XXІІ "Лістапад" - у тэле- і радыёэфіры

06.11.2015

"Звязда"

З 6 па 13 лістапада ў сталіцы будзе праходзіць ХХІІ Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад". Па традыцыі, адным з арганізатараў найбуйнейшага кінафоруму з’яўляецца Белтэлерадыёкампанія. І ў эфіры тэле- і радыёканалаў можна будзе сачыць за аглядамі фестывальных дзён, навінамі, а таксама ўбачыць урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця.

Дэвіз сёлетняга форуму - "Асалода для вачэй", якая, паводле слоў арганізатараў, выяўляецца ў непаўторных нюансах і дэталях: драматургіі, мове кіно, гульнях святла і ценяў… Геаграфія фестывалю ў гэтым годзе ахоплівае максімальна далёкія краіны: ад Японіі, Паўднёвай Карэі, В’етнама і Малайзіі на ўсходзе, да Бразіліі, Калумбіі, Кубы і ЗША на захадзе, ад Ірана і Катара на поўдні да Ісландыі і Грэнландыі на поўначы. З кожным годам спіс папаўняецца, і гэта кажа пра тое, што фестываль жыве, развіваецца і стварае незабыўную атмасферу, у якую хочацца акунацца зноў і зноў.

За ходам падзей кінафоруму гледачы змогуць сачыць у эфіры тэле- і радыёканалаў Белтэлерадыёкампаніі. Так, 7 лістапада ў эфіры "Беларусь 1" у 14.30 будзе прадстаўлена тэлеверсія ўрачыстай цырымоніі адкрыцця "Лістапада-2015", якая адбудзецца ў кінатэатры "Масква". Як запэўніваюць арганізатары, мерапрыемства абяцае стаць яркім запамінальным дзействам. Адзін з сюрпрызаў, які чакае гасцей вечара, - незвычайнае відэаграфічнае рашэнне і якасная музыка. Дарэчы, сярод яркіх элементаў - шоу-аркестр Аляксандра Ліпніцкага. 14 лістапада ў той жа час галоўны канал краіны пакажа цырымонію закрыцця, вядучымі якой, як і адкрыцця фестывалю, стануць Вера Палякова і Дзяніс Паршын.

Шырока асвятляць кінафорум будзе Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі: сачыце за выпускамі "Навін", праграмай "Панарама" і праектам "Галоўны эфір" на "Беларусь 1". Гледачоў таксама чакаюць спецыяльныя выпускі праектаў "Нашы" і "Актуальнае інтэрв’ю", героямі якіх стануць знакамітыя госці фестывалю.

Асноўныя падзеі "Лістапада-2015" знойдуць адлюстраванне і ў выпусках праектаў "ТэлеРаніца" і "ПІН_КОД" на "Беларусь 2".

Тэлеканал "Беларусь 3" прадставіць увазе гледачоў тэматычныя выпускі праграмы "Калейдаскоп" са спецыяльна запрошанымі гасцямі. Напрыклад, 6 лістапада ў праекце - дырэктар праграм ігравога кіно "Лістапада" Ігар Сукманаў. 8 лістапада культуралагічны канал пакажатэлеверсію ўрачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю (17.35).

Асвятляць Мінскі міжнародны кінафорум будуць таксама радыёканалы медыяхолдынга. У эфіры Першага нацыянальнага канала ў рамках праграмы "Раніца з Беларускім радыё" будуць прадстаўлены "Дзённікі" фэсту. А ў праекце для дзяцей і моладзі "Адкрытая пляцоўка" гаворка пойдзе аб конкурсе "Лістападзік". Акрамя гэтага, слухачы галоўнага радыёканала краіны змогуць даведвацца пра падзеі форуму з выпускаў "Навін". Радыё "Беларусь", "Сталіца", "Культура" і "Радыус FM" таксама будуць трымаць слухачоў у курсе падзей XXІІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад".

Сачыце за эфірамі любімых праектаў і перадач!

Алена ДРАПКО.