Велікодныя трансляцыі ў тэле- і радыёэфіры

29.04.2016

"Звязда"

Да свята Вялікадня, якое праваслаўныя вернікі сёлета адзначаць 1 мая, у эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1", "Беларусь 3", "Беларусь 24", "НТВ-Беларусь" і Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё запланаваны шэраг спецыяльных трансляцый і праграм.

Напярэдадні свята, 30 красавіка, у 6.30 на тэлеканале "Беларусь 1" выйдзе спецыяльны выпуск духоўна-асветніцкай праграмы "Існасць". А вечарам у 23.50 галоўны тэлеканал краіны пачне прамую трансляцыю святочнага богаслужэння з Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора. Убачыць святочнае богаслужэнне ў прамым эфіры таксама змогуць гледачы міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала "Беларусь 24". А ў нядзелю 1 мая ў 8.20 на "Беларусь 1" выйдзе "Слова Мітрапаліта Паўла на Вялікдзень".

Сацыякультурны тэлеканал "Беларусь 3" святочную раніцу пачне з праграмы "Размовы пра духоўнае", з якой гледачы даведаюцца не толькі пра традыцыі і ўзнікненне свята, але і аб тым, як адлюстроўваецца тэма Вялікадня ў мастацтве. Пасля ў 10.45 і ў 15.15 вас чакае паказ дакументальнага фільма "Беларускі народны каляндар. Вялікдзень" (Беларусь, 2006 г.).

Тэлеканал "НТВ-Беларусь" 30 красавіка ў дзённым эфіры традыцыйна будзе весці прамую трансляцыю з храма Гроба Гасподняга ў Іерусаліме. Ён з'яўляецца свяшчэнным цэнтрам хрысціянства, які быў створаны ў ІV стагоддзі нашай эры на месцы, дзе завяршыўся зямны шлях Ісуса Хрыста. Самае свяшчэннае месца ва ўсім храмавым комплексе — часоўня над Гробам Гасподнім (Кувуклія). Там знаходзіцца каменнае ложа (лавіца), дзе было пахавана цела Хрыста пасля смерці на крыжы ў Пакутную пятніцу і да Яго Уваскрашэння. Менавіта тут з'яўляецца жыццядаўчы агонь. Напярэдадні свята ў Вялікую суботу ў гэтым храме збяруцца 10 тысяч паломнікаў, каб стаць сведкамі цуду сыходжання Дабрадатнага агню і адправіць усеправаслаўную малітву пра мір у Святой Зямлі. Пачнецца трансляцыя ў 13.45. У вячэрнім эфіры тэлеканала ў 23.35 пакажуць Велікоднае богаслужэнне з храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве.

На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё 29 красавіка ў 21.05 у праграме "Беларускі шлях" размова пойдзе пра духоўныя асновы грамадства і міжканфесійную згоду ў нашай краіне. Госцем праграмы стане Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка. Спецыяльны выпуск перадачы "Святло душы", прысвечаны Вялікадню, чакае сваіх слухачоў 30 красавіка ў 7.30, а ў нядзелю аўдыторыя раніцай пачуе "Духоўнае слова". Таксама на працягу дня ў інфармацыйных праграмах навін прагучаць рэпартажы аб богаслужэннях, якія пройдуць у беларускіх храмах.

Алена ДРАПКО.