Вялікая вайна праз шэсць стагодзяў

17.02.2009
"Звязда", 17 лютага 2009 г.


Белтэлерадыёкампанiя прыступiла да вытворчасцi цыкла перадач, прысвечанага 600-годдзю перамогi беларусаў у складзе Вялiкага войска Лiтоўскага ў Грунвальдскай бiтве.
Такiм чынам, пачалi ажыццяўляцца дамоўленасцi, заключаныя кiраўнiцтвам кампанii з Таварыствам беларускай мовы iмя Ф.Скарыны.
Будучы цыкл перадач распавядзе пра адну з самых вялiкiх i значных у еўрапейскай гiсторыi бiтваў Сярэднявечча, якая стала ўзорам воiнскай доблесцi i баявой садружнасцi славянскiх народаў у барацьбе за свабоду. Пасля таго, як 15 лiпеня 1410 года армiя Тэўтонскага ордэна была разбiтая саюзным войскам Каралеўства Польскага i Вялiкага Княства Лiтоўскага, Рускага i Жамойцкага, нашэсце нямецкiх рыцараў на ўсход было спынена, а магутнасць ордэна пайшла на спад.
Цыкл, прысвечаны Грунвальдскай бiтве (бiтве пры Таненбергу), як адзначае прэс-служба Белтэлерадыёкампанii, стане першым з адноўленай серыi праграм на гiстарычную тэматыку. 
Больш падрабязна пра гэты праект абяцаецца расказаць непасрэдна ў ходзе работы над iм.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.