Ягор РЫБАКОЎ і "новая гісторыя тэлебачання"

23.01.2002
"Звязда", 23 студзеня 2002 г.


Сваё трыццацiгоддзе ён адзначаў ужо на пасадзе старшынi Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii Рэспублiкi Беларусь. Такi вось "фартунны" чалавек, патэнцыяльны герой для Кнiгi рэкордаў Гiнеса.
...Гэта, прынамсi, было адным з самых нечаканых восеньскiх прызначэнняў. Нечаканых - нягледзячы на тое, што Ягор Рыбакоў пэўны час выконваў абавязкi старшынi тэлерадыёкампанii. Многiх бянтэжыў надта "сцiплы" ўзрост кiраўнiка. Але ж нездарма кажуць: маладосць - адзiны недахоп, ад якога з гадамi непазбежна пазбаўляюцца...
Тым не менш, стары журналiсцкi штамп "будучыня ў руках маладых" на нацыянальным тэлебачаннi набыў самае канкрэтнае ўвасабленне...

- Ягор Уладзiмiравiч, па спецыяльнасцi вы выкладчык беларускай мовы i лiтаратуры. Чаму ж зменшылася колькасць праграм на беларускай мове на першым нацыянальным тэлеканале?

- Я не сказаў бы, што iстотна зменшылася колькасць беларускамоўных праграм. Мы паставiлi задачу несцi з экрана сапраўдную беларускую мову. На жаль, сёння на тэлебачаннi мала журналiстаў, якiя могуць размаўляць на добрай мове, не перамешваючы беларускiя словы з русiзмамi. Я вельмi жорстка паставiў пытанне, каб беларуская мова на тэлебачаннi была ўзорнай, нават класiчнай - таму што родную мову вывучаюць i па моўнай культуры, моўнаму пласту тэлебачання таксама.
Калi журналiст дазваляе сабе i русiзмы, i адхiленнi ад нормаў, то гэта не iдзе на карысць мове. Паўтаруся: зараз пастаўлена задача, каб БТ загаварыла на сапраўднай беларускай мове. Напрыклад, iнфармацыйна-забаўляльная праграма для старшакласнiкаў "5 х 5" выходзiць штодзень па будных днях - раз на тыдзень праграма пачынае выходзiць па-беларуску. З цягам часу колькасць беларускамоўных праграм павялiчыцца. Мы iдзём па шляху паступовага прывучэння нашых журналiстаў да вядзення перадач на якаснай беларускай мове.

- А я якраз i хацела запытаць: можа, варта было б "скарачаць" не родную мову, а журналiстаў, якiя, працуючы на нацыянальным канале, не валодаюць нацыянальнай (дзяржаўнай!) мовай? Гэта непрафесiйна, хiба не?

- Вы, безумоўна, маеце рацыю. Але вы ж ведаеце журналiстаў!.. Расказваюць, што пры Бураўкiну беларуская мова на БТ ледзь не насаджалася, аднак мы не можам з мовай абыходзiцца ў загадным парадку. Я супраць прымусу. Але абедзвюма рукамi за беларускую мову - тым больш, што па адукацыi я спецыялiст у галiне беларускай мовы i лiтаратуры. Хаця па нацыянальнасцi я рускi, нарадзiўся ў Новасiбiрску.

- А як трапiлi ў Беларусь, у якiм узросце - вы няблага валодаеце беларускай мовай...

- Калi мне споўнiлася пяць гадоў, сям’я пераехала ў Магiлёў: бацькоў, як маладых спецыялiстаў, запрасiлi працаваць на аўтазавод iмя Кiрава. Новасiбiрск я i не памятаю, Беларусь стала маёй радзiмай, а беларуская мова - роднай мовай.

- У вас надзвычай паспяховая, гэткая "сонечная", кар’ера: у 23 гады вы сталi старшынёй Магiлёўскага абласнога тэлерадыёаб’яднання, у 28 занялi пасаду першага намеснiка старшынi Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii Беларусi, ну а ў 30 - ужо старшыня, першая асоба...

- Не люблю я ўсяго гэтага: "сонечная кар’ера" i г. д. (нездаволена моршчыцца), хаця не ў 30, а ў 29 я стаў, як вы кажаце, "першай асобай": прызначэнне адбылося за месяц да дня нараджэння... Мабыць, гэта лёс. I тытанiчная, вельмi напружаная штодзённая праца.
Працаваць я пачаў з 18 гадоў. Вучыўся ў педiнстытуце на дзённым аддзяленнi (у мяне было вольнае наведванне заняткаў) i адначасова працаваў на радыё вядучым ранiшняй праграмы. Праз паўтара года перайшоў у газету "Магiлёўскiя ведамасцi" - працаваў карэспандэнтам, потым загадчыкам аддзела. У 1994 годзе стаў старшынёй Магiлёўскага тэлерадыёаб’яднання...

- Ягор Уладзiмiравiч, калi шчыра, вам не страшна: 30 гадоў (усяго толькi 30!..) - i такая вышыня? А што далей?.. Чаму пытаюся: псiхолагi сцвярджаюць, што 5-7 гадоў чалавек плённа працуе на адной пасадзе, а потым сцiраецца вастрыня погляду, думкi i г. д.

- 5-7 гадоў псiхолагi рэкамендуюць працаваць на пэўным накiрунку. Безумоўна, старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампанii - гэта не нейкая пажыццёвая пасада... Наконт вашага пытання "Цi не страшна?" - не страшна. Ну не буду я старшынёй - буду працаваць недзе ў iншым месцы. Мяркую, з маiм вопытам без працы не застануся.

- Вам падабаецца ўлада?

- Вельмi спакойна да яе стаўлюся, бо ведаю, што ўлада - справа, якая прыходзiць i адыходзiць. I чым больш ты ў яе ўваходзiш, тым страшней будзе выходзiць з гэтага становiшча. Да ўсяго трэба ставiцца па-фiласофску. У Магiлёве ў мяне было шмат настаўнiкаў, вопытных чыноўнiкаў, якiя гаварылi: якiм бы ты начальнiкам нi быў, заўсёды вернешся туды, адкуль прыйшоў, - радавым. Калi не ў маладым узросце, дык на пенсii ўсё роўна будзеш хадзiць тут з палачкай...

- Калi ў кастрычнiку мiнулага года прэм’ер-мiнiстр вас прадставiў калектыву тэлебачання, вы сказалi, што "з гэтага часу пачынаецца новая гiсторыя ў жыццi беларускага тэлебачання". Прайшло амаль 100 дзён - цi можна канстатаваць, што гэтая "новая гiсторыя" ўжо пачалася?

- Яна пачалася... Пачалася нават крыху раней - калi я пачаў працаваць першым намеснiкам старшынi кампанii... Хаця, як вы разумееце, гiсторыя - гэта ўвогуле надзвычай сур’ёзнае пытанне, гiсторыя не можа быць напiсана за адзiн дзень. Але яна пачала пiсацца - гэта дакладна. За прайшоўшыя паўтара года адбылiся iстотныя змены - гiстарычныя для тэлебачання змены. Была разбурана сiстэма рэдакцый, з’явiлiся часовыя творчыя групы: людзям далi магчымасць збiрацца па iнтарэсах i вырабляць творчы прадукт. Такога нiколi не было - i ў гэтым, можна сказаць, пачатак новай эры. Зроблена першая спроба (можа, часам i не зусiм удалая) даць магчымасць працаваць людзям, якiя ўмеюць i могуць плённа працаваць, якiя сапраўды таленавiтыя, - а не тым, якiя, займеўшы нейкую пасаду, аўтаматычна пачынаюць лiчыць яе "пажыццёвай". Скажам, некаторыя галоўныя рэдактары працавалi на пасадах па 10-20-30 гадоў - на тэлебачаннi такога не павiнна быць!.. Дарэчы, гэта тое, пра што вы гаварылi ў пачатку нашай размовы: 5-7 гадоў - i неабходна мяняць накiрунак дзейнасцi...

- Мяняць накiрунак дзейнасцi - так, але ж не пазбаўляцца сваёй прафесiйнай дзейнасцi... Прынамсi, тэму рэвалюцыйных кадравых змен на БТ неаднаразова закранала "Звязда" i iншыя газеты. Час пакажа, правiльная або памылковая выпрацаваная вамi канцэпцыя "новага тэлебачання". Сёння ж хачу запытаць, цi многiм творчым супрацоўнiкам ужо "паказана на дзверы"?

- Мы яшчэ нiкога не звольнiлi з работы. Амаль з 400 чалавек перспектыўнай дырэкцыi без тэлепраектаў засталося каля сарака творчых работнiкаў. Яны ходзяць на працу, атрымлiваюць заробак.

- I доўга такая сiтуацыя будзе працягвацца?

- Да таго моманту, пакуль не ўзнiкне неабходнасць у перазаключэннi кантрактаў. У кожным канкрэтным выпадку падыход iндывiдуальны.

- Таксама размовы: Рыбакоў сам малады, таму робiць стаўку ў асноўным на "маладняк", а ўсе сталейшыя i старэйшыя ўспрымаюцца як "баласт" i будуць скiнуты "з карабля сучаснасцi..."

- Як так можна гаварыць, калi, напрыклад, мае намеснiкi старэйшыя за мяне на 12-13-14 гадоў. Гэта людзi нармальнага "працоўнага" ўзросту: для мужчыны 40 гадоў - самы росквiт сiл... Члены мастацкага савета таксама шмат гадоў адпрацавалi на тэлебачаннi. Зразумела, што моладзь без вопыту старэйшага пакалення нiчога не зробiць. Мы павiнны стварыць сiмбiёз сталасцi i маладосцi, iнiцыятывы i вопыту.

- Як можна пракаменцiраваць сiтуацыю са звальненнем Ягора Хрусталёва?

- Хрусталёў падаў заяву аб звальненнi па ўласнаму жаданню.

- Псiхалагiчных праблем, менавiта псiхалагiчна-ўзроставых, няма ў адносiнах з намеснiкамi, з радавымi тэлевiзiёншчыкамi: усё-такi вы, хаця i вялiкi начальнiк, але вельмi малады чалавек?

- Гэты псiхалагiчны бар’ер я пераадолеў яшчэ ў Магiлёве, калi ў 23 гады стаў старшынёй аб’яднання: шэсць гадоў працаваў з калектывам i поўнасцю падабраў калектыў пад свае задачы.

- Канфлiктныя сiтуацыi здаралiся?

- Яны здараюцца ў любым калектыве. Iншае пытанне - як выйсцi з канфлiктнай сiтуацыi.

- Больш сталыя супрацоўнiкi вас "не з’елi"...

- Бачыце ж!

- Таму што вы i "ўкусiць" можаце?

- А як жа iнакш?! (Усмiхаецца.) У нашым грамадстве i жыццi трэба ўмець i абараняцца.

- Ала Пугачова калiсьцi спявала: "Бей своих, чтоб чужие боялись!". Такога не выпадала?

- Магчыма, даставалася i сваiм: гэта праца. Калi чалавек не працуе, тады ўсiм, здаецца, добра. А калi працуе - непазбежныя памылкi. Сам на сябе злы даволi часта бываеш: таго не паспеў, гэтага не зрабiў...

- I як вы "распраўляецеся" з сабой? Локцi кусаеце?

- Локцi - не, але ўнутраныя перажываннi бываюць моцныя.

- Каму-небудзь "плачацеся ў камiзэльку"?

- Жонка - мой самы лепшы сябар, у нас абсалютнае ўзаемаразуменне.

- Жонка таксама на тэлебачаннi працуе?

- Не, я нiколi не пусцiў бы яе ў гэтае "царства"...

- Жонка крытыкуе вас за якасць Беларускага тэлебачання?

- Крытыкуе. Кажу ёй звычайна: не дуры галаву, на рабоце ўсяго хапае...

- Як настаўнiка хачу запытаць: якую адзнаку вы паставiлi б сённяшняму БТ?

- Чатыры з мiнусам. Але гэта не тое самае, што тры з плюсам...

- У адным з iнтэрв’ю вы сказалi: "Я неяк ранiцай уключыў тэлевiзар i не адразу зразумеў, што гэта наш канал у эфiры..." Вы гэта сур’ёзна?

- Абсалютна сур’ёзна.

- ???

- Упершыню пайшло новае афармленне праграмы "Добрай ранiцы, Беларусь!". Я бачыў студыю, але праз камеру зусiм iншая "карцiнка" атрымлiваецца. Дома ўключыў тэлевiзар, каб паглядзець вынiкi нашых намаганняў у эфiры, i быў вельмi задаволены.

- Нямала размоў i пра новую канцэпцыю аналiтычнага вяшчання, аднак аналiтычных праграм пакуль што няма. Цi з’явяцца яны?

- З’явяцца. У канцы студзеня выйдзе ў эфiр новая 30-40-мiнутная праграма "Галоўнае пытанне". Зараз ужо поўным ходам iдзе яе афармленне. Падабраны новы вядучы.

- I хто гэта будзе?

- Хай гэта застанецца маленькiм сюрпрызам для гледачоў... Скажу толькi, што "Галоўнае пытанне" будзе дастаткова сур’ёзнай аналiтычнай праграмай з удзелам экспертаў. Праграма будзе дынамiчная: менш слоў, больш сюжэтаў, канцэптуальных ацэнак, рэплiк... Паспрабуем. Спадзяюся, атрымаецца.

- Па якiх днях будзе выходзiць "Галоўнае пытанне"?

- У нядзелю вечарам.

- Як калiсьцi "Рэзананс"... Дарэчы, чым займаецца зараз Аляксандр Зiмоўскi?

- Ён працуе над новым праектам. Некаторыя рабочыя матэрыялы мы ўжо праглядалi, былi зроблены пэўныя заўвагi.

- Сёння гучыць як дэвiз: тэлебачанне павiнна быць "зрелищным и смотрибельным". У сувязi з гэтым узгадваюцца словы Уайльда: "У нас у жыццi не засталося нiчога маляўнiчага, акрамя распусты". Цi не атрымаецца, што ў пагонi за "зрелищностью и смотрибельностью" тэлебачанне саб’ецца на "дзяшоўку"?

- Але ж мы яшчэ не збiлiся!.. Ведаеце, у чым праблема Беларускага тэлебачання? Усе гавораць: яно дрэннае, дрэннае, дрэннае... На фоне трох "iмперскiх" расiйскiх каналаў, якiя ўваходзяць у першую дзесятку лепшых тэлеканалаў свету, БТ, зразумела, складана "трымаць марку". Праблема перш за ўсё ў аб’ёме фiнансавання, а не ўзроўнi кадраў: за добрыя грошы кадры можна наняць i ў Маскве, i за мяжой. Так увесь свет працуе. Познер жыве ў ЗША i прыязджае ў Маскву весцi праграму. Беларускае тэлебачанне - такое ж спакойнае, павольнае, памяркоўнае, як i беларускi народ. У нас няма баевiкоў, у якiх культ жорсткасцi i рэкi крывi. У нас iдзе добрае еўрапейскае кiно, ёсць i амерыканскае - але якаснае.

- Сапраўды, усе адзначаюць даволi высокi ўзровень кiно, якое прапануе гледачам БТ.

- Гэта прынцыповая палiтыка нашага канала. Але стэрэатыпы, на жаль, жывуць доўга. Увогуле, калi б правесцi эксперымент: на месяц адключыць хаця б адзiн расiйскi канал - i мы адразу б адчулi, як гледачы зрэагуюць на БТ...

- Вы за тое, каб адключыць iншых?

- Не-не! Я гавару ў прынцыпе - каб у гледачоў проста была сiтуацыйная магчымасць глядзець БТ - каб убачыць, што яно зусiм не такое дрэннае, як пра яго гавораць. Як прынята гаварыць. Людзi не прывыклi ўключаць БТ. Прывыклi да "Поля цудаў" - i ледзь не ўся рэспублiка ўжо колькi гадоў сядзiць i глядзiць "Поле", а ў гэты момант на БТ, можа, выдатная праграма iдзе.

- Якое ваша ўражанне ад навагодняй праграмы БТ "Навагоднiя прыгоды, цi Поезд № 1", якую так настойлiва рэкламавалi i якую - з цiкаўнасцi! - многiя суграмадзяне паглядзелi?

- У маiх уражаннях больш станоўчага, чым адмоўнага.

- Як дыпламатычна!

- Таму што гэта першая спроба зрабiць штосьцi новае, сваё, не капiруючы «блакiтныя агеньчыкi» расiйскiх каналаў. Мы зрабiлi спробу зняць фiльм. Магчыма, не ўсё ў iм атрымалася - i перш за ўсё пралiкi тлумачацца сцiслымi тэрмiнамi (фiльм пачалi здымаць толькi ў лiстападзе). У наступным годзе мы абавязкова працягнем пачатую навагоднюю традыцыю, але здымкамi фiльма зоймемся загадзя, каб было больш часу для прапрацоўкi кожнага эпiзода.

- Дарэчы, а як вам эпiзод з вядомай спартсменкай, якая "смачна" штурхае мужычка? Цiкава, вам было смешна ад гэтага "чорнага гумару"?

- Ну, пад Новы год... Вы ж зразумейце: гэта праграма разлiчана на публiку, якая сядзiць ля тэлевiзара i ўжо крыху "навесяле"...

- Кх, кх!.. Iнакш кажучы, на цвярозую галаву лепш не глядзець?

- Не-не. Скажам так: гэта разлiчана на аўдыторыю, якая сустракае Новы год.

- Цi з’явяцца на БТ якiя-небудзь гульнявыя праграмы?

- Рабiць гульнявую праграму трэба на адпаведным узроўнi, як гэта робяць расiйскiя каналы. Наша праблема ў тым, што мы спрабуем iх капiраваць, не маючы грошай, - i атрымлiваецца ўбогая пародыя... Напрыклад, толькi ў афармленне праграмы ГРТ "Слабае звяно" ўкладзена каля 200 тысяч долараў. Гэта вельмi дарагiя праекты. Для параўнання: наша новае афармленне студыi АТН абышлося ў 70 тысяч долараў.

- У адным з нядаўнiх выпускаў "Панарамы" прайшла iнфармацыя аб тым, што закуплена новае абсталяванне...

- Так, спадарожнiкавую талерку купiлi за свае сродкi (паўмiльёна долараў). Зараз з любой кропкi краiны зможам праз спадарожнiк ладзiць прамы эфiр, перадаваць любую iнфармацыю.

- Вы самi не плануеце працаваць над якой-небудзь праграмай?

- Не. Мая функцыя - чыста адмiнiстрацыйная. Калi я палезу ў творчасць i пачну рабiць сваю праграму, гэта будзе несправядлiва ў адносiнах да падначаленых: мая праграма будзе ў прывiлеяваным становiшчы - яна, зразумела, будзе выходзiць у лепшы час, з лепшымi рэжысёрамi i г. д. Таму прынцыпова - не, я павiнен займацца тым, чым займаюся.

- Якая ваша любiмая праграма?

- "Панарама".

- Хто з тэлежурналiстаў вам асаблiва падабаецца?

- Будзе некарэктна, калi адкажу. Гэта ж творчы калектыў, уявiце: старшыня сказаў, каго ён паважае - астатнiя могуць "зацюкаць" гэтага чалавека...

- Калi першы нацыянальны канал перастане быць адзiным? Вы можаце што-небудзь сказаць пра стварэнне другога нацыянальнага канала?

- Я ведаю, што ёсць даручэнне прэзiдэнта з 1 мая адкрыць другi нацыянальны тэлеканал. Падрыхтоўка даручана мiнiстру iнфармацыi, так што ўсе пытаннi - да Мiхаiла Васiльевiча Падгайнага. У Беларусi, канешне, павiнен быць другi нацыянальны тэлеканал - тады лепш запрацуе i першы, з’явiцца здаровая канкурэнцыя.

- Ягор Уладзiмiравiч, каля вашага стала - незвычайная статуя: аголеная жанчына ля шаста...

- На дзень нараджэння падарылi.

- I як супрацоўнiкi ставяцца да гэтай "сексi"?

- У iх адразу натхненне нараджаецца... Неблагi элемент дэкарацыi!

- Вы казалi, што з жонкай у вас поўнае ўзаемаразуменне. Цiкава, дома вы таксама кiруеце?

- У нас раўнапраўе. Усё падзелена такiм чынам: мацi-гаспадыня дома, а бацька - галава сям’i.

- Вы што-небудзь робiце па дому?

- Люблю гатаваць розныя стравы, асаблiва супы.

- Тэлебачанне часта вучыць гледача гатаваць ежу. Можа, i вы далучыцеся, дадзiце рэцэпт любiмай стравы?

- Да кожнай стравы я падыходжу iндывiдуальна, можна сказаць, экспромтам. На стары Новы год, напрыклад, гатаваў гароднiннае рагу з цяляцiнай i курацiнай.

- Што рабiла ў гэты час жонка?

- Займалася з нашым чатырохгадовым сынам, вершы вучыла.

- Загадзя прашу прабачэння, i ўсё ж не магу абысцi той факт, што з вашым iмем звязваецца шмат размоў, чутак-плётак. Злыя языкi, напрыклад, пераконваюць, быццам бы вы пляменнiк Галiны Радзiвонаўны.

Рыбакоў ад душы рассмяяўся:
- Расказвалi, быццам бы я нейкi родзiч i прэзiдэнта краiны... Ну як я магу быць родзiчам, калi нарадзiўся ў Новасiбiрску, усе мае сваякi - сiбiракi. А Галiна Радзiвонаўна i Аляксандр Рыгоравiч - карэнныя беларусы. Нiяк не маглi перакрыжавацца нашы роднасныя лiнii.

- Ад якiх якасцяў у сваiм характары вы хацелi б пазбавiцца?

- Я вельмi блiзка да сэрца бяру ўсе праблемы.

- А па знешняму выгляду i не скажаш...

- Дык вы ж адкрыйце гараскоп i пачытайце, што напiсана пра Скарпiёна.

- Вы верыце гараскопам?

- Прыслухоўваюся...

- Тады незразумела, чаму на тэлебачаннi няма гараскопа - скажам, у начным выпуску навiн пасля прагнозу надвор’я?

- Цiкавая прапанова. Трэба абдумаць.

- Вы чалавек веруючы?

- Так. Кожную нядзелю мы з жонкай ходзiм у царкву.

- Адносiны да спiртнога?

- Выпiць, канешне, можна. Зрэдку. Я займаюся спортам: тэнiс, бег.

- А рыбалкай - у адпаведнасцi з прозвiшчам?

- Не. Цярпець не магу рыбалку. Так вось у жыццi бывае... Пару разоў вудачку трымаў у руках i кiнуў гэтую справу назаўсёды.

- Дзякуй за гутарку.

Таццяна ПАДАЛЯК.