"Я ўзяў гусака на рукі і сказаў: "Спявай, Валера!"

01.04.2016 "Звязда"

1 красавіка апантаныя жартаўнікі чакаюць з нецярпеннем. У гэты дзень любы жарт, нават самы праўдападобны, можна абумовіць проста: "Не крыўдуй! Сёння свята гумару!" Нашы сённяшнія суразмоўцы - музыканты, артысты, тэлевядучыя, - як пераканаўся карэспандэнт "Звязды", жартуюць пастаянна і па-творчы нечакана. Што з гэтага атрымліваецца, у якіх яны стасунках з Днём гумару, мы распыталі і ўсё занатавалі.

Віталь КАРПАНАЎ, лідар музычнага гурта "Дразды", вядучы праекта "Пін_код" на канале "Беларусь 2":

- Самы нечаканы розыгрыш здарыўся з нашай групай напрыканцы мінулага года. Мы ўдзельнічалі ў адборы на "Еўрабачанне-2016" з песняй "Павязу ў вёску". Гэта быў жывы эфір. Перад сцэнай - журы. Узровень сур'ёзны.

Калі мы выходзілі на сцэну, сябры перадалі нам скрыню і сказалі: "Адчыніце яе на сярэдзіне сцэны. Там няма нічога страшнага". Мы так і зрабілі. І калі яе адкрылі, адтуль вылез сапраўдны гусак. Мы, безумоўна, былі агаломшаныя, шакіраваныя ўбачаным.

Што зробіш, разыгралі нас класна. Але не спыняцца ж пасярод выступлення, праўда? Пачалі імправізаваць. Я ўзяў гусака на рукі і сказаў: "Спявай, Валера!" Так і выступілі з ім дуэтам. Пасля адбора птушкі разышліся па ўсім Інтэрнэце. Як ён пачуваецца цяпер? Жывы, здаровы. Стаў сапраўднай "зоркай". Мае дзве сяброўкі-гусі. Нам пасля кастынгу на "Еўрабачанне" сталі паступаць розныя прапановы выступіць разам з Валерам. У маскоўскіх клубах гэта была б даволі прыбытковая справа.

Ілья КОНАНАЎ, вядучы праграмы "Капейка ў капейку" на канале "Беларусь 2":

- Мы пастаянна жартуем з калегамі. І адзін з самых яскравых выпадкаў здарыўся з адной нашай калегай. На той час у яе была машына "Дэу Маціз". Такі невялічкі, кампактны аўтамабіль. Дык вось, ведаючы, што машына такая лёгкая, мы з хлопцамі захацелі праверыць, ці здолеем яе ўзняць. Аказалася, што зможам.

У выніку мы вырашылі разыграць дзяўчынку і перанеслі аўто з адной паркоўкі на другую, цераз дарогу. Пасля стаім, чакаем рэакцыю знаёмай. Калі яна даведалася, што яе машыны няма на стаянцы, пачала тэлефанаваць у ДАІ, на ўсе найбліжэйшыя штрафстаянкі. Яна была ў адчаі, бо ніхто не мог сказаць, дзе знаходзіцца яе "Дэу".

Хвілін дваццаць мы чакалі, а пасля сказалі: "Дык паглядзі цераз дарогу, вунь жа яна!" Дзяўчына гэтая вельмі спакойная, нават меланхалічная. Вывесці яе з сябе вельмі складана. Аднак тут я ўбачыў другі бок медаля. Яна на нас крычала і абуралася. Чалавека было не пазнаць.

Са мной падобных выпадкаў ніколі не здаралася. Ды і маю машыну наўрад ці нехта падыме. Але ў стане, калі шалёна шукаў аўто, а яго нідзе не было, я таксама аказаўся. Было тады крыўдна. Думаў, купіў машыну два тыдні таму, а яна ўжо знікла. Аднак у выніку знайшлася - на штрафстаянцы Дзяржаўтаінспекцыі.

Дзмітрый КАРАСЬ, вядучы "Тэлебарометра":

- У маёй памяці адбіўся выпадак, які наўрад ці назавеш смешным, але ён стаў для мяне сапраўдным сюрпрызам. Мае аднакурсніцы - дзве Ірыны і Ганна - доўгі час жылі і працавалі ў Японіі. Мы пастаянна кантактавалі, гутарылі з імі праз Інтэрнэт. І вось аднойчы я пайшоў у госці да нашых агульных сяброў. Мы дзесьці паўтары гадзіны размаўлялі, нешта абмяркоўвалі, і тут раптам нашы дзяўчаты, якія павінны былі быць на іншым канцы свету, заходзяць у пакой... Я адчуў, нібыта зямля сыходзіць з-пад ног. Арганізавалі вось такую змову. Для мяне гэта было неспадзяванкай, узрушэннем, сапраўдным сюрпрызам.

Што тычыцца смешных выпадкаў, іх хапала на здымках.

Напярэдадні Года свінні мы здымалі святочны выпуск "Добрай раніцы, Беларусь!". Нам прывезлі парася з заапарка. Я трымаў яго ў руках і павінен быў віншаваць тэлегледачоў з надыходзячым святам. У гэты момант рэжысёр сказаў, каб я ўзяў жывёлінку бліжэй. А парасятка ўсхвалявалася і... Ну, вы разумееце, што яно нарабіла. Гледачы, гэтага, вядома, не пабачылі.

Арцём ЛУК'ЯНЕНКА, саліст гурта NAVІ, радыёвядучы:

- Першага красавіка мая былая сяброўка аднойчы прызналася мне ў тым, што яна цяжарная. Шчыра кажучы, тады мне стала страшна. Я проста быў не гатовы да падобнага павароту ў сваім жыцці, меў зусім іншыя планы. Сядзеў, думаў, пераасэнсоўваў сваё жыццё... І толькі праз некалькі гадзін я ўсвядоміў, што гэта жарт, а сёння Дзень дурня.

І калі яна прызналася, што гэта сапраўды жарт, я нават не сварыўся. Ведаеце, я доўгі час іграў у КВЗ, нават часам прысутнічаю ў журы. Люблю паглядзець "Камедзі батл", але такія жарты, як гэтыя, не люблю. Гэта занадта жорстка, танна. І... няправільна. І хачу параіць дзяўчатам, каб так з хлопцамі не рабілі. Усё ж такі ёсць шмат больш цікавых і прыемных жартаў.

Вольга САЦЮК, спявачка, тэлевядучая хіт-парада "Сто песень для Беларусі" на "Беларусь 3":

- А мяне на першага красавіка ніхто ніколі не разыгрываў. І, шчыра кажучы, я гэтым не засмучана. Жартаваць трэба і ў астатнія дні. Мае сябры такія крэатыўныя, што не ведаеш, чаго ад іх чакаць. Яны здольныя на многае. І я думаю, што ў мяне ўсё яшчэ наперадзе. А цікавых, нечаканых выпадкаў на працы, якія межавалі з розыгрышамі, хапала. Вось, напрыклад, гісторыя.

Я шмат гадоў запар удзельнічала ў Галоўнай ёлцы краіны. Спектакль быў адзін, але паказаў - шмат. І нам рэжысёр часам мяняў рэплікі, касцюмы, песні. Мог дадаць яшчэ аднаго героя. Напачатку, калі толькі даведалася пра гэта, крыху збянтэжылася. Але пасля адчула асалоду, бо гэта была сапраўдная імправізацыя на прафесійным узроўні.

Заўтра з тэлевядучым Антонам Мартыненкам мы будзем працаваць на гала-канцэрце міжнароднага фестывалю "Зорныя кветкі - 2016", а сёння пойдзем да канкурсантаў і будзем жартаваць і разыгрываць іх. Пабачым, што атрымаецца.

Тарас ШЧЫРЫ.