Венецыя трапіць у Беларусь

21.09.2007
"Звязда", 21 верасня 2007 г.


На першым канале стартуе новы цыкл дакументальных фільмаў аўтарскага праекта Алега Лукашэвіча "Эпоха". З 24 па 27 верасня гледачоў чакаюць сустрэчы з кінакласікамі і эксклюзіўныя інтэрв'ю з рэжысёрамі розных краін - гасцямі і ўдзельнікамі сёлетняга Венецыянскага кінафестывалю.
Між іншым, Алег Лукашэвіч - адзіны беларускі тэлежурналіст, які працуе на кінафестывалях класа "А" - у Берліне, Канах і Венецыі. З 1996 года менавіта ён прадстаўляе беларусам самую цікавую "закулісную" інфармацыю і навіны са сферы сусветнага кінематографа і шоў-бізнэсу. Сёлета ж, дзякуючы яму, здымачнай групе Белтэлерадыёкампаніі ўдалося сустрэцца з Полам Верховенам, Такешы Кітана, Мікітам Міхалковым, Аляксандрам Сакуравым, Катрын Брэя і многімі іншымі "зоркамі" кіно. Аўтар "Асноўнага інстынкту" Верховен, напрыклад, расказаў пра сваю цяперашнюю работу ў Галівудзе, Міхалкоў раскрыў інтрыгу, каму ў карціне "Стомленыя сонцам-2" дастанецца роля беларуса, а ад Аляксандра Сакурава нават паступіла асабістае запрашэнне наведаць яго ў Санкт-Пецярбургу...
Першая серыя цыкла "Венецыянскі кінафестываль" праекта "Эпоха" будзе паказана ў панядзелак, 24 верасня, у 22.35.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.