Іван Эйсмант: "Прамы эфір дапамагае быць у тонусе"

30.10.2015 "Звязда"

Агенцтва тэлевізійных навін - структура Белтэлерадыёкампаніі, сіламі якой ствараюцца не толькі выпускі навін (8-10 кожны дзень), але і шэраг вядомых праектаў рознай тэматыкі, напрыклад "Галоўны эфір", "Зона Х", "Форум", "Дыялогі аб цывілізацыі", "Нашы" і многія іншыя. Напачатку новага сезона ў эфіры "Беларусь 1" з’явіліся таксама навінкі для аматараў параўноўваць мінулае і сучаснасць і аналізаваць жыццё ў дэталях. Больш падрабязна пра іх і не толькі нам расказаў галоўны дырэктар Агенцтва тэлевізійных навін Іван Эйсмант.

- Іван Міхайлавіч, новы сезон на "Беларусь 1" распачаўся праектамі "Буйным планам", "Беларусь ХХІ", "Мы - беларусы"…

- Калі пачыналі з запуску праграмы "Буйным планам" з Маратам Маркавым, то аказалася, што не хапае перадачы, дзе можна абмяркоўваць сур’ёзныя тэмы ў фармаце "адзін на адзін". А цяпер на "Беларусь 1" два такія праекты - вышэйназваны і праграма Святланы Бароўскай "Выхад ёсць!". "Буйным планам" мы сталі рыхтаваць, жадаючы заняць вячэрнюю нішу, і каб размаўляць з кампетэнтнымі людзьмі на актуальныя тэмы. Мне здаецца, што наш старт быў удалым. І праект будзе працягваць сваё існаванне ў ранейшым фармаце. Магчыма, зменіцца крыху "аздабленне".

Потым на пачатку жніўня быў запушчаны дакументальны праект "Беларусь ХХІ", ідэя якога ўзнікла яшчэ пару гадоў таму. Натхнілі мяне, можна сказаць, модныя фотарэпартажы ў інтэрнэце "Беларусь 80-х - 90-х". Здавалася б, усюды знаёмыя месцы, але яны змяніліся за апошнія 20 гадоў. Так з проста натурнага праекта з часам пачало нараджацца нешта больш сур’ёзнае. Мы паглядзелі, як наогул змянілася наша жыццё за гэты час. Так з’явілася дзесяць фільмаў па 20-25 хвілін. Праект таксама атрымаў свае водгукі. Я размаўляў з журналістамі, рэжысёрамі, і яны адзначалі, што часам самі не маглі адарвацца ад прагляду архіўных матэрыялаў, якія адлюстроўваюць наша колішняе жыццё. Як апраналіся, што куплялі ў крамах, у якіх дамах жылі. Безумоўна, адбылося шмат змен, але і праблем сёння хапае. Аднак у параўнанні з некаторымі іншымі "маладымі" краінамі мы зрабілі крок наперад. Варта ўзгадаць і праект "Мы - беларусы", які нібы працягвае расповед аб пераменах у нашай краіне. Ён складаецца з трох фільмаў (кожны амаль па гадзіне працягласцю), у якіх адлюстраваны палітыка, сацыяльная сфера і эканоміка. Ёсць у нас праект "Нашы", дзе героі - вядомыя людзі… Калі ж з’явілася ідэя зрабіць перадачу пра нашы брэнды, вырашылі назваць яе "Зроблена ў Беларусі". Дарэчы, міні-версію праекта можна ўбачыць у "Добрай раніцы, Беларусь" - там ёсць рубрыка "Made.by".

- Гасцямі праграмы "Буйным планам" з’яўляюцца людзі, якія займаюць высокія пасады. Сёння яны сталі больш даступнымі?

- Чыноўнікі ў нашай краіне ў прынцыпе апошнім часам сталі больш адкрытымі. Іх арыентуюць на тое, што з народам трэба размаўляць, а не зачыняцца ў кабінетах. І такую тэндэнцыю я назіраю не толькі на праграме "Буйным планам", але і ў "Галоўным эфіры", у "Форуме". Праблемы ёсць, і мы іх агучваем, а грамадству трэба тлумачыць, чым займаецца ўлада, чаму прымаюцца тыя ці іншыя рашэнні, асабліва гэта тычыцца работы на месцах. Інакш людзі самі дадумаюць і растлумачаць усё па-свойму. Нехта кажа, што ў "Панараме" няма крытыкі, але магу вас запэўніць: праграма не выйдзе ў эфір, калі там не будзе крытычных сюжэтаў. Мы назіраем за ўсім, што адбываецца ў краіне, і не баімся гаварыць аб недахопах. І заўсёды ёсць зваротная рэакцыя ад тых, каго закранае крытыка. Адны абураюцца, а іншыя пішуць лісты, што выправілі сітуацыю ці працуюць над ёй.

- Што вы адчувалі, дакранаючыся да архіўных здымак мінулага?

- Я пачынаў успамінаць, напрыклад, як мы жылі ў часы майго студэнцтва. Стыпендыю атрымлівалі долараў 20, здаецца, на іх можна было набыць адны джынсы. Не хачу сгушчаць фарбы, але ежы нам тады хапала на пару дзён, а потым зноў ехалі да бацькоў па бульбу і яшчэ штосьці. Грошай не было ва ўсёй краіны. Пустыя крамы, зарплаты затрымлівалі… Замкнёнае кола, з якога нам давялося выбірацца… Ёсць праблемы і сёння, бо крызіс. Аднак машын на вуліцах не стала менш, увечары кавярню з вольнымі месцамі знайсці няпроста.

- 11 кастрычніка "Беларусь 1" працаваў у фармаце вялікага інфармацыйнага тэлеканала. Плануеце такі вопыт практыкаваць у далейшым?

- Мы стартавалі ў восем раніцы і на працягу дня працавалі ў вялікай студыі. Кожную гадзіну выходзілі з выпускамі навін, а вечарам пачаў трансляцыю інфармацыйны канал "Галоўны эфір. Выбары-2015". Вяшчалі прыкладна да дзвюх гадзін ночы. Былі ўключэнні з Радоса, дзе ў той дзень праходзіла канферэнцыя палітолагаў, таксама выходзілі на сувязь з намі нашы карэспандэнты з Беларусі, эксперты з Еўропы, ЗША, Расіі, Украіны. Мы ў студыі працавалі ў рэжыме рэальнага часу і так - каля 12 гадзін (6 з якіх склаў прамы эфір без перапынкаў). Лічу, вопыт проста ўнікальны. І радуе, што студыя, у якой мы працавалі, і надалей застанецца ў нас. Там зараз ідзе тэсціраванне тэхнікі. Хутка адразу некалькі праектаў можна будзе ўбачыць у новай "упакоўцы". І гэта той узровень працы, да якога мы імкнёмся.

- Ведаю, што зараз "Беларусь 1" зноў праводзіць кастынг вядучых. Вы - адзін з прадстаўнікоў журы. Як ацэньваеце кандыдатуры ахвотнікаў прабіцца на экран?

- Усе хочуць весці праграму "Добрай раніцы!". А я кажу, што нават калі з 50 чалавек адзін стане вядучым, то гэта поспех, і прапаноўваю спрабаваць сябе ў якасці рэпарцёраў. Па-першае, так здабудзеце сабе магчымасць для добрага шляху наверх, а па-другое, там цудоўная прафесійная школа. Адпрацаваўшы рэпарцёрам на розных кірунках, потым у эфіры ты будзеш як рыба ў вадзе. Але ж маладыя ў большасці хочуць быць менавіта тэлевядучымі. Але немагчыма пад кожнага стварыць праект і ўсіх пасадзіць у кадр.

- Вы - прыклад чалавека, які прайшоў шлях ад рэпарцёра да дырэктара АТН. Ёсць адчуванне, што дасягнулі "вяршыні"?

- Прыемна разумець, што тваю працу ацанілі. Я па адукацыі юрыст і не прыйшоў бы працаваць на тэлебачанне, калі б не быў перакананы, што магу тут рабіць нешта добра. Калі мяне прызначылі на кіруючую пасаду, то ўзрасла адказнасць за працу - не толькі сваю, але і ўсяго калектыву АТН. Я чалавек дэмакратычных поглядаў, але разам з тым строгі ў ацэнках усяго, што з’яўляецца на экране. Мая галоўная задача - даць людзям магчымасць раскрыцца і паказаць сябе на справе. Я заўсёды адкрыты для ўсіх супрацоўнікаў і кажу ім: калі ёсць выдатная ідэя і яе канцэпцыя зацверджана, то я зраблю ўсё, каб яна была здзейсненая. Тэлебачанне рухаецца наперад, і, думаю, мы яшчэ шмат цікавага зробім.

- Сёння вы ўдала сумяшчаеце журналістыку і абавязкі кіраўніка. Дзякуючы чаму ўдаецца дасягаць раўнавагі?

- Мне радасна, што я па-ранейшаму вяду праграму "Галоўны эфір", магу і на нейкі рэпартаж з’ездзіць. І атрымліваю ад гэтага сапраўднае задавальненне. Зразумела, прафесіі журналіста і кіраўніка адрозніваюцца, але я стараюся рабіць так, каб адно аднаму не перашкаджала. У прамы эфір выходжу ўжо не так часта - раз на тры тыдні, аднак усё роўна гэта дазваляе быць у тонусе. І плюс як кіраўнік я бачу знутры ўсё, што адбываецца. І гэта вельмі карысна, каб ведаць, чаго не хапае, як кіраваць і якія прымаць рашэнні. У працы з творчым калектывам трэба ўмець падстройвацца пад кожнага.

- Скажыце, што чакае тэлегледачоў у новым сезоне?

- Па-першае, у новай упакоўцы пабачым такія ўжо вядомыя праекты, як "Галоўны эфір", "Форум". Па-другое, у нас з’явіцца новы цікавы палітычны праект, падрабязнасці пакуль трымаем у сакрэце. Магчыма, будзе нешта яшчэ, звязанае з тэмай эканомікі. Я кажу пра вячэрнія прайм-таймавыя лінейкі, якія ідуць у нас на "Беларусь 1". Застануцца спецыяльныя рэпартажы, журналісцкія расследаванні, бо без гэтага ніяк. Аднаўляем праект "Тайны следства". Праграма "Зона Х" рыхтуе серыю рэпартажаў сумесна з Міністэрствам унутраных спраў. З прыемных навін і тое, што мы купілі новую студыю, дзе можна мабільна працаваць са зменай дэкарацый, графікі. Таму будзем працягваць здзіўляць.

Алена ДРАПКО.