"Я не карыстаюся даверам зоркі, якая адкрыла мне сваю душу"

11.03.2005
"Літаратура і мастацтва", 11 сакавіка 2005 г.


Аўтарскі праект Алега ЛУКАШЭВІЧА "Новая калекцыя" - гэта унінальныя здымкі і інтэрв'ю з вядомымі дзеячамі кіно і шоу-бізнесу, моды і палітыкі, тэатра і поп-культуры. Сёлета "Новай калекцыі" споўніцца шэсць год. За гэты час вядучы праграмы здолеў сустрэцца ў Кёльне з Патрысіяй Каас, у Парыжы з куцюр'е Пьерам Кардэнам, на Свіцязі з паэтам Андрэем Вазнясенскім, у Канах з кінарэжысёрамі Пітэрам Грынуэем, Кшыштафам Занусі, Аляксандрам Сакуравым, Атарам Іаселіяні і іншымі зоркамі сусветнай велічыні. А сёння выдатны тэлежурналіст, аўтар праграм "Новая калекцыя" і "Наша спадчына" Алег Лукашэвіч адказвае на пытанні карэспандэнта "ЛіМа":

- Алег, як аўтара тэлевізійнай праграмы "Новая калекцыя" на першым нацыянальным тэлеканале, што вас вабіць у жыцці знакамітых, вядомых ва ўсім свеце людзей?
- У мяне няма пачуцця страху знаёміцца і гутарыць. Насупраць, я заўсёды іду на сустрэчу з вялікім задавальненнем, адчуваю натхненне падчас размовы з моцнай асобай, мудрым чалавекам. Справа ў тым, што мяне ніхто не прымушаў працаваць са знакамітымі людзьмі, сапраўднымі зоркамі. Мне самому было цікава ўпершыню апынуцца на Канскім фестывалі ў 1996 годзе, паляцець у Парыж, сустрэцца з П'ерам Кардэнам. Паехаць на Канскі фестываль не так проста, як здаецца. Абставіны склаліся такім чынам, што ў патрэбны момант разам са мной аказаліся патрэбныя людзі. Яны дапамаглі мне ажыццявіць мае планы і ідэі, за што я ім вельмі ўдзячны.

- Аднойчы вы сказалі, што не рыхтуецеся да інтэрв'ю загадзя, паколькі тады не адкрываецца нешта, што можна назваць "душой" героя. I... ніколі не было страху, што ваша пытанне будзе выглядаць недарэчным?
- Я шмат ведаю пра свайго героя, у якога бяру інтэрв'ю. Аднак не рыхтую для яго спіс пытанняў, паколькі кожнае наступнае пытанне вынікае з папярэдняга яго адказу. Акрамя таго, кожным сваім новым адказам герой можа ўзняць цэлы шэраг цікавых пытанняў. Я вельмі ўважліва слухаю яго адказы, таму не існуе патрэбы трымацца размовы згодна падрыхтаванаму спісу пытанняў. А што тычыцца недарэчных пытанняў, іх наогул не можа існаваць, паколькі я не магу пакрыўдзіць чалавека, якога паважаю.

- А сам арганізацыйны момант: наколькі лёгка ці, наадварот, цяжка выйсці на менеджэра, дамовіцца на інтэрв'ю з сапраўднай зоркай, падысці, пагутарыць, адчуць сябе роўным?
- Сёння гэта не праблема, паколькі я зарэкамендаваў сябе, мяне і маю праграму ведаюць многія агенты зорак. Пасля інтэрв'ю, як правіла, ім дасылаецца матэрыял і я атрымліваю неблагія водгукі. Дарэчы, калі я бяру трэці раз інтэрв'ю ў Грынуэя, гэта пра нешта сведчыць. Мне пашанцавала ў некаторым сэнсе. Я сустрэў патрэбных людзей, якія мне дапамаглі ўвайсці ў гэта вузкае кола. Справа ў тым, што прабіцца туды вельмі складана. I ніякая акрэдытацыя не дапаможа журналісту, калі ён не прадстаўляе моцны сродак масавай інфармацыі са шматмільённымі тыражамі ці з буйнымі тэлевізійнымі каналамі. Я, на жаль, не прадстаўляю такі канал, паколькі Беларусь - сярэдняя краіна ў Еўропе. Я ажыццяўляю свае задумы, толькі дзякуючы маім асабістым сувязям.

- Для гэтага, мяркую, трэба быць выдатным псіхолагам, адгадваць настрой чалавека...
- Безумоўна, падчас гутаркі варта адразу зрабіць так, каб чалавек пазітыўна настроіўся і адкрыў сваю душу. Тады інтэрв'ю атрымаецца. Справа ў тым, што адказы на пастаўленыя пытанні могуць складацца з аднаго сказа, і нават са слоў "так" ці "не". А каб гэтак не атрымалася, трэба ўнутрана і псіхалагічна настроіць героя сваёй сімпатыяй, каб ён адкрыўся і перадаў сваю сімпатыю гледачу. Для мяне гэта няцяжка. Адзначу, што практычна ўсе мае суразмоўцы - прыемныя людзі, таму напружаных сітуацый падчас інтэрв'ю не існуе.

- Якіх правілаў і табу варта прытрымлівацца падчас гутаркі з зоркамі?
- Ніякіх правілаў няма. Мяне не цікавяць пытанні інтымнага характару, а таксама тыя, якія маюць нейкае значэнне для масавай публікі. Існуюць спецыяльныя праграмы і выданні, разлічаныя на масавы густ. Мэта маёй праграмы зусім іншая. Напрыклад, сёння Патрысія Каас аддае перавагу аднаму дызайнеру, а праз два гады ёй будзе падабацца другі. Аднак, нягледзячы на гэта, яе думкі наконт шчасця, і разуменне глабальных пытанняў не зменяцца з цягам часу.

- Ці існуе нейкае універсальнае пьгганне, з якім вы звяртаецеся без выключэння да кожнага свайго героя?
- Як правіла, гэта філасофскія пытанні наконт кахання, шчасця, жыцця, смерці. Мне самому вельмі цікава пачуць мудрыя думкі пра жыццёвыя прынцыпы ад людзей, якія пакінулі свой адметны след у гісторыі і якія маюць вялікае значэнне для сусветнай супольнасці. Мне вельмі прыемна знаёміцца з імі і даведвацца менавіта ад іх, у чым сэнс жыцця, кахання. Гэта вельмі важна.

- Хто сярод герояў вам падабаецца больш і хто менш?
- Я не магу назваць такіх імёнаў, паколькі ў маіх праграмах няма "прахадных" фігур. Тыя людзі, з якімі я сустракаўся, былі цікавыя перш за ўсё для мяне самога. Няма ніводнай асобы навязанай мне кім-небудзь. Кожны чалавек быў мне сімпатычны з самага пачатку, таму казаць сёння, што нехта падабаецца больш або менш, немагчыма. Я не магу вылучыць адно імя з цэлага шэрагу зорак, якія мне вельмі падабаюцца.

- 3 1996 года вы працуеце на Канскім фестывалі і за гэты час пазнаёміліся з многімі людзьмі. Пры чарговай сустрэчы з імі ставіцеся да іх, як да добрых знаёмцаў, ці адчуваеце нейкую мяжу?
- Сапраўды, з некаторымі зоркамі ў мяне склаліся добрыя адносіны. Я быў у іх дома. Мы можам разам адпачыць увечары.Але я ніколі не дазваляў называць сябе сябрам свайго героя. Хай той чалавек назаве мяне сваім сябрам. Мне гэтага будзе дастаткова. Але шчыра кажучы, мне дастаткова ўжо таго, што зоркі запрашаюць мяне на вячэру ў свой дом. I я прынцыпова не расказваю, з кім у мяне склаліся цёплыя адносіны, паколькі для мяне больш важныя іншыя каштоўнасці. Я не шукаю карысці з даверу зоркі, якая адкрыла мне сваю душу, пусціла мяне ў свой свет. Я не магу карыстацца гэтым і выносіць на ўсеагульны агляд.

- Якія якасці, на ваш погляд, уласцівыя зоркам, ці ёсць нейкія нацыянальныя (інтэрнацыянальныя) рысы?
- Любая зорка высокага палёту, якая дасягнула сусветнага ўзроўню, стану і статуса ў жыцці, заўсёды будзе вельмі адкрытай, простай і прыемнай у гутарцы, чалавечнай, добрай, спагадлівай па жыцці. Такім людзям зусім не ўласцівыя фанабэрыстасць, ганарыстасць, зорнасць. Дарэчы, зорны пыл уласцівы "аднадзёнкам", якія сёння карыстаюцца масавым попытам на сваю прадукцыю, а заўтра пра іх ніхто не прыгадае. Я з такімі людзьмі не гутару. Што тычыцца нацыянальных і інтэрнацыянальных рысаў, безумоўна, яны прысутнічаюць. Так, напрыклад, італьянцу ўласцівы паўднёвы тэмперамент. Усе зоркі - гэта звычайныя людзі, якія зрабілі сябе самі. Яны проста вылучыліся з натоўпу сваёй працавітасцю. Яны вельмі шмат працавалі над тым, каб заняць сваё месца на вяршыні Алімпа. Поспех не зваліўся ім з нябёс. Безумоўна, удача - надта важны складнік у жыцці. Аднак, калі ў чалавека няма працаздольнасці і жадання дасягаць вышыні, ніякая ўдача не дапаможа. Яны ішлі да гэтай вышыні, не пераступаючы праз прыступкі, а пераадольваючы кожную замінку на лесвіцы да перамогі. Хто хутка падымаецца, той балюча падае. Сапраўдным зоркам нічога проста так не давалася, гэта неверагодна руплівае ўзыходжанне на сусветны п'едэстал.

- Вы задаволены тым, як складаецца ваша прафесійная дзейнасць?
- Безумоўна. Я стараюся працаваць у галіне, дзе я магу быць першапраходцам. Так адбывалася з "Новай калекцыяй". А зараз я працую над іншымі, не менш цікавымі для мяне праектамі.

- Усё-ткі, калі б вам прапанавалі выбіраць паміж творчай дзейнасцю, славай, асабістым шчасцем, чаму б аддалі перавагу?
- Я не аддаў бы перавагу чамусьці аднаму са спісу пералічанага, паколькі лічу, што чалавек не можа быць шчаслівым, калі яму не прыносяць задавальнення творчыя задумы. Усё павінна быць узаемазвязана, існаваць у гармоніі. Але, на жаль, жыццё складаецца так, што шчасце не можа быць вечным. Існуюць такія жыццёвыя сітуацыі, калі не ўсё адбываецца гладка. Каб ісці наперад, трэба ўвесь час пераадольваць супраціўленне. Для таго, каб нешта атрымоўвалася, варта вучыцца на памылках.

Марына ЦЯРЭШЧАНКА.