але разам з тым мы разумеем, што на карту пастаўлены не ўласны гонар, а iмя рэспублiкi.

- Каму першаму патэлефануеце з Лiлехамера, каб паведамiць пра вынiкi?
- Сястры, напэўна - Ягоравай цётцы, i яе дачцэ. Яны з Ягорам з дзяцiнства сябруюць.

Гутарыла Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.