Вы танцуеце? А мы глядзiм...

02.09.2008
"Звязда" , 2 сентября 2008 г.


Цi ведаеце вы, што "Еўрабачанне" - гэта не толькi песнi, але i танцы? Прычым не ў якасцi суправаджэння вакалiстаў, а як самастойныя нумары? Мiж тым, танцавальны мiжнародны конкурс "Еўрабачанне", якi адбудзецца сёлета 6 верасня ў Глазга (Вялiкабрытанiя), пройдзе ўжо ў другi раз.
Беларусь у танцавальным спаборнiцтве ўдзел не бярэ, бо для гэтага мала быць членамi Еўрапейскага вяшчальнага саюза, трэба яшчэ атрымаць запрашэнне ад аргкамiтэта конкурсу. Аргкамiтэт, у сваю чаргу, зацiкаўлены ў тым, каб удзел кожнай краiны забяспечваў высокi прафесiйны ўзровень конкурсу, а дадаткова - каб гэта краiна магла забяспечыць яго фiнансаванне. Аднак убачыць танцавальнае "Еўрабачанне" беларусы ўсё ж змогуць - прамую трансляцыю конкурсу будзе весцi Першы канал. Ролю каментатараў выканаюць тэлевядучы Дзянiс Кур'ян i старшыня Беларускай федэрацыi танцавальнага спорту, дырэктар Белдзяржцырка Таццяна Бандарчук.
Паводле ўмоў конкурсу, удзел у iм бяруць танцавальныя пары, у якiх адзiн чалавек - прафесiйны танцор, а другi - "зорка", праслаўленая ў iншай сферы. Сёлета свае выступленнi прадставяць на суд публiкi i журы пары з 14 краiн: Аўстрыi, Азербайджана, Вялiкабрытанii, Данii, Грэцыi, Ірландыi, Лiтвы, Нiдэрландаў, Польшчы, Партугалii, Расii, Украiны, Фiнляндыi i Швецыi. (Швейцарыя, Германiя i Iспанiя свае заяўкi знялi i ад удзелу адмовiлiся.)
Расiю прадставяць фiгурыстка Таццяна Наўка i прафесiйны танцор (лацiна) Аляксандр Лiтвiненка, якiя збiраюцца выступiць пад сучасны варыянт... песнi Высоцкага "Конi пераборлiвыя". Павiнна атрымацца сумесь ча-ча-ча, самбы, румбы, пасадобль, ды яшчэ з элементамi рускiх народных танцаў!
Правiлы спаборнiцтваў будуць адрознiвацца ад леташнiх - пары выканаюць не два танцы, а толькi адзiн, якi ўключае элементы стандартнай або лацiнскай праграмы. Танец трэба будзе выканаць у вольным стылi, але з нацыянальным каларытам у касцюмах i музыцы. Таксама змены закранулi працэдуру вызначэння пераможцы. Акрамя галасавання гледачоў (у iм Беларусь удзел таксама не бярэ), улiчваецца меркаваннi журы, у склад якога ўвайшлi прафесiйныя танцоры з 4 краiн, што не ўдзельнiчаюць у конкурсе - Германii, Сiнгапура, Славенii i Францыi. Спачатку ў эфiры будуць абвешчаныя ацэнкi журы, потым да iх дададуцца балы ад тэлегледачоў краiн-удзельнiц - па звыклай ужо 12-бальнай сiстэме. Пара, якая набярэ найбольшую колькасць балаў, i стане пераможцам. Летась у конкурсе перамаглi прадстаўнiкi Фiнляндыi, на другое месца ўзнялася Украiна, Расii дасталася толькi 7-е.
Праўда, у адрозненне ад песеннага "Еўрабачання", перамога ў танцавальным не дае краiне права аўтаматычна лiчыцца гаспадыняй наступнага конкурсу, таму месца правядзення танцавальнага конкурсу-2009 вызначыць, хутчэй, фiнансавыя магчымасцi краiн.
 
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.