Выстава "Калыханцы-35"

28.01.2016

По сообщению theatre-museum.by

Белтэлерадыёкампанія і канал “Беларусь 3” з 4 лютага па 1 сакавіка ладзяць выставу “Калыханцы” - 35!” У Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ўпершыню будзе прадстаўлена ўнікальная калекцыя лялечных персанажаў праграмы.

Наведвальнікі музея змогуць убачыць казачных сяброў першых гледачоў “Калыханкі” - сабачку Цяву, зайчыка Даўгавушыка, воўка Вову, ката Марціна, дзяўчынку Васілінку, хлопчыка Васілька, дзядулю Лесавічка. Любімымі многімі пакаленнямі застаюцца Буслік, сімвал Беларусі, знакаміты Дзед Барадзед, усім вядомыя мядзведзік Топа, лісічка Яна і Сплюшык. І гэта далёка не поўны спіс лялечных герояў, на якіх вырасла не адно пакаленне беларусаў.

Апроч лялек, у экспазіцыі можна будзе ўбачыць рэдкія архіўныя фотаздымкі, цікавыя кадры са здымачнай пляцоўкі, калекцыю касцюмаў вядучых. Падчас выставы будзе паказаны відэафільм пра гісторыю “Калыханкі”.

У дзень адкрыцця выставы самая вядомая дзіцячая праграма краіны атрымае віншаванні з юбілеем ад прадстаўнікоў Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі, партнёраў тэлеканала “Беларусь 3”.

Святочную атмасферу і добры настрой гасцям падораць зоркі беларускай эстрады, тэатра і кіно, сярод якіх - сучасныя і былыя вядучыя “Калыханкі”.

Гэта ўнікальная магчымасць акунуцца ў казку даўжынёй у 35 гадоў!

Урачыстае адкрыццё выставы - 4 лютага а 18.00. Прэс-канферэнцыі для СМІ адбудзецца ў 16.30.

Выстаўка працягнецца да 1-га сакавіка.