ІVAN - фаварыт нацыянальнага адбору "Еўрабачання"

26.01.2016

"Звязда"

22-гадовы гамяльчанін Аляксандр Іваноў да адбору паспеў заявіць пра сябе ў расійскім песенным шоу "Галоўная сцэна", дзе стаў суперфіналістам.

За права выступіць на сёлетнім музычным спаборніцтве ў Швецыі ў фінале нацыянальнага адбору змагаліся дзесяць прэтэндэнтаў, а пераможцу вызначалі гледачы, тэлефануючы ці адпраўляючы паведамленні за тыя нумары канкурсантаў, чыя музыка ім прыйшлася даспадобы. Пасля паўгадзіннага галасавання канкурсанты здабылі наступныя балы: ІVAN - 12, гурт NAPOLІ - 10, Кірыл Ермакоў - 8, група NAVІ - 7, Аляксей Грос - 6, Настасся Малашкевіч - 5, гурт THE EM - 4, Валерыя Садоўская - 3, гурт "Радыёхваля" - 2, Саша Захарык - 1.

Падчас галасавання спачатку лідзіравала група Napolі, але ўсё ж запаветныя 12 балаў у выніку дасталіся ІVANу. Пасля ў размове з журналістамі артыст сказаў: "Для мяне вялікі гонар прадстаўляць Беларусь на "Еўрабачанні". Дзякуй усім, хто за мяне аддаў свае галасы, дзякуй камандзе, якая са мной працавала і верыла ў мяне".

22-гадовы гамяльчанін Аляксандр Іваноў да адбору паспеў заявіць пра сябе ў расійскім песенным шоу "Галоўная сцэна", дзе стаў суперфіналістам. Пасля ўдзелу ў ім хлопец пачаў супрацоўнічаць з прадзюсарам Віктарам Дробышам, які і напісаў для вакаліста песню How to Fly ("Як лётаць"). Да гэтага ў 2014 годзе Аляксандр выйграў усерасійскі музычны конкурс маладых выканаўцаў "5 зорак" (Ялта).

Сёлета конкурс у Швецыі плануе сабраць рэкордную колькасць удзельнікаў - 43 краіны. Паўфіналы "Еўрабачання-2016" пройдуць 10 і 12 мая, а выступленні фіналістаў чакаюцца 14 мая.

Дарэчы, у сувязі з працяглым лідзіраваннем у фан-рэйтынгу партала EUROFEST кампазіцыі "My Unіverse" ў выкананні Napolі яна прадставіць Беларусь на міжнародным анлайн-конкурсе "OGAE Second Chance 2016". Выбар прыняты ўнутраным рашэннем клуба OGAE Belarus. З прыемных навін таксама тое, што гурт "Радыёхваля" плануе ў хуткім часе парадаваць прыхільнікаў новай кампазіцыяй, якая будзе называцца "Гульня". Гісторыя працягваецца, песні пішуцца, і хочацца спадзявацца, што сёлетні адбор быў для сапраўдных талентаў толькі прыступкай да новых дасягненняў і перамог.

Алена ДРАПКО.