Вялікая справа складаецца з маленькіх

24.04.2015

"Звязда"

Чатыры з іх - у прыгодніцкім ваенным серыяле

Спецыяльна да 70-годдзя Вялікай Перамогі тэлеканал "Беларусь 1" пакажа расійскі серыял па сцэнарыі нашага суайчынніка Андрэя Курэйчыка "Ваенная разведка. Першы удар" рэжысёра Аляксея Празнікава. Чатырохсерыйны фільм, заснаваны на невычэрпнай тэме Вялікай Айчыннай вайны, традыцыйна ўвабраў у сябе ворагаў, узброеную барацьбу, забойствы, стратэгіі, планы і каханне. І антураж: карты, радыёперадатчыкі, зброю - як трэба. Усё, каб закрануць струны як мага больш шырокага кола грамадства і гледачоў.

Фонам фільма служаць намаганні нямецкага боку здзяйсняць план "Барбароса" па захопе СССР. Як вядома, вялікія справы складаюцца з маленькіх, і серыял паказвае як мінімум чатыры падобныя перамогі з боку герояў карціны, разведгрупы Галоўнага разведвальнага ўпраўлення РККА (так званай групы Паўлоўскага), якая дзейнічае на пачатку Айчыннай вайны.

Спярша яе задачай становіцца вызваленне савецкіх вучоных з сем’ямі, якіх пачатак вайны застаў у час адпачынку ў санаторыі Заходняй Беларусі - тэрыторыі, што становіцца акупаванай. Навуковая эліта - адна справа, іншая - важны для СССР чалавек, спецыяліст па распрацоўцы шыфравальных машын Сараў, страта якога ў ваенны час будзе недаравальнай.

У другой серыі група Паўлоўскага трапляе ў няёмкую сітуацыю. Пачынаецца з таго, што разведчыкі перахопліваюць машыну, у якой знаходзіцца штандартэнфюрар СС Манфрэд Лінк, чыноўнік кадравага кіравання СД. Такая "знаходка" абяцае ім вечнае прызнанне і медалі, але аказваецца, што пад імем Лінка хаваецца савецкі рэзідэнт, якога - параненага - неабходна не толькі вярнуць у нямецкі лагер, але і забяспечыць жалезным алібі.

Падчас наступнай аперацыі, у трэцяй серыі, да стратэгічных дзеянняў разведгрупы далучаюцца падлеткі-камсамольцы. Справа ў тым, што новы гаўляйтэр захопленых савецкіх тэрыторый Фрыдрых Краўзэ склаў для "сваіх" зямель план эканамічных пераўтварэнняў. Група Паўлоўскага павінна перашкодзіць здзяйсненню плана, то бок замене савецкай валюты на нямецкія маркі. Але з-за таго, што разведчыкі фізічна не могуць увасобіць дзве акцыі адначасова - забіць гаўляйтэра і знішчыць самалёт з новымі купюрамі, - яны вымушаны прасіць дапамогі звонку.

У чацвёртай серыі група атрымлівае заданне знішчыць савецкі электрамеханічны завод, які апынуўся на захопленай тэрыторыі і можа хутка ператварыцца ў завод па вытворчасці боепрыпасаў для варожай арміі. Ускладняе задачу арганізаванае немцамі ваеннае прыкрыццё і фронт, які адышоў ужо далёка. Таму, каб выканаць заданне, трэба трапіць унутр.

Вядома ж, кожная ваенная задача патрабуе ад герояў не толькі ўмення метка страляць, але і стратэгічна думаць, будаваць складаныя схемы дзеянняў, разумець чалавечую псіхалогію. Але ўсе планы, якімі б невыканальнымі яны не здаваліся, аказаліся рэчаіснымі дзякуючы мужнасці, самаадданасці і геройству разведчыкаў - у чатырох серыях фільма "Ваенная разведка. Першы ўдар".

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ.