Вы танцуеце? А мы глядзiм!

11.04.2009
"Звязда", 11 красавіка 2009 г.


За пуцёўку на конкурс "Танцавальнае Еўрабачанне" ў Беларусi, мяркуючы па ўсiм, барацьба разгараецца не меншая, чым на больш звыклае песеннае. З больш як трох дзясяткаў вядомых тэлевядучых, выканаўцаў, акцёраў, спартсменаў пасля месяца рэпетыцый журы адабрала ўсяго восем чалавек, з лiку прафесiйных танцораў трэнеры, якiя працуюць на праекце, i спецыялiсты з Беларускай федэрацыi танцавальнага спорту падабралі партнёраў, i - панеслася! Тое, што нiводная з васьмi пар не мае намеру саступаць, стала зразумела ўжо падчас першага паўфiнальнага шоу "Зорныя танцы", на здымках якога пабывала i карэспандэнт "Звязды".
...Дарэчы, цi ўмееце вы танцаваць? Калi ўпэўненыя, што навука гэта няхiтрая - "два притопа, три прихлопа" - абавязкова паглядзiце "Зорныя танцы". Не толькi для таго, каб пераканацца, што навука танца не менш складаная за ўсе iншыя навукi, але i для таго, каб зразумець - навучыцца можна нават самым фiлiгранным па. Калi вельмi захацець i палюбiць справу, якой займаешся.

Хто гэтыя людзi?
Цi не першае пытанне, якiм зададуцца многiя гледачы. Калi вядучых, артыстаў, акцёраў мы больш цi менш ведаем, то iмя кагосьцi з беларускiх прафесiйных танцораў назаве далёка не кожны. Мiж тым, сярод прафесiяналаў таксама адбываўся своеасаблiвы кастынг - улiчвалiся i знешнiя даныя - рост, постаць, тыпаж, i спартыўныя дасягненнi - у шоу прымаюць удзел шматразовыя чэмпiёны Беларусi, прызёры рэспублiканскiх i мiжнародных турнiраў, словам, танцоры, вядомыя далёка за межамi нашай краiны. Знаёмiм: права на пуцёўку ў Баку (менавiта там адбудзецца сёлета "Танцавальнае Еўрабачанне") будуць аспрэчваць: Дзмiтрый Карась-Ірына Казанцава, Венера-Павел Грабёнкiн, Кiрыл Клiшэвiч-Святлана Пашкевiч, Iскуi Абалян-Арцём Гарбачоў, Руслан Чарнецкi-Кацярына Папова, Вiкторыя Сянкевіч-Сяргей Кiсялёў, Юлiя Раскiна-Дзянiс Марасiн, спявак Аляксей Хлястоў-Алена Ляшкевiч.
У кожным шоу пары будуць дэманстраваць па адным танцы лацiнаамерыканскай i еўрапейскай праграмы - на ўласны выбар. Напрыклад, у першым выпуску мы ўбачым квiк-стэп, джайв, ча-ча-ча, факстрот, пасадобль, румбу i адразу два вальсы - хуткi венскi i павольны. Прычым выконвацца ўсё гэта будзе пад сусветна вядомыя хiты - спалучэнне ў многiх выпадках, трэба сказаць, атрымалася неардынарнае.

Галоўнае - каб касцюмчык сядзеў
Усiм "зорным" удзельнiкам шоу, расказала кiраўнiк прэс-службы Белтэлерадыёкампанii Святлана Смалонская-Краскоўская, для кожнага выступлення шыюцца адмысловыя касцюмы i абутак - у залежнасцi ад тэмы танца касцюмеры распрацоўваюць вобраз пары. Да прафесiналаў падыход iндывiдуальны: у кагосьцi ёсць уласны ўбор, камусьцi ўборы шыюцца або бяруцца напракат. Праўда, спецыяльны абутак, па чутках, некаторыя ўдзельнiкi, хто найбольш актыўна рэпецiруе, набываюць i самi - на паркеце ён зношваецца лiтаральна за адзiн нумар.
Арганiзатары не хаваюць - касцюмы сталi адным з самых вялiкiх артыкулаў выдаткаў у праекце, хоць iх i старалiся патаннiць па меры сiлаў. Умельцам-касцюмерам давялося выкручвацца, каб адзенне было не празмерна дарагiм, а выглядала на ўзроўнi. Крызiс крызiсам, а тэлевiзiйная карцiнка павiнна быць прыгожай...
Дарэчы, некаторыя элементы ў касцюмах мяняюцца лiтаральна з колаў - напрыклад, на першым прагоне Аляксей Хлястоў красаваўся ў пунсовай кашулi i такiм жа гальштуку, а ўжо для здымак вырашыў дадаць у вобраз яркую дэталь - i змянiў гальштук на зялёны.

- Што будзе з усiмi гэтымi ўборамi пасля заканчэння шоу? - пацiкавiлiся мы.
- Мы ўжо думалi над гэтым пытаннем, - расказала Святлана Смалонская-Краскоўская, - i вырашылi, што проста павесiць iх у шафу ва ўмовах крызiсу, безумоўна, будзе няправiльна. Магчыма, правядзём дабрачынны аўкцыён. А магчыма, калi нехта з "зорак" упадабае пэўны касцюм i захоча набыць яго для наступных выступленняў цi для заняткаў танцамi - абмяркуем i такi варыянт.

У тэмпе вальса
Схема шоу прынцыпова не новая - знаёмая прыхiльнiкам расiйскiх лядовых i звычайных "танцаў з зоркамi" як свае пяць пальцаў. Пару выклiкаюць "на паркет" (насамрэч на пляцоўцы спецыяльнае пакрыццё, не лiнолеум i не шкло, нешта сярэдняе), паказваюць сюжэт з рэпетыцый, дэманструецца конкурсны нумар. Потым вядучыя - акцёр Вiталь Макарэвiч i фiтнэс-трэнер Святлана Кашыцкая - падзяляюць абавязкi: адзiн задае колькi пытанняў удзельнiкам, другi просiць выставiць ацэнкi (па 6-бальнай сiстэме) i падзялiцца ўражаннямi членаў журы. Усё дастаткова хутка... калi б не запiсвалiся на ўсякi выпадак два дублi.

А суддзi хто?
Суддзяў у "Зорных танцах" пяцёра, але толькi дваiх з iх мы будзем бачыць пастаянна - старшыню журы, намеснiка старшынi Белтэлерадыёкампанii Аляксандра Мартыненку i мастацкага кiраўнiка праекта "Зорныя танцы", старшыню Беларускай федэрацыi танцавальнага спорту, дырэктара Белдзяржцырка Таццяну Бандарчук. Астатнiя члены журы будуць мяняцца ў кожным шоу - напрыклад, у першым выпуску пары ацэньвалi з розных пунктаў гледжання харэограф Аляксандр Мяжэнны i мадэльер Саша Варламаў, у адным з наступных шоу чакаецца ў госцi знакамiтая гiмнастка, а цяпер расiйскi дэпутат Святлана Хоркiна, вядуцца перамовы з iншымi вядомымi медыяперсонамi - але ўсё залежыць ад iх графiка.
Таццяна Бандарчук, дарэчы кажучы, ужо на першым шоу прызналася, што з асаблiвым хваляваннем сочыць за выступленнямi Юлii Раскiнай у пары з Дзянiсам Марасiным, бо Юля цяпер - паветраная гiмнастка, артыстка Белдзяржцырка. Зрэшты, i iншыя выступленнi Таццяна Мiкалаеўна ацэньвала шматслоўна, эмацыйна, па-жаночаму. "О, джайв - гэта мой любiмы танец, дагадзiлi!" - каментавала яна адзiн з нумароў, напэўна ўяўляючы сябе ў ролi iншай экспрэсiўнай Таццяны - Тарасавай.
А вось Аляксандр Мартыненка, наадварот, выступленнi ацэньваў коратка i па сутнасцi, празмернай прыхiльнасцi да "сваiх" - тэлевядучых - не выказаў, i ўвогуле, як нам падалося, быў самым строгiм з суддзяў.

- Далей буду яшчэ больш строгiм! - папярэдзiў Аляксандр Iванавiч. - На першым шоу мы старалiся ўсiх падтрымаць, а далей будзем арыентаваць на барацьбу, старацца, каб нашы артысты паказвалi больш высокi ўзровень. Так што нiякiх паблажак удзельнiкам-тэлевядучым рабiць не буду - мы зацiкаўлены ў моцным аб'ектыўным фiнале, у вiдовiшчным шоу. Думаю, i Таццяна Мiкалаеўна, калi казала пра сваю прыязнасць да пэўнай пары, толькi пажартавала.

Форс-мажор
Ён здарыўся ўжо на першым шоу - адна пара набрала найменшую колькасць галасоў, а перадапошняе месца падзялiлi адразу дзве пары. Аднак па правiлах кандыдатамi на выбыванне становяцца толькi дзве пары, адну з якiх могуць "выратаваць" СМС-галасаваннем тэлегледачы. Сiтуацыю выправiла журы, унутраным галасаваннем вырашыўшы, каму з удзельнiкаў застацца ў праекце, а каму трапiць у намiнацыю. Хто трапiў у гэту тройку, хто абяцаў "паказаць усё", у чыiм выкананнi харэограф Аляксандр Мяжэнны так i не ўбачыў факстрота, хто прымерыў на сябе вобраз Мерылiн Манро, а хто прадэманстраваў бой быкоў, i, нарэшце, што ўсiм iм за гэта было - раней эфiру арганiзатары прасiлi не раскрываць. Так што глядзiце самi - у нядзелю, 12 красавiка, у вячэрнiм эфiры Першага канала, прэм'ера шоу "Зорныя танцы".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.