Ведай нашых!

20.05.2005
"Звязда" (дадатак - газета "Чырвоная змена), 20 мая 2005 г.


Беларускае тэлебачанне атрымала мiжнародныя ўзнагароды
Спецыяльныя праекты Белтэлерадыёкампанii - дакументальны цыкл "Была вайна" i гала-прадстаўленне "Плошча Перамогi-2005" - сталi лаўрэатамi 1-га Мiжнароднага фестывалю тэлевiзiйных фiльмаў i праграм "Перамаглi разам".
Гэты фестываль, прысвечаны 60-годдзю Перамогi ў Вялiкай Айчыннай вайне, праходзiў з 5 па 10 мая ў Севастопалi. Арганiзавалi мiжнародны тэлефорум Нацыянальная рада Украiны па пытаннях тэлебачання i радыёвяшчання, Мiнiстэрства абароны Украiны, актыўную падтрымку аказала таксама мiжнародная прафесiйная некамерцыйная арганiзацыя "Еўразiйская Акадэмiя Тэлебачання i Радыё" (ЕАТР). Як заўважыў старшыня ЕАТР Алег Папцоў, "тэлевiзiйныя фiльмы i праграмы, прадстаўленыя на фестывалi, - самая лепшая падзяка пакаленню, якое перамагло фашызм".
У фiнал конкурсу трапiлi прыкладна 100 работ з 11 краiн свету, у тым лiку з Беларусi, Расii, Балгарыi, Венгрыi, Казахстана, Грузii. Сумесны праект Агенцтва тэлевiзiйных навiн Белтэлерадыёкампанii i Тэлерадыёвяшчальнай арганiзацыi Саюзнай дзяржавы, 15-серыйны дакументальны цыкл "Была вайна" стаў пераможцам у намiнацыi "Брацтва па зброi". Фiльм атрымаў галоўны прыз фестывалю - бронзавую статуэтку "Афрадыта", а таксама спецыяльны прыз Галоўнакамандуючага ВМС Украiны. (Мяркуючы па тэматыцы фестывалю, ягоную ўзнагароду, на маю думку, лагiчна было б назваць "Афiна" - усё ж у грэчаскай мiфалогii менавiта гэта багiня была воiнскiм сiмвалам. Афрадыта ж - багiня кахання i прыгажосцi. Праўда, нарадзiлася яна з марской пены, але нiкiм i нiколi не было даказана, што гэта здарылася менавiта на Чарнаморскiм узбярэжжы...)
Другi праект Белтэлерадыёкампанii, гала-прадстаўленне "Плошча Перамогi-2005", быў адзначаны спецыяльным дыпломам у намiнацыi "Салдаты Перамогi". Вiншуем, калегi!

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.