"Востраў скарбаў" на новы лад

05.01.2008
"Звязда", 5 студзеня 2008 г.


Што атрымаецца, калі спалучыць дзіцячую актыўнасць, схільнасць да прыгод і гульняў, а таксама прапаганду здаровага ладу жыцця, надзвычай актуальную ў Год здароўя? Адказаў, напэўна, можа быць многа. Тэлеканал "ЛАД" падрыхтаваў свой. 6 студзеня стартуе спартыўна-гульнявое шоу для дзяцей і падлеткаў "Бухта капітанаў".
Між іншым, суарганізатарамі конкурсу - дакладней, рэспубліканскіх спаборніцтваў па рухавых гульнях - выступілі разам з Белтэлерадыёкампаніяй два дзяржаўныя ведамствы: Міністэрства адукацыі і Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Паводле правілаў, на працягу некалькіх месяцаў 21 каманда (па тры з кожнай вобласці і тры ад Мінска) будзе змагацца за галоўны прыз праекта "Бухта капітанаў". У склад кожнай каманды ўваходзяць 8 чалавек, пароўну хлопцаў і дзяўчат, а кожная гульня складаецца з 7 разнастайных конкурсаў - не толькі спартыўных, але таксама творчых і інтэлектуальных. У эфіры каманды будуць з'яўляцца парамі: пераможца працягне спаборніцтвы, той, хто прайграе - выбывае з гульні. Праўда, улічваючы няцотную колькасць камандаў, адной з іх пашанцавала - па выніках жараб'ёўкі яна прайшла ўжо ў наступны тур.
Камандныя эстафеты праходзяць пад пільным наглядам вядучых - прыдзірлівага Камандора (яго ролю выконвае Арсеній Сядоў, вядучы "Радыус-FМ"), і добразычлівага Юнгі (12-гадовая Маша Рудэня, прызёрка турніраў па спартыўных танцах).