Ваеннае кіно, парад і віншаванні да свята

01.07.2016 "Звязда"

Да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь тэле- і радыёканалы Белтэлерадыёкампаніі рыхтуюць для сваіх гледачоў прамыя трансляцыі асноўных урачыстых мерапрыемстваў, тэматычны паказ мастацкіх, дакументальных фільмаў і канцэртныя праграмы. Па добрай традыцыі кожны тэлеканал упрыгожаць святочныя лагатыпы.

У эфіры “Беларусь 1” і “Беларусь 24” 2 ліпеня будуць паказаны ўрачысты сход і святочны канцэрт майстроў мастацтваў “Беларусь - імя святое”, прысвечаныя Дню Незалежнасці, а на наступны дзень у 10.55 тут пачнецца прамая трансляцыя парада войскаў Мінскага гарнізона “Са святам, любая Айчына!”.

Спецыяльна ў Дзень Незалежнасці на “Беларусь 1” выйдзе заключная восьмая серыя мастацка-публіцыстычнага цыкла фільмаў “Гумар на вайне” (першы выпуск гледачам быў прадстаўлены 9 мая). Праект уяўляе сабой мюзікл, складзены з сатырычных песень, жартаў і кур'ёзных сітуацый, якія здараліся на вайне і ўздымалі баявы дух салдат. Не абыдзецца на “першай кнопцы” і без тэматычных кінапаказаў. Для прагляду прапануюцца: драма “Брэсцкая крэпасць”, лірычная камедыя “Белыя росы”, ваенны баявік “Смерш”.

Тэлеканал “Беларусь 2” 3 ліпеня ў ранішнім эфіры пакажа хранікальна-дакументальны фільм з цыкла “Партызаны”. Потым ваенную тэму працягне драма “Аляксандр маленькі”, у аснову якой пакладзены сапраўдны факт аб савецкіх салдатах, што арганізавалі ў 1945 годзе на вызваленай тэрыторыі Германіі дзіцячы дом. Таксама зможам убачыць кінакарціну з залатога фонду савецкай кінакласікі - “Жэня, Жэнечка і “кацюша”. У вячэрнім эфіры — знакамітая кінааповесць “А досвіткі тут ціхія”.

На “Беларусь 3” вас чакае “Беларускі канцэрт”, дзе будуць прадстаўлены эксклюзіўныя гістарычныя кадры з выступленнямі лепшых беларускіх артыстаў у суправаджэнні Дзяржаўнай харавой капэлы пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР Рыгора Шырмы, знятым кінастудыяй “Беларусьфільм” у 1955 годзе. Таксама ў эфіры тэлеканала зможам убачыць чарговую экспедыцыю праекта “Наперад у мінулае” і пачуць лепшыя аранжыроўкі песень у хіт-парадзе “Сто песень для Беларусі”.

Тэматычны эфір, прымеркаваны да Дня Незалежнасці, таксама прадстаўлены на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. У вячэрнім эфіры 1 ліпеня тут плануецца шырокае асвятленне ўрачыстага сходу і святочнага канцэрта майстроў мастацтваў Беларусі. У праграме “Адкрытая пляцоўка” і выпусках “Навін” даведаемся пра акцыю “Дзень вышыванкі”. Не абыдзецца і без тэматычнага радыёдня 3 ліпеня. Выйдзе святочны выпуск публіцыстычнай праграмы “Беларусь - найноўшая гісторыя”. Акрамя таго, павялічыцца колькасць інтэрактыўных віншавальных праграм, дзе ў слухачоў Першага нацыянальнага канала будзе больш магчымасцяў накіраваць адно аднаму святочныя прывітанні.

Алена ДРАПКО.