Вялiкая падзяка - вялiкiм сэрцам

24.09.2008
"Звязда", 24 сентября 2008 г.

Тэлеканал "ЛАД" абвясцiў пра пачатак тэлевiзiйнай акцыi "Вялiкае сэрца", якая заклiканая паведамiць грамадскасцi пра выключныя выпадкi гераiзму i мiласэрнасцi. Вынiкам акцыi стане ўрачыстае ўручэнне прэмii "Вялiкае сэрца" напрыканцы гэтага года.
Як расказалi "Звяздзе" ў прэс-службе Белтэлерадыёкампанii, паводле палажэння прэмii, яна прысуджаецца за самаадданыя ўчынкi на карысць iншых людзей, а таксама рашучыя дзеяннi, звязаныя з рызыкай для жыцця i здароўя (якiя выходзяць за межы цi не з'яўляюцца выкананнем воiнскага, прафесiйнага цi службовага абавязку). Акрамя таго, прэмiя ўручаецца за выключныя выпадкi актаў мiласэрнасцi.
Выканаўчы прадзюсар тэлеканала "ЛАД" Вольга Мацвяйчук удакладнiла: гэты спiс не ўключае ўдзел у дабрачынных акцыях - перавод грошай на рахунак, напрыклад; прэмiя прадугледжвае канкрэтныя дзеяннi.
Вылучаць кандыдатаў могуць як фiзiчныя асобы, так i арганiзацыi i ўстановы. Неабходна даслаць лiст-заяўку з указаннем iмя, iмя па бацьку, прозвiшча, месца жыхарства i заслуг кандыдата, кантактную iнфармацыю - на паштовы адрас: 220807, г. Мiнск, вул. Макаёнка, 9, тэлеканал "ЛАД" (з паметкай "Вялiкае сэрца"), або праз афiцыйны сайт тэлеканала www.lаd.tvr.bу. Пасля праверкi фактаў гiсторыi будуць публiкавацца для агульнага прагляду. Прыём заявак працягнецца да снежня 2008 года. Лаўрэатаў прэмii вызначыць рада, складзеная з прадстаўнiкоў Белтэлерадыёкампанii, дзяржаўных органаў i грамадскiх арганiзацый, дзеячаў навукi i мастацтва, спонсараў прэмii. Колькасць членаў савета будзе няцотнай.
- Колькi ўсяго прэмiй плануецца ўручыць? - цiкаўлюся ў Вольгi Мацвяйчук.
- Мы спадзяёмся, што лаўрэатаў будзе не менш як 15 чалавек. Але ў многiм гэта залежыць ад актыўнасцi людзей i ўстаноў, якiя будуць вылучаць кандыдатаў. Дарэчы, мы разлiчваем таксама на дапамогу друкаваных СМІ - бо тыя гiсторыi, якiя нам на сёння вядомыя, ужо друкавалiся ў газетах.
- Прэмiя не прадугледжвае грашовай узнагароды. Што атрымаюць лаўрэаты?
- Адназначна гэта будзе арыгiнальны дыплом - не проста каляровая папера, а важны дакумент. I знак прэмii - прызавая статуэтка.
Цяпер iдзе збор гiсторый пра iх - людзей, адметных сваёй мiласэрнасцю цi гераiчнымi ўчынкамi. Надалей пра кожнага з iх плануецца зрабiць вiдэазамалёўкi i прадставiць iх у тэлеэфiры - напрыклад, у праграме "Беларуская часiнка". У снежнi рада разгледзiць спiс намiнантаў i прагаласуе за кожную кандыдатуру, а напрыканцы месяца ў сталiцы адбудзецца i сама цырымонiя ўзнагароджання, якую ў запiсы пакажа тэлеканал "ЛАД".
Сёлетняя акцыя - першая, але заснавальнiкi маюць намер зрабiць яе штогадовай. Каб пацвердзiць iншую прыказку - "Свет не без добрых людзей"...
 
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.