Ядзім, радуемся… худзеем!

26.06.2015

"Звязда"

Аўтар і вядучы праграмы "Урачэбныя тайны плюс" доктар Цярэшчанка, які і раней выдатна расказваў ды паказваў, як жыць-пажываць, каб хвароб не было, каб здароўя прырасло, на гэты раз вырашыў пайсці "ў народ".

На тэлеканале НТБ-Беларусь паспяхова завяршыўся спецпраект Аляксандра Цярэшчанкі "Тое, што доктар прапісаў!". Беларускія гледачы з цікавасцю сачылі за "васьмёркай смелых" - мужчынамі і жанчынамі рознага ўзросту, якія вырашылі заняцца сваім здароўем пад пільным позіркам тэлекамер і самога Цярэшчанкі.

Удзельнікаў праекта падзялілі на тры групы: з лішняй вагой; тых, каму прапануюць павышаныя фізічныя нагрузкі, і 50+. Умовай удзелу ў праекце быў штодзённы кантроль за сваім станам і выкананне рэкамендацый урачоў па рацыянальным харчаванні з уключэннем у рацыён прадукцыі Exponenta. На падставе вынікаў аналізаў, кансультацыі ўрачоў-спецыялістаў і фітнес-трэнераў для кожнага ўдзельніка была распрацавана персанальная картка харчавання і фізічных нагрузак з улікам тых адхіленняў у здароўі, якія былі спачатку выяўлены. Фінал праекта, які нядаўна быў таксама паказаны ў тэлеэфіры, уразіў і арганізатараў, і ўдзельнікаў.

З самага пачатку васьмёрка смелых здала аналізы крыві. Высветлілася, што нават у маладых і стройных ёсць пэўныя адхіленні ў здароўі, а таму першае, што ўсім нам "доктар прапісаў" - рэгулярнае медыцынскае абследаванне. Неабходна хоць бы раз на год здаваць элементарныя аналізы і кансультавацца з урачом-тэрапеўтам, каб выяўляць магчымыя парушэнні на самым раннім этапе.

"Наогул мы хацелі дабіцца, галоўным чынам, змены стэрэатыпаў у паводзінах большасці беларусаў - паказаць, што правільнае харчаванне і аптымальная фізічная нагрузка дапамогуць палепшыць агульны стан здароўя, наша самаадчуванне", - кажа Аляксандр Цярэшчанка. Харчаванне павінна быць багатым на бялок, агародніну, садавіну, ненасычаныя тлушчы, да якіх адносяцца алеі. Фізічная нагрузка - прыемная для канкрэтнага ўдзельніка праекта, што стала магчымым дзякуючы падключэнню да праекта аквапарка "Лебядзіны", дзе прапаноўваўся як фітнес, так і водныя працэдуры.

…У кожнага ўдзельніка свой план "новага жыцця". Скінуць лішнюю вагу не было самамэтай у гэтым выпадку, аднак удзельнікі «важкай» групы заўважна пастрайнелі! Самы лепшы вынік - мінус 15 кг. Дарэчы, цяпер, калі праект завершаны, а карысныя звычкі засталіся, некаторыя працягваюць фіксаваць зніжэнне вагі.

Паводле слоў галоўнага тэрапеўта Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Вольгі Маршалкі, праект дапамог зразумець, што ёсць здароўе і наколькі яго захаванне залежыць ад нас саміх.

- Асноўныя парушэнні ў харчаванні беларусаў звязаны са злоўжываннем жывёльнымі тлушчамі і недахопам у рацыёне поліненасычаных тлустых кіслот, якія ёсць у марской рыбе, алеях, арэхах, - кажа вядучы навуковы супрацоўнік РНПЦ гігіены Ірына Кедрава. - У працэнтных суадносінах ненасычаныя тлушчы павінны пераважаць у параўнанні з жывёльнымі. Шмат спажываем мы і рафінаваных прадуктаў, якія валодаюць вялікай спажыўнай каштоўнасцю і не змяшчаюць пры гэтым вітамінаў, мінеральных рэчываў, харчовых валокнаў. Адсюль высокая распаўсюджанасць сардэчна-сасудзістых захворванняў, а яшчэ і лішняя вага, звязаны з ёю цукровы дыябет 2 тыпу, а таксама анкалагічныя хваробы.

Прынамсі, харчаванне ўдзельнікаў праекта дапаўняла малочная прадукцыя для аздараўлення Exponenta, якая прадаецца ва ўсіх буйных гіпермаркетах краіны. Гэта не проста малако, сыр, тварожная маса і кісламалочныя напоі з напаўняльнікам ці без яго. 250 г напою Exponenta Actіve змяшчае столькі бялкоў, амінакіслот і прабіётыкаў, колькі чатыры шклянкі малака. Карацей кажучы, арганізму гарантуецца атрыманне неабходнай колькасці хутказасваяльнага бялку жывёльнага паходжання і карысных амінакіслот, зніжэнне тлушчу ў рацыёне і нармалізацыя стрававання… Увогуле, калі паслухаць усіх удзельнікаў тэлепраекта, то кожны з іх проста на сёмым небе ад шчасця ад атрыманых вынікаў, кожны шкадуе, што прафесіяналы, якія тры месяцы былі побач, вымушаны адпусціць іх у "свабоднае плаванне".

Удзельніца праекта Вольга кажа, што страціла 10 кг і вага працягвае зніжацца. Гэта і не дзіўна. Яна вытрымлівала ўсе рэкамендацыі і, згодна з асабістым раскладам, наведвала ў аквапарку водныя працэдуры, якім адводзіла па чатыры гадзіны за «сеанс», так што дадому вярталася бліжэй да поўначы, калі ўжо не да вячэры. 24-гадовы Раман прызнаецца, што "падзапусціў" сябе (яго вага да праекта - 125 кг!), паколькі абсалютна не сачыў за тым, што і як паглынае. Пачаў сачыць і… на сёння амаль 15 кг мінус. Аляксандр заўважае, што ў яго жыцці з’явілася звычайная радасць, пазітыўныя эмоцыі. Элеанора Уладзіміраўна з групы "50+", якая страціла звыш 10 кг, дагэтуль не можа паверыць у сваё шчасце і надзвычайную папулярнасць сярод знаёмых. Фактычна стала "зоркай", у якой кожны пытаецца "як табе гэта ўдалося?". Сапраўды, жанчыны пасля 45-ці цудоўна ведаюць, як год ад года кілаграмы пачынаюць проста ліпнуць і трымаюцца мёртвай хваткай. 26-гадовая хударлявая Ірына была ўпэўнена, што сюрпрызаў чакаць не варта. Але памылілася. Вынікі першапачатковых аналізаў аказаліся не надта добрымі - выявілася, напрыклад, нястача вітаміну D. Аднак праз тры месяцы сітуацыя была ўжо амаль ідэальнай, так што дзяўчына не збіраецца збочваць з указанага шляху. Самы важкі вынік страты вагі паказала Аксана - мінус 15 кг цягам трох месяцаў, аднак на сёння ўжо ўсе 18! Калі яна ўбачыла прапанаваную ёй дыету з 6-разовым ужываннем ежы, то падумала, што праз тры месяцы вага яе дакладна не парадуе. Фітнес жа быў для дзяўчыны проста пакараннем - так няўтульна яна спачатку сябе адчувала.

Дарэчы, самае галоўнае ў фізічных нагрузках - станоўчыя эмоцыі. Не трэба ставіць перад сабой нейкія завоблачныя мэты, нагрузкі не павінны быць катаргай, а ўсяго толькі тым стылем жыцця, які спрыяе фізічнаму і псіхічнаму здароўю.

Застаецца дадаць, што сачыць за сабой сучаснаму чалавеку выдатна дапамагаюць разумныя прылады - у кожным доме сёння могуць быць не толькі электронны тэрмометр, танометр, вагі, але і шэраг іншых прыстасаванняў кантролю за медыцынскімі паказчыкамі, напрыклад, крокамер, тлушчааналізатар.

Святлана БАРЫСЕНКА.