Іван Міхайлаў: "Журналістыка з тых прафесій, дзе паміж працай і жыццём стаіць знак роўнасці"

24.01.2014
"Звязда", 24 cтудзеня 2014 г.

 
Ён марыў стаць тэлевядучым з дзяцінства, але пасля школы пайшоў у юрысты. Праўда, жаданне займацца любімай справай перамагло. У 28 гадоў Іван Міхайлаў адважыўся распачаць кар'еру на тэлебачанні. Сёння за плячыма - праца ў праграмах "Спорт-кадр", "Дзелавое жыццё", "Сфера інтарэсаў", "Панарама", а таксама рэпарцёрская дзейнасць. А з нядаўніх пор ён сумяшчае журналістыку з пасадай намесніка дырэктара Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі.

- Што змянілася ў вашым жыцці з пераходам на новую пасаду?
- Самае галоўнае - узрасла адказнасць. Раней я адказваў толькі за сваю работу. І так было восем гадоў, за выключэннем нядоўгага па часе прамежку, калі ўзначальваў аддзел палітычных аглядальнікаў. У асноўным жа - сам па сабе. Гэта была больш спакойная пара, таму што цяпер дапамагаю кіраваць калектывам у 270 чалавек. За ўсім трэба назіраць, трымаць на кантролі. Праблем з гэтым ніякіх не ўзнікае, бо ў нас працуе дружны і моцны ў прафесійным плане калектыў. І нам давярае кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі.

- А як адчуваеце сябе ў ролі кіраўніка?
- У маёй свядомасці ніякіх перамен не адбылося. Безумоўна, з'явіліся новыя абавязкі, якія тычацца гаспадарчых і арганізацыйных пытанняў. Але я стараюся працягваць займацца журналістыкай. Рыхтую рэпартажы, удзельнічаю ў здымках дакументальных праектаў, езджу ў камандзіроўкі. Нядаўна быў вялікі праект "Лёс гігантаў - 2", дзе мы ў серыі дакументальных фільмаў распавядалі пра савецкія навагоднія прадукты. Я рабіў фільм пра цэйлонскі чай. Потым асобна яшчэ падрыхтаваў рэпартаж пра Цэйлон.

- "Лёс гігантаў - 2" - гэта дакументальныя фільмы з ноткай настальгіі. Як працавалася над праектам?
- Мне было вельмі цікава працаваць, таму што я памятаю ўсё з таго, пра што мы расказвалі. Новы год не абыходзіўся без савецкага шампанскага, традыцыйнымі былі і бутэрброды з прыбалтыйскімі шпротамі. Успаміны пра чай былі не такімі яркімі, бо прадукт у тыя часы быў у дэфіцыце. Я зрабіў адзін фільм, але з не меншым задавальненнем паглядзеў усе астатнія. Наогул вельмі люблю такія праекты і заўсёды гляджу іх, нават калі сустракаю на іншых каналах. Мне падабаецца ўспамінаць, як усё было раней, і параўноўваць з тым, што ёсць сёння.

- Чым абумоўлена цяга да дакументалістыкі і аналітыкі?
- Маёй цікаўнасцю. Напрыклад, рэпарцёрская праца - гэта працэс, які патрабуе за некалькі гадзін стварыць прадукт для эфіру з месца падзеі. Ты расказваеш тое, што бачыў. А тут ёсць час паразважаць, прыдумаць нейкія цікавыя хады адлюстравання падзей і падачы матэрыялу. Вось калі працаваў над апошнімі фільмамі з рэжысёрам Наталляй Ждановіч, то сам бачыў, як яна двое сутак з працы не сыходзіла. Настолькі яе зацікавіў праект, яна ўсё нейкія "фішкі" прыдумвала. Мне таксама вельмі падабаецца працаваць у гэтым рэчышчы, і спадзяюся, буду працягваць рухацца ў гэтым кірунку. Магчыма, ствараючы не чыстую дакументалістыку, а, скажам, спецыяльныя рэпартажы.

- Можаце ўспомніць свае самыя яркія здымкі?
- Як правіла, самыя яркія ўспаміны пакідаюць цікавыя камандзіроўкі. Адна з іх была ў Францыю, калі наша зборная па футболе змагалася там з французамі ў кваліфікацыі на чэмпіянат Еўропы. Арганізавалі камандзіроўку, і я паехаў на матч, дзе было сто тысяч гледачоў. І наша каманда атрымала перамогу. Дагэтуль памятаю цішыню на стадыёне і крыкі беларускіх балельшчыкаў на супрацьлеглым баку стадыёна. Я потым невялікі фільм пра тую падзею зрабіў. Былі і сумныя здымкі, якія засталіся ў памяці. Напрыклад, я рыхтаваў рэпартажы, калі разбіўся самалёт з расійскімі хакеістамі. Мяне выклікалі і адправілі на заданне. Я быў асабіста знаёмы з Русланам Салеем. Тады я перажыў, бадай, самае цяжкае за ўвесь час маёй працы на тэлебачанні. Асвятляў і выбух у мінскім метро... А вось падчас здымак праекта "Сімвалы перамогі" я ўдзельнічаў у пошуках астанкаў савецкіх салдат у Польшчы. На ўласныя вочы бачыў магілу, у якой у пяць слаёў ляжалі целы загінулых з іх узнагародамі і асабістымі рэчамі. Відовішча жудаснае. Ведаеце, кажуць: калі адзін чалавек загінуў - гэта трагедыя, а калі пяцьсот - то статыстыка. Але ж, назіраючы і аналізуючы падзеі, разумееш: за кожным загінулым стаіць асобная гісторыя і сям'я.

- На што варта звяртаць увагу рэпарцёрам, калі яны асвятляюць такія здарэнні?
- Калі браць мой вопыт, то я імкнуўся проста расказаць пра тое, што адбылося, перадаць апошнюю інфармацыю. Аднак хацелася і адлюстраваць увесь трагізм падзей, знайсці такія моманты, якія дапамаглі б людзям усвядоміць маштаб здарэння. Узяць тую ж авіякатастрофу: загінулі трыццаць маладых, паспяховых і шчаслівых людзей. У іх былі сем'і, жыццё нагадвала мару, але здарылася непапраўнае. Як сведчанне таго, што нічога не бывае вечным. У любы момант можна страціць усё, таму трэба цаніць сваё сёння. Калі я апынуўся на "Мінск-Арэне", дзе быў арганізаваны вечар-рэквіем, то было вельмі цяжка. Увесь стадыён плакаў, там знаходзіцца было немагчыма, а трэба было прыехаць і зрабіць за гадзіну рэпартаж...

- Скажыце, а спраўляцца з форс-мажорнымі абставінамі цяжэй у кадры альбо за парогам студыі?
- Калі браць наша Агенцтва тэлевізійных навін, то ў кадры ты знаходзішся ў прамым эфіры. Тут варта быць гатовым да нечаканасцяў у любую хвіліну. Бывае, вядучы ўжо расказвае навіны, а ў гэты час перавёрстваецца план выпуску. І суфлёр можа пагаснуць, альбо чалавек, з якім ты на сувязі ў эфіры, раптам некуды знікае. Таму важна ўмець знайсці выйсце з любой сітуацыі. А калі прамы эфір (па тры выпускі на дзень), то гэта пастаяннае напружанне. Рэпарцёрская работа мае сваю спецыфіку. Самому трэба дамовіцца пра здымкі, прыехаць і запісаць матэрыял, а потым вярнуцца на студыю, каб зманціраваць, начытаць і выдаць прадукт для эфіру. Сюжэт за некалькі гадзін - вялікая работа. Яе не выканаеш якасна, калі не будзеш фанатам сваёй справы. Журналістыка наогул з ліку тых прафесій, дзе паміж працай і жыццём стаіць знак роўнасці. У нас людзі прыходзяць у офіс раніцай і сыходзяць у дзесяць гадзін вечара. І так кожны дзень, нават без выхадных.

- Наколькі мне вядома, ваша жонка таксама працуе на тэлебачанні. Як вам суіснаванне ў адной прафесіі?
- Нам добра працуецца ў адной сферы. Я ведаю некаторыя прыклады сваіх калег, калі дома ў іх узнікаюць непаразуменні з-за таго, як можна працаваць па 14 гадзін, увесь тыдзень. У нашай сям'і такіх пытанняў не ўзнікае. Калі я прападаю на працы да ночы, то мая жонка ведае, што тут адбываецца і чаму ўзнікла неабходнасць затрымацца. І я таксама з разуменнем успрымаю яе працу, камандзіроўкі. Мне наогул здаецца, калі хочаш нечага дабіцца, трэба быць гатовым выбіраць. Бо ў нашай прафесіі ты не можаш сысці дадому ў шэсць вечара, пакінуўшы недаробленым сюжэт.

- На што не хапае часу з-за загружанасці на працы?
- Вольнага часу ўвогуле не хапае. Я апошнім часам нават спорт закінуў. Зараз трэба ўвайсці ў курс спраў, асвоіцца на новым месцы. Калі вызваляешся позна вечарам, то сіл не хапае проста прайсціся па вуліцы, азірнуцца навокал. Садзішся ў машыну і едзеш дадому, бо раніцай зноў рана ўставаць. Магчыма, з часам нешта зменіцца.

- Чым цікавіцеся, акрамя спорту?
- Вельмі люблю грыбы збіраць. Кожны год чакаю надыходу восені, і мы з сябрамі выязджаем у лес. Я нават не ведаю, адкуль у мяне гэтае захапленне, але з задавальненнем прысвячаю яму вольны час.

- Якім бачыце сваё жыццё праз дзесяць гадоў?
- Спадзяюся, працаваць буду тут жа. Хочацца верыць, што і знешне не вельмі змянюся, бо, калі працуеш на тэлебачанні, то гэта мае значэнне. Думаю, на той час я павінен ужо стаць татам. Што тычыцца Белтэлерадыёкампаніі, безумоўна, хочацца, каб мы развіваліся. Усё залежыць толькі ад нас. Бывае, даводзіцца чуць нараканні, быццам у нас няма чаго глядзець, і я прапаноўваю: прыйдзіце са сваёй ідэяй, я дам вам магчымасць яе рэалізаваць. Аднак пакуль яшчэ ніхто не прыйшоў. А наша кіраўніцтва заўсёды падтрымлівае добрыя ідэі і дапамагае нам іх ажыццявіць. Веру, праз дзесяць гадоў мы вырасцем.

Алена ДРАПКО.