Вы спяваеце? А мы ацэнiм

13.10.2009
"Звязда", 13 кастрычніка 2009 г.


Беларускае радыё абвяшчае пошук маладых музыкантаў
Назваць творчае спаборнiцтва "Маладыя таленты Беларусi" чарговай версiяй "Алё, мы шукаем таленты!" перашкаджае некалькi абставiнаў. Па-першае, фармат: адбывацца конкурс будзе ў эфiры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Па-другое, умовы: да ўдзелу запрашаюцца маладыя людзi ва ўзросце ад 10 да 25 гадоў, якiя будуць змагацца ў трох намiнацыях: эстрадны вакал, акадэмiчны вакал i iнструментальная музыка (як акадэмiчная, так i эстрадная). Нарэшце, мэты i задачы: арганiзатары не абяцаюць "зляпiць новых зорак", але мяркуюць падтрымаць адораных выканаўцаў i папулярызаваць творчасць беларускiх музыкантаў.

Што трэба?
Для ўдзелу ў конкурсе, паведамiлi ў Белтэлерадыёкампанii, неабходна даслаць у аргкамiтэт два рознахарактарныя творы ва ўласным выкананнi (прычым у намiнацыi "Эстрадны вакал" адна песня абавязкова беларускамоўная!), а таксама заяўку на ўдзел, рэзюмэ i фота. Заяўкi i запiсы прымаюцца да 1 сакавiка 2010 года на адрас: 220807, г. Мiнск, вул. Чырвоная, 4, або на электронны адрас: radio1@tvr.by з паметкай "На конкурс "Маладыя таленты Беларусi".

Як будзе?
Пройдзе конкурс у тры этапы. З кастрычнiка гэтага года да 1 красавiка наступнага адбудзецца папярэдняе праслухоўванне дасланых матэрыялаў. Адабраных удзельнiкаў, падзялiўшы на тры ўзроставыя катэгорыi - 10-14, 15-18 i 19-25 гадоў, - запросяць на запiс перадачы "Маладыя таленты Беларусi". На другiм этапе, цягам красавiка 2010 года, будуць вызначаныя фiналiсты праекта, а на трэцiм, напрыканцы месяца - адбудзецца заключны гала-канцэрт, дзе выканаўцы выступяць у суправаджэннi сiмфанiчнага аркестра Белтэлерадыёкампанii. Па вынiках гэтага канцэрта прафесiйнае журы на чале з галоўным дырэктарам галоўнай дырэкцыi Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антонам Васюкевiчам вызначыць уладальнiкаў 1-3-га месцаў у кожнай з намiнацый. У намiнацыi "Эстрадны вакал" магчыма таксама прысуджэнне спецыяльнага прыза па вынiках iнтэрактыўнага галасавання слухачоў.
Дарэчы, суддзi, сярод якiх спявачка Ірына Дарафеева, кампазiтары Алег Елiсеенкаў i Алена Атрашкевiч, прадстаўнiкi Беларускай акадэмii музыкi i Мiнскага музычнага вучылiшча iмя Глiнкi, загадзя вызначылi, па якiх крытэрыях будуць ацэньваць канкурсантаў. Гэта не толькi выканаўчае майстэрства i прафесiяналiзм, якасць запiсу, але таксама мастацкi густ, арыгiнальнасць твора i яго адпаведнасць узросту выканаўцы.

А што даюць?
Лаўрэаты конкурсу атрымаюць магчымасць запiсаць у Вялiкай студыi Дома радыё па два творы, якiя трапяць на зборны кампакт-дыск "Маладыя таленты Беларусi". Пазней гэты музычны матэрыял абяцана не толькi рацiраваць у музычных праграмах Беларускага радыё, але i прапанаваць для ўдзелу ў праектах Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Таксама пераможцаў у якасцi прызоў чакаюць пэўныя грашовыя прэмii.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.