"Я паставіў перад мамай умову: калі перамагу на "Еўрабачанні", яна народзіць мне браціка!"

23.11.2010
"Звязда", 23 лістапада 2010 г.


Пераможцам дзіцячага "Еўрабачання-2010" стаў 12-гадовы Уладзімір АРЗУМАНЯН з Арменіі. Яго песня "Мама" набрала 120 балаў, на адзін бал (!) апярэдзіўшы песню "Bоуs аnd gіrls" канкурсантаў з Расіі Лізы ДРОЗД і Сашы ЛАЗІНА. Песня беларуса Данііла КАЗЛОВА - "Музыкі святло"- замкнула пяцёрку лідараў, набраўшы 85 балаў.
- Я вельмі шчаслівы! - падзяліўся на прэс-канферэнцыі Уладзімір АРЗУМАНЯН. - Арменія першы раз перамагла на гэтым конкурсе, і я вельмі рады. А перамогу я прысніў сёння ноччу: снілася, што будзе цяжкі дзень, але што я перамагу. І маім галоўным талісманам на сцэне быў мой нацельны крыжык. Мая песня пра тое, як я закахаўся і дзялюся гэтым з мамай. Пытаюся ў мамы, што мне рабіць, каб і дзяўчына мяне пакахала.
Цікава тое, што і песня, і сон сталіся вешчымі. На пытанне журналістаў, з кім за час конкурсу хлопчык найбольш пасябраваў, асабліва Уладзімір выдзеліў канкурсантку з Сербіі Соню СКОРЫЧ.
- На конкурсе я закахаўся, - распавёў падлетак. - Гэта Соня з Сербіі, учора я прызнаўся ёй у каханні. Падтрымліваць сувязь мы будзем праз фэйсбук.
Як прызнаўся хлопчык, у яго планах пазначана выданне дыска, дзе ён "будзе спяваць, як і ўсе армяне - пра каханне". А першае, што зробіць Уладзімір па прыездзе дадому - згуляе ў футбол і сходзіць у секцыю каратэ (Уладзімір мае карычневы пояс. - Аўт.)

- Вова, а ці абяцала табе мама што-небудзь у выпадку, калі ты пераможаш?
- Мама абяцала мне дзіця (усміхаецца. - Аўт.). Мы дамаўляліся, што калі я перамагу, яна народзіць мне браціка.

- Як і любая маці, я радуюся за сваё дзіця, вельмі ўсхваляваная і вельмі шчаслівая за свайго сына, - расказала расчуленая мама Уладзіміра. - І перамога на дзіцячым "Еўрабачанні" - гэта вялікая перамога для Арменіі. 

На пытанне, ці адчувае Уладзімір АРЗУМАНЯН сябе зоркай, хлопчык адказаў: "Зоркі - на нябёсах, я не зорка, я - чалавек".

Уладзімір АРЗУМАНЯН нарадзіўся ў 1998 годзе ў горадзе Сцепанакерт (Арменія). Спяваць пачаў у шэсць гадоў, калі мама заўважыла яго схільнасць да музыкі (і бацька, і маці ў хлопчыка - выкладчыкі музыкі). Хлопчык выконвае песні на армянскай, рускай і англійскай мовах і марыць праспяваць дуэтам са Стывам УАНДЭРАМ. Сёлета Уладзімір заняў трэцяе месца на конкурсе "Дзіцячая новая хваля", дзе выступаў пад псеўданімам VОV-1. У творчай скарбонцы хлопчыка - дыпломы нацыянальнага армянскага фестывалю "Карот" і фестывалю імя А. БАБАДЖАНЯНА.

Выніковая табліца галасавання - першая дзясятка:

1. Арменія (120 балаў)
2. Расія (119 балаў)
3. Сербія (113 балаў)
4. Грузія (109 балаў)
5. Беларусь (85 балаў)
6. Літва (67 балаў)
7. Бельгія (61 бал)
8. Малдова (54 балы)
9. Нідэрланды (52 балы)
10. Латвія (51 бал)

Па чутках і кампетэнтна: Дзіцячага "Еўрабачання" больш не будзе?

Звычайна пра тое, якая краіна будзе прымаць конкурс налета, вядома ўжо за год. Пра тое, хто прыме ў сябе наступнае дзіцячае "Еўрабачанне", невядома і сёння. Усё часцей ходзяць чуткі пра тое, што конкурс у Мінску быў апошнім конкурсам дзіцячага "Еўрабачання".
- Мы таксама пра гэта чулі, - дзеліцца ўражаннямі з карэспандэнтам "Звязды" бельгіец Патрык Дэ РОК, бацька бельгійскай канкурсанткі Лауры. - Вельмі шкада, калі гэта праўда. Таму што для дзяцей гэты конкурс вельмі важны. Хутчэй за ўсё, Еўрапейскі вяшчальны саюз закрые яго з-за фінансавых прычын.
Выканаўчы прадзюсар дзіцячага "Еўрабачання-2010" Аляксандр МАРТЫНЕНКА яшчэ перад пачаткам конкурсу гаварыў пра тое, што як член назіральнага савета дзіцячага "Еўрабачання", пастараецца зрабіць усё, каб гэтае "Еўрабачанне" было не апошнім.
А вось выканаўчы прадзюсар конкурсаў песні "Еўрабачанне" Свантэ СТАКСЭЛІУС на пастаўленае пытанне канкрэтнага адказу так і не даў, але чуткі абвергнуў:
- Што датычыць правядзення дзіцячага "Еўрабачання" ў наступным годзе, то мы вядзём перамовы з некалькімі краінамі, але пакуль рана казаць пра якуюсьці канкрэтную краіну. Як вызначымся, так і паведамім. Пакуль што вырашаюцца фінансавыя пытанні. Але я дакладна магу сказаць, што дзіцячае "Еўрабачанне" ў Мінску не стане апошнім.

Дзіцячае "Еўрабачанне-2010": пасляслоўе
 
Прагнозы букмекераў рассыпаліся, як дом з пяску. Канкурсантка са Швецыі, якой прадракалі 1-е месца, размясцілася ў выніку на 11-й пазіцыі. А дуэт з Расіі, наадварот, - падняўся на 12 пунктаў, заняўшы другое месца... Увогуле, сёлетні конкурс у многім здзівіў.
- Склад удзельнікаў у гэтым годзе быў моцным, як ніколі, - гаворыць музычны кіраўнік Данііла Казлова Нэлі Дукава. - Конкурс атрымаўся вельмі магутны. І, як педагог, магу сказаць, што Данііл зрабіў усё, што мог і што было запланавана. На сцэне хлопчык выклаўся на ўсе 100 %, я стаўлю яму 10 балаў.
- Падрыхтоўка, якую правяла Белтэлерадыёкампанія, проста ўражвае, яна цудоўная, - гаворыць выканаўчы прадзюсар конкурсаў песні "Еўрабачанне" Свантэ СТАКСЭЛІУС. - Вельмі важны момант, што атрымалася сабраць разам усіх пераможцаў мінулых гадоў - гэтага раней ніхто не рабіў. Мы задаволеныя тым, як прайшоў конкурс у Беларусі.
Конкурс транслявалі ва ўсе чатырнаццаць краін-удзельніц, а таксама Азербайджан і нават Аўстралію. На конкурс было акрэдытавана больш за 200 журналістаў, у тым ліку з Грэцыі і ЗША. Усе канкурсанты, акрамя маленькай копіі галоўнай узнагароды, якая дасталася пераможцу, атрымалі таксама спецыяльныя прызы ЮНІСЕФ. Самае цікавае, што сам фінал адбыўся ў гадавіну прыняцця Канвенцыі аб правах дзіцяці (20 лістапада 1989 года). З 1996-га года гэты дзень святкуюць як Дзень правоў дзіцяці.
- Усе дзеці на конкурсе выступілі проста цудоўна, - адзначыла пасол добрай волі ЮНІСЕФ Марыя Гулегіна. - Яны падарылі нам вечар шчырай і непадробленай радасці, якім дарослым трэба толькі павучыцца. Калі вы заўважылі, то пасля аб'яўлення вынікаў на сцэне не было ніводнага сумнага твару, усе проста ззялі.

Заслуга мінскага "Еўрабачання" таксама і ў тым, што яна аднавіла сумесную працу з ЮНІСЕФ.

На рэпетыцыях і самім шоу дзіцячага "Еўрабачання" бясплатна пабывалі каля 1200 дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Грошы, атрыманыя арганізатарамі ад галасавання, будуць пералічаныя ЮНІСЕФ на падтрымку звязаных з гэтай праблемай праграм.
Яшчэ адзін паказальны вынік - пераможца конкурсу Уладзімір Арзуманян музыку і словы да сваёй конкурснай песні "Мама" напісаў сам. Ліза Дрозд і Саша Лазін з Расіі, якія занялі другое месца, таксама самі напісалі сваю песню. Тая ж гісторыя і з уладальніцай трэцяга месца Соняй Скорыч з Сербіі.
Усяго з 14 кампазіцый, прадстаўленых на конкурсе, толькі 5 былі аўтарскімі, гэта значыць напісанымі самімі выканаўцамі. У выніку чатыры кампазіцыі з пяці ўвайшлі ў пяцёрку лідараў - у тым ліку і песня Данііла Казлова "Музыкі святло".
- Калі мы глядзім відэазапіс, слухаем фанаграму - складваецца адно ўражанне, затым дзеці выходзяць на сцэну - і ўражанне змяняецца, - гаворыць выканаўчы прадзюсар тэлеканала ЛАД Людміла Барадзіна. - Тое, што конкурс расце, - гэта безумоўна. Тое, што на конкурсе ёсць малеча - яшчэ лепш. Таму што я вельмі насцярожана адношуся да таго, каб конкурс пасталеў. Не хочацца мне ў ім даросласці. Я разумею, што дзеці сёння слухаюць розную музыку і капіруюць многае, але мне не хацелася б, каб на сцэну выходзілі - не дарослыя і не дзеці. Хочацца бачыць на сцэне дзяцей! 

- Наша песня - пра закаханасць хлопчыка і дзяўчынкі, - падзяліліся расіяне Ліза ДРОЗД і Саша ЛАЗІН. - Мы пісалі пра тое, што перажылі асабіста, - пра сяброўства. Гэта песня пра нас.

У нядзелю самалёты з Мінска ўжо везлі ўдзельнікаў конкурсу дадому - на радзіму. Дзяўчынкі з Нідэрландаў, напрыклад, ужо ўчора пайшлі ў школу - пра гэта расказаў тата скрыпачкі Анны Фрэдэрык Лагервай...

Усё часцей ходзяць чуткі пра тое, што наступнае "Еўрабачанне", калі яно ўсё ж такі адбудзецца, мае ўсе шанцы зноў прайсці ў Беларусі. І пакуль прадстаўнікі ЕВС таемна ўсміхаюцца, журналісты ўжо рыхтуюць свае пытанні. Але пажывём - пабачым.

Ілья ЛАПАТО.