Вы хочаце Оскар? Ён будзе ў нас!

05.03.2010
"Звязда", 5 сакавіка 2010 г.


Упершыню айчыннае тэлебачанне не проста пакажа цырымонiю ўручэння, бадай, самай прэстыжнай кiнапрэмii свету, але i зробiць гэта ў прамым эфiры. Заўзятыя кiнаманы змогуць паглядзець яе ад пачатку да канца на Першым канале 8 сакавiка ў 3.30. Тыя ж, хто не гатовы ахвяраваць сном нават дзеля "Оскара", убачаць тэлеверсiю шоу вечарам таго ж 8 сакавiка.
Да 82-й цырымонii ўручэння кiнаўзнагарод Амерыканская кiнаакадэмiя падрыхтавала адмысловы постар: на плячах у вядомай усiм пазалочанай статуэткi ўладкавалiся вядучыя цырымонii Алек Болдуiн i Сцiў Марцiн, а слоган паведамляе: "Вы нiколi не бачылi "Оскар" такiм". У нашым выпадку гэта на сто працэнтаў адпавядае рэчаiснасцi - раней беларусы сапраўды бачылi толькi ўрэзаныя тэлеверсii.
А паглядзець "Оскар" сёлета варта не толькi дзеля таго, каб маральна падтрымаць нашага суайчыннiка, акцёра Ігар Сiгава, якi зняўся ў фiльме iрландскага рэжысёра Хуанiты Уiлсан "Дзверы" (стужка, знятая паводле эпiзоду з кнiгi "Чарнобыльская малiтва", сярод 5 iншых прэтэндуе на "Оскар" у намiнацыi "Лепшы кароткаметражны гульнявы фiльм"). Не менш цiкава, каму з дзесяцi прэтэндэнтаў дастанецца статуэтка ў катэгорыi "Лепшы фiльм" - скандальным "Бясслаўным вырадкам" Квенцiна Таранцiна, поўнаметражнаму дзiснееўскаму мультфiльму "Уверх", ашаламляльна касаваму "Аватару" Джэймса Кэмерана, а мо, ваеннай драме "Уладар буры", прадзюсару якога Нiкаласу Чарцье арганiзатары ўвогуле забаранiлi з'яўляцца на цырымонii? Апошнiя дзве карцiны, дарэчы, лiдзiруюць па колькасцi намiнацый - абедзве заяўленыя ў 9. Дадатковая iнтрыга ў тым, што рэжысёр "Уладара буры" Кэтрын Бiгелоу i стваральнiк "Аватара" Джэймс Кэмерон - былыя муж i жонка.
Яшчэ адной непрадказальнай часткай цырымонii абяцае стаць удзел у ёй брытанскага комiка Сашы Барона Коэна, вядомага па ролях казахскага журналiста Бората i рэпарцёра-гомасэксуалiста Бруна. Гэтаму персанажу, вядомаму сваiмi скандальнымi паводзiнамi, прадзюсары на свой страх i рызыку даверылi прадстаўляць намiнантаў у адной з катэгорый. Зрэшты, акрамя яго, уручаць узнагароды запрасiлi i iншых вядомых камедыянтаў - Сцiва Карэла, Цiну Фэй, Бена Сцiлера. А вось намiнанты сёлета, пэўна, будуць больш стрыманыя, чым звычайна - арганiзатары забаранiлi ўсiм удзельнiкам марнаваць час на лiшнiя падзякi i пустую балбатню, i адвялi на прамову са сцэны па 45 секундаў кожнаму.
Адзiнае, што дакладна засталося сёння нязменным, - гэта колькасць намiнацый: 24 асноўныя i 6 спецыяльных. Iх уручэнне змогуць убачыць жыхары амаль 200 краiн свету, у тым лiку i Беларусi. Каментаваць трансляцыю на Першым канале будзе кiназнаўца Iгар Сукманаў.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.