"Я не баюся абвiнавачванняў, быццам мы малюем пацемкiнскiя вескi"

13.07.2006
"Рэспубліка", 13 июля 2006 г.


Журналiсты радыёстанцыi "Беларусь" вядуць перапiску са сваiмi слухачамi з-за мяжы i нават запрашаюць iх у госцi
Першая беларуская радыёпраграма, адрасаваная суайчыннiкам за мяжой, выйшла ў мiжнародны эфiр у 1962 годзе. Перадачы былi аднамоўнымi - вялiся па-беларуску i заставалiся такiмi даволi працяглы час. Толькi з 1985 года з’явiлiся трансляцыi на нямецкай, а з 1998-га - на рускай i англiйскай мовах. Але аб’ём замежнага вяшчання заставаўся нязменным - чатыры гадзiны. Сёння радыёстанцыю "Беларусь" Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii Рэспублiкi Беларусь можна слухаць 15 гадзiн штодня. З iх пяць гадзiн - у эфiры на кароткiх i сярэднiх хвалях i дзесяць - у Iнтэрнэце ў рэжыме онлайн. А ў новым сезоне эфiрнае вяшчанне павялiчыцца яшчэ на дзве гадзiны.

Аб днi сённяшнiм радыёстанцыi "Беларусь" мы гутарым з яе галоўным дырэктарам Навумам Гальпяровiчам.

- Навум Якаўлевiч, цi далёка сёння чуваць Беларусь?
- Наш эфiрны сiгнал упэўнена могуць прымаць слухачы прыблiзна 20 краiн Заходняй, Цэнтральнай i Усходняй Еўропы. У той жа час, як сведчаць лiсты нашых слухачоў, праграмы радыёстанцыi "Беларусь" ведаюць у ЗША, Японii, Кiтаi i iншых краiнах. Пашырэнню аўдыторыi добра паспрыяла леташняе размяшчэнне англамоўнага вяшчання ў Iнтэрнэце. Прамы iнтэрнэт-эфiр выклiкае вялiкую цiкавасць слухачоў. У мiнулым годзе праграмы слухалi больш 17 тысяч карыстальнiкаў з 76 краiн свету. Прыблiзна па 70 разоў у суткi наведваецца веб-старонка нашай радыёстанцыi. Акрамя таго, у канцы мiнулага года Белтэлерадыёкампанiя падпiсала дамову з радыёкампанiяй "Голос России", якая мае даўнi вопыт замежнага вяшчання i вялiкую колькасць слухачоў ва ўсiм свеце - працуе на 32 мовах! Згодна з гэтай дамоўленасцю праграмы радыёстанцыi "Беларусь" рэгулярна тры разы на тыдзень гучаць на хвалях сусветнай рускай службы "Голос России" з нашымi навiнамi. Такiм чынам мы атрымлiваем па ўсiм свеце дадатковага рускамоўнага слухача, павялiчваючы сваю патэнцыяльную аўдыторыю на 100 мiльёнаў чалавек. У далейшым думаем працягваць гэта супрацоўнiцтва, рыхтаваць праграмы на польскай мове. Пашырэнне аўдыторыi - вельмi важны напрамак нашай работы.

- Што прапануе радыёстанцыя "Беларусь" замежным слухачам?
- У нашых праграмах - навiны i iнфармацыйна-аналiтычныя выпускi, радыёсустрэчы з дзяржаўнымi, палiтычнымi, грамадскiмi i рэлiгiйнымi дзеячамi, вучонымi, пiсьменнiкамi i музыкантамi, майстрамi мастацтва i народнай творчасцi, спартсменамi. Шмат увагi надаём знаёмству слухачоў з нашай гiсторыяй, культурай. Напрыклад, на чатырох мовах шырока расказваем пра беларускую лiтаратуру, яе шэдэўры, чытаем творы беларускiх аўтараў. Ёсць музычныя праграмы, дзе гучаць i беларускi фальклор, i класiка, i сучасныя мелодыi.

- Што сёння найбольш цiкавiць замежнага слухача?
- Калi гаварыць, напрыклад, пра музыку, то гэта перш за усё фальклор, этна. Цёпла ўспрымаюць "Песняроў", ансамблi "Троiца", "Стары Ольса", "Бяседа", дуэт "Аляксандра i Канстанцiн". Нават заяўкi дасылаюць з просьбай паўтарыць. З задавальненнем слухаюць акадэмiчную беларускую музыку, якая мае нацыянальную афарбоўку. А вось да эстрады цiкавасцi менш, вiдаць, сваёй дастаткова, хаця ведаюць многiх нашых папулярных выканаўцаў.
Шмат пытанняў пра сярэдневяковую гiсторыю нашай краiны. Што да сучаснасцi, то найбольшая цiкавасць да эканомiкi, унутранай i знешняй палiтыкi дзяржавы, сацыяльна-бытавога жыцця краiны, культуры i турызму. У сваiх перадачах мы актыўна адгукаемся на гэтыя тэмы, бо гэта запатрабаванне нашых слухачоў.

- Дарэчы, як падтрымлiваецца зваротная сувязь?
- Атрымлiваем лiсты па пошце i на электронны адрас. Пiшуць даволi актыўна i з самых розных кропак свету - ЗША, Канады, Японii, Новай Зеландыi, Багамскiх астравоў. Але самымi галоўнымi нашымi слухачамi пакуль застаюцца жыхары Еўропы. Напрыклад, ёсць такi цiкавы спадар Ульмар Квiк са Швецыi. Ён больш за сорак гадоў працаваў настаўнiкам, чалавек з вельмi актыўнай жыццёвай пазiцыяй, мае шырокае кола сяброў ва ўсiм свеце. Па электроннай пошце пiша нам практычна кожны дзень, дае падрабязны аналiз пачутых перадач. Бывае, што i крытыкуе. Але ў першую чаргу адзначае дынамiчнасць нашых праграм, iнфармацыйную насычанасць i выдатную англiйскую мову. Дарэчы, гэтай восенню збiраемся запрасiць спадара Квiка ў госцi, каб пазнаёмiцца асабiста. А вось яшчэ адна наша слухачка кавалер ордэна Брытанскай iмперыi Маргарэт Бэмфорд у нашай рэдакцыi ўжо гасцявала. Ёй вельмi спадабалася, i яна абяцала стаць нашым прамоўтарам у Англii, запрашаць усiх слухаць радыёстанцыю "Беларусь".

- Мiж тым нярэдка ў замежжы Беларусь спрабуюць прадставiць у негатыўным святле. Вашы перадачы не папракаюць у лакiроўцы рэальнасцi?
- Я не баюся абвiнавачванняў у зададзенасцi, быццам мы нейкiя пацёмкiнскiя вёскi малюем. На мой погляд, гэта нармальнае чалавечае iмкненне - прадстаўляючы свой дом, сваю зямлю, сваю радзiму, расказваць пра iх усё самае лепшае, тое, чым ганарышся i што любiш сам, каб перадаць гэтую любоў другiм людзям. Мiж тым у кожнай нашай праграме неназойлiва гучыць: прыязджайце i параўнайце, паглядзiце на свае вочы, праўду мы гаворым цi не. Дарэчы, мы часта даём у эфiр уражаннi замежных грамадзян ад наведвання Беларусi. Як правiла, гэта станоўчыя водгукi. Канечне, погляд турыстаў можа быць у пэўнай меры абмежаваны. Але тое, што яны бачаць прыгожую, чыстую, светлую краiну, добразычлiвых людзей, - гэта адназначна. I гэта зусiм не тое, у чым iх часам спрабуюць пераканаць, паказваючы Беларусь шэрай, беднай, змрочнай краiнай, дзе жывуць людзi, якiя ўсяго баяцца. Шчыра кажучы, мы чакалi, што з намi будуць палемiзаваць, выказваць нязгоду, асаблiва наконт праграм па мiжнароднай палiтыцы. Але пакуль такiх зваротаў практычна няма. Наадварот, многiя нашы замежныя слухачы адзначаюць, што ў асвятленнi гэтых пытанняў тон каментарыяў радыёстанцыi "Беларусь" вытрыманы, добразычлiвы i скiраваны ў першую чаргу на сяброўства з iншымi народамi, а не канфрантацыю.

Iрына СВIРКО, "Р".