Выканаўца з Магілёва ў новым цыкле канцэртаў аўтарскай песні

30.01.2016

"Звязда"

Цыкл канцэртаў "Подых струн" пачынаецца ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі пры ўдзеле тэлевізійнага канала "Беларусь 3". Сустрэчы з бардамі (ці аўтарамі і выканаўцамі ўласных песень) плануюць ладзіць кожны месяц. І не сумнявайцеся, што імёнаў і ўдзельнікаў будзе дастаткова: у нашай краіне нямала тых, хто вядомы сваёй адметнай творчасцю і час ад часу дае канцэрты. 30 студзеня першым выйдзе на сцэну Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ў рамках новага цыкла выканаўца з Магілёва Аляксандр Баль.

З песні слова не выкінеш, асабліва калі яна ўжо гучыць пад гітару. Барды, або людзі, што спяваюць свае песні, - гэта асаблівая каста выканаўцаў, якая ведае нейкі асаблівы падыход да слухача. Калі слухаеш песні пад гітару, то неяк міжволі ўяўляеш вольнае паветра, агонь, які ўночы асвятляе твары тых, хто пасеў вакол, і ўзнікае адчуванне спавядальнасці, шчырасці, нібыта ідзе сяброўская размова. Толькі пакладзеная на акорды. І не так важна, сапраўды ты ў лесе або ў іншай нефармальнай абстаноўцы, ці ў прыгожай зале. "Песні пад гітару" яшчэ з савецкіх часоў прыцягвалі цёплай чалавечай інтанацыяй або нервам і энергіяй, якія вылучалі людзей неабыякавых. Аўтары і выканаўцы нават у іміджы імкнуліся падкрэсліць сваю адрознасць ад эстрадных артыстаў з прадуманым правільным іміджам. І гэта таксама прываблівала. У наш час усё дакладна гэтак жа. І часам, акрамя спеваў пад зададзены рытм, хочацца паўзаў і ціхіх акордаў.

У Аляксандра Баля шмат слухачоў - і не толькі ў Беларусі. Ён лаўрэат шматлікіх фестываляў аўтарскай песні, у тым ліку славутага Грушынскага. Але і ў Беларусі адзначаны ўвагай: лаўрэат рэспубліканскіх фестываляў тэатральнай моладзі, напрыклад у 1998 годзе за стварэнне мона-спектакля "Вайна".

Але сваё права на творчасць даказваў вельмі ўпарта, таму што папрацаваць прыйшлося ў розных прафесіях, нават будаўніком і гандляром. Потым лёс прывёў у Магілёўскае вучылішча культуры, дзе ён вучыўся на аддзяленні харавога дырыжыравання. Пасля стаў загадчыкам музычнай часткі ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры. Яго музыку (і песні) можна паслухаць падчас тэатральных пастановак. Але сольны канцэрт дае магчымасць зразумець аўтара і выканаўцу Аляксандра Баля лепш.

Марыя АСІПЕНКА.