"Я хачу гэта ўбачыць"

30.10.2015 "Звязда"

Адкрывайце Беларусь з аднайменнай праграмай.

Праграма "Я хачу гэта ўбачыць", якая выходзіць у эфіры маладзёжнага тэлеканала "Беларусь 2" і міжнароднага "Беларусь 24", стала пераможцай ХІІІ рэспубліканскага турыстычнага конкурсу "Пазнай Беларусь" у намінацыі "За творчы падыход у асвятленні турызму".

Конкурс заснаваны Міністэрствам спорту і турызму ў 2003 годзе. Штогод пасля заканчэння летняга сезона вызначаюцца ўдзельнікі, якія наведалі найбольшую колькасць турыстычных аб’ектаў, расказалі пра гэта ў СМІ і г.д. Сёлета пераможцаў выбіралі ў васьмі намінацыях.

- Праект "Я хачу гэта ўбачыць" з’яўляецца даведнікам для многіх гледачоў, якія пасля прагляду адпраўляюцца вандраваць па нашым маршруце і дзякуюць за падказкі. Перамога на конкурсе "Пазнай Беларусь" - для нас творчы камплімент, што прагучаў не толькі ад сяброў і калег, але і ад сапраўдных прафесіяналаў у сферы турызму. Значыць, наша зладжаная каманда паспяхова працуе. У нас у планах наведаць яшчэ многія рэгіёны Беларусі і славутасці за яе межамі, - адзначыў аўтар і кіраўнік праекта Уладзімір Богдан.

Нагадаем, праект "Я хачу гэта ўбачыць" стартаваў на беларускім тэлебачанні ў жніўні мінулага года. Ён знаёміць тэлеаўдыторыю не толькі са славутасцямі Беларусі, але і адкрывае нашых унікальных майстроў, распавядае пра народныя рамёствы і нацыянальную кухню.

Алена ДРАПКО.