Вызначаны парадак выступленняў удзельнікаў на "Еўрабачанні-2016"

13.04.2016 "Звязда"

Прадстаўнік Беларусі спявак ІVAN выйдзе на сцэну "Еўрабачання" ў другім паўфінале, 12 мая, пад нумарам 5. Такое рашэнне агучылі днямі прадзюсары песеннага шоу.

Адзначым, што размеркаванне ўдзельнікаў сёлета адбывалася не праз лёсаванне, а паводле рашэння рэжысёраў-пастаноўшчыкаў "Еўрабачання". Рэжысёрская група прагледзела ўсе пададзеныя відэаматэрыялы і расставіла канкурсантаў такім чынам, каб пазбегнуць спалучэння некалькіх аднатыпных кампазіцый запар і разам з тым дасягнуць найбольшай разнастайнасці і відовішчнасці. (Упершыню такі фармат расстаноўкі ўдзельнікаў, нагадаем, быў выкарыстаны 3 гады таму, у 2013-м.) Паводле слоў шведскага прадзюсара "Еўрабачання-2016" Крыстэра Б'ёркмана, пэўныя складанасці выклікаў той факт, што сёлета 2/3 удзельнікаў - гэта сольныя выканаўцы, многія з якіх да таго ж выбралі песні ў больш ці менш блізкім стылі. Так, у першы паўфінал трапілі 8 спявачак з поп-кампазіцыямі, у першай палове другога паўфіналу сышліся адразу 6 салістаў-мужчын... "Нашай задачай было даць кожнай песні максімальную прастору, каб дазволіць ёй вылучыцца сярод іншых і запомніцца за 3 хвіліны, - адзначыў Б'ёркман. - Атрыманым вынікам я вельмі задаволены: цяпер у кожнага артыста ёсць шанц быць заўважаным".

Адкрые "Еўрабачанне-2016" Фінляндыя, якая выступіць 10 мая пад нумарам 1. Далей эстафету падхопяць Грэцыя, Малдова, Венгрыя, Харватыя, Нідэрланды, Арменія, Сан-Марына, Расія, Чэхія, Кіпр, Аўстрыя, Эстонія, Азербайджан, Чарнагорыя, Ісландыя, Боснія і Герцагавіна, а завершыць конкурсны дзень Мальта.

У другім паўфінале ўдзельнікаў будзе на аднаго больш, і канкурэнцыю беларускаму артысту ІVAN'у складуць артысты і калектывы з 18 краін. Цалкам парадак выступленняў 12 мая выглядае наступным чынам: Латвія, Польшча, Швейцарыя, Ізраіль, Беларусь, Сербія, Ірландыя, Македонія, Літва, Аўстралія. Славенія, Румынія, Балгарыя, Данія, Украіна, Нарвегія, Грузія, Албанія і Бельгія. 14 мая ў фінале, нагадаем, да 20 шчасліўчыкаў - па 10 лідараў з кожнага паўфіналу - далучацца краіны "вялікай пяцёркі" арганізатараў і краіна-гаспадыня сёлетняга конкурсу: Францыя, Іспанія, Швецыя, Германія, Італія і Вялікабрытанія.

...А пакуль артысты працягваюць рыхтавацца да гадзіны "ікс" і ўдзельнічаць у прома-вечарынках, якія праходзяць у розных краінах напярэдадні шоу, шведская сталіца пачала фінальны адлік "Еўрабачання". У Стакгольме днямі адкрылася спецыяльная скульптура - сімвал конкурсу, якая змяшчае 3D-лагатып "Еўрабачання-2016" у выглядзе 4-метровай кветкі дзьмухаўца і гадзіннік з музыкай.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.