Валошка з... экранаў

09.07.2011
"Культура", 9 июля 2011 г.


Сёлета галоўны інфармацыйны партнёр "Славянскага базару ў Віцебску" - Белдзяржтэлерадыёкампанія - падрыхтавала разнастайную і маштабную праграму асвятлення віцебскага форуму. Трансляцыі адкрыцця і закрыцця фестывалю, міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні, гала-канцэрты майстроў мастацтваў, юбілейныя і сольныя канцэрты... Як падкрэсліў дырэктар музычных і забаўляльных праграм Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь Дзяніс Шпітальнікаў, "...сёлета тэлегледачы здолеюць убачыць віцебскі фестываль фактычна на 90%".

- Дзяніс, якімі прынцыпамі сёлета кіравалася Белтэлерадыёкампанія падчас падрыхтоўкі да асвятлення "Славянскага базару ў Віцебску"?
- Асаблівых "рэвалюцый" не будзе. Мы ўжо выпрацавалі аптымальную мадэль асвятлення форуму, і калі яна працуе, навошта прыдумляць нешта новае? Калі казаць больш дакладна, як асноўны медыяпартнёр мы ў першую чаргу пакажам амаль усе канцэрты, што будуць праходзіць у віцебскім Амфітэатры, за выключэннем тых, на якія мы не атрымалі правы. Частка канцэртных выступленняў - камерцыйная (гэта ні для каго не сакрэт), артыст можа скарыстацца правам адмовіць у трансляцыі шоу, і мяркую, што гэты падыход не з'яўляецца неспадзяванкай. Але такіх выпадкаў у нас не шмат. Калі больш падрабязна, дык у Віцебск накіравалася спецыяльная здымачная група праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!", якая раскажа пра ўсё, што адбываецца на фестывальнай пляцоўцы. Гэта будуць не проста сюжэты, а асобныя выпускі, якія будзе весці Святлана Бароўская, паспрабаваўшы не абмінуць увагай усіх замежных і беларускіх артыстаў. Традыцыйныя "Дзённікі" з фестывалю - ужо вядомая тэлегледачам форма, калі яны ў прамым эфіры могуць бачыць, што адбываецца на "Славянскім базары", не забыліся і на яе. Кароткія выпускі будуць выходзіць падчас дзённага эфіру і разгорнутыя - увечары, калі нашы карэспандэнты паведамяць, што адбылося за апошнія суткі напярэдадані вячэрніх канцэртаў. І абавязкова - радыё. Дзённікі, інфармацыйныя і музычныя праграмы, прамыя трансляцыі запланаваны на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё, канале "Культура", радыёстанцыях "Беларусь", "Сталіца", "РадыусFM". Мне здаецца, яшчэ штосьці прыдумаць ужо немагчыма: так, як мы асвятляем віцебскі форум, лічу, не асвятляе ніхто.

- Якія канцэрты мы ўбачым у прамым эфіры?
- У апошнія гады мы адышлі ад практыкі прамых эфіраў, таму што прамая трансляцыя канцэрта ўтрымлівае ў сабе пэўныя неспадзяванкі. Да прыкладу, канцэрт можа быць занадта доўгі; існуе маса момантаў, што зусім не патрэбны тэлегледачу: напрыклад, калі артыст ідзе з адной кулісы ў іншую. Таму мы імкнёмся займець хаця б адзін дзень на мантаж: каб падрэзаць гэтыя паўзы. Так, у прамым эфіры будзе канцэрт адкрыцця і конкурс маладых выканаўцаў, але ў гэтым выпадку ўсе зацягнутасці - дарэчы: яны толькі падкрэсліваюць "адчуванне моманту".

- Ці прадугледжана выкарыстанне пэўных тэхнічных інавацый для стварэння візуальна больш насычанай выявы?
- Сёлета будзе зусім іншая сцэна. У мінулым годзе, нарэшце, удалося ўсіх запэўніць, што трэба "браць" тэлегледача не толькі імёнамі артыстаў, але і выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Ужо летась на "Славянскім базары..." выкарыстоўваліся гэткія ж экраны, як і на "Еўрабачанні", змяняліся пэўныя элементы сцэны. Сёлета Зіновій Марголін пайшоў яшчэ далей: падчас канцэртаў будуць апускацца і падымацца ўжо цэлыя сцэнічныя пляцоўкі, экраны будуць збірацца ў суквецце, як пялёсткі, і г. д. Вядома, гэтыя элементы зробяць выяву больш цікавай ды разнастайнай. Што да тэлевізійнай тэхнікі ўвогуле - для асвятлення форуму выкарыстоўваецца усё найлепшае абсталяванне.

- Ці магчыма ў дадзеным выпадку казаць пра пэўны фірмовы падыход да справы? Усё ж такі асвятляеце фестываль не адзін год...
- Пэўны фірмовы стыль стварае, дыктуе ландшафт Віцебска, Летні амфітэатр. Таму што трапляючы ў горад на Дзвіне, хочацца адразу паказаць наваколле, усе ягоныя далягляды. І ў гэтым плане праводзіцца асобная работа, пра якую не ведае глядач: калі мы ўстанаўліваем спецыяльныя ліхтары (часам за кіламетр ад Амфітэатра), каб звычайны канцэрт ператварыўся ў запамінальнае шоу, яскравае відовішча. Амфітэатр хочацца паказаць з усіх бакоў, і ў гэтым плане нам, тэлевізійшчыкам, з фактурай пашчасціла. З усіх пляцовак, якія бачыў (а бачыў я шмат), віцебскі Амфітэатр - самая прыгожая, маштабная, урачыстая. І не таму што, маўляў, беларуская, таму яе і хвалю, а таму што гэта сапраўды так. Маё меркаванне не аднойчы пацвярджалі сваёй рэакцыяй і замежныя тэлеспецыялісты, якія, пабываўшы ў Віцебску, прызнаваліся, што нават не ўяўлялі, што ў нас ладзіцца падзея такога ўзроўню.

- Вы сказалі, што на пэўныя канцэрты вам не ўдалося атрымаць правы... Можна пацікавіцца, на якія, і як прагучалі гэтыя адмовы?
- Адмовы прадыктаваны рознымі прычынамі. Напрыклад, Валерый Ляонцьеў не захацеў, каб мы рабілі трасляцыю яго канцэрта. Але гэта не таму, што ён такі капрызлівы. Яго канцэрт пачынаецца а 18-й гадзіне. У гэты час сутак яшчэ відно, і стварыць яскравае відовішча ў такім выпадку вельмі нялёгка. Кожная дробязь, кожны правадок "лезе" ў кадр. І таму Валерый Якаўлевіч нам сказаў: "Вы ж мяне здымалі два гады таму?". "Так", - адказваем. "А давайце вы мяне здымеце наступным разам?" - "Давайце". Усё вырашылася без скандалаў. Але магу вас суцешыць: мы будзем рабіць трансляцыю, скажам, сольніка Вячаслава Дабрыніна. Ён лёгка пагадзіўся на супрацоўніцтва.

- Дзяніс, адказваючы за трансляцыю канцэртаў з вядомага фестывалю год за годам, вы, напэўна, не аднойчы адзначалі для сябе пэўныя змены, удалыя знаходкі ці ў цэлым рост форуму. Падзяліцеся вашымі назіраннямі, калі ласка.
- Безумоўна, фестываль вельмі вырас. На маю думку, цяпер ён можа толькі эвалюцыянаваць - радыкальныя змены яму супрацьпаказаны. Сёння яго модна параўноўваць з "Новая хваляй", але прыгледзьцеся ўважліва - і вы заўважыце, што апошні фестываль нават больш кансерватыўны за наш "Славянскі базар...": кожны год там выступаюць адны і тыя ж выканаўцы, усё адно і тое ж, змяняюцца толькі адзін-два канцэрта ў праграме. Віцебскі ж форум штогод прапаноўвае нешта новае і, між тым, застаецца самім сабой. Лічу, пэўныя радыкальныя змены яму не патрэбны. Усе ведаюць, што "Славянскі ба зар..." - гэта канцэрты майстроў мастацтваў Беларусі, Расіі, Украіны, гэта канцэрты адкрыцця і закрыцця, гэта конкурс маладых выканаўцаў... Дадзеная структура, касцяк, мусіць заставацца нязменнай, каб кожны чалавек, які бачыць у праграме аб'яву "Славянскі базар у Віцебску", разумеў, пра што ідзе гаворка. І вынаходзіць веласіпед тут мне падаецца справай залішняй.

Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ.