Узяць вышыню!

23.05.2015

"Звязда"

Названы пераможцы ХІ Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу "Тэлевяршыня" ў 25 намінацыях.

Па чырвонай дарожцы прайшлі найлепшыя з лепшых тэлевізійнікаў як рэспубліканскіх, так і рэгіянальных тэлеканалаў. Галоўнай інтрыгай стала прысуджэнне гран-пры. "Тэлевізійным праектам года" была прызнана праца па асвятленні чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску Белтэлерадыёкампаніі.

Вечарам 21 мая ў Палацы спорту сабраліся "зоркі" блакітнага экрана з розных куткоў Беларусі. Падвядзенне вынікаў працы - падзея хвалюючая і адказная, бо атрымаць запаветную статуэтку "Тэлевяршыні" - значыць быць заўважаным у якасці прафесіянала. Падчас аб’яўлення пераможцаў удзельнікі ў намінацыях хваляваліся не менш, чым перад сваімі эфірамі. Асаблівасцю "Тэлевяршыні-2015" стала ўручэнне спецыяльнага прыза тэлепраекту "Хвіліна маўчання", створанаму ў выніку супрацоўніцтва Белтэлерадыёкампаніі і Тэлерадыёкампаніі "Ваен-ТБ" на тэму Вялікай Айчыннай вайны.

Па-свойму ярка заявілі пра сябе і рэгіянальныя тэлевізійнікі. У намінацыях "Лепшая інфармацыйная праграма рэгіянальнага тэлебачання" перамагла праграма "Днямі" (ТРК "Магілёў"), гэтая ж кампанія атрымала прыз у намінацыі "Лепшая тэматычная праграма рэгіянальнага тэлебачання" за праект "У горадзе Бабруйску". У намінацыі "Лепшы праект рэгіянальнага тэлебачання" папоўнілася скарбонка ўзнагарод Лідскага тэлебачання. Іх праект "Ад сэрца да сэрца" атрымаў на цырымоніі статуэтку.

Белтэлерадыёкампанія сёлета атрымала прызнанне прафесійнага журы неаднаразова: прызам за "Лепшы праект для дзяцей і юнацтва" ўзнагароджана праграма "Дабраранак", а "Панарама" адзначана як лепшая штодзённая інфармацыйная праграма. Аўтарскі цыкл Алега Лукашэвіча "Мастакі Парыжскай школы. Ураджэнцы Беларусі", у прыватнасці фільм "Хаім Суцін. Прага колеру", узнагародзілі як лепшую культурна-асветніцкую праграму.

Лепшай грамадска-палітычнай праграмай прызнана ток-шоу "Справа прынцыпу" (АНТ), а перамогу ў намінацыі "Лепшы вядучы грамадска-палітычнай праграмы" здабыў Дзмітрый Бачкоў, вядучы "Форуму" (Белтэлерадыёкампанія). Адна са статуэтак "Тэлевяршыні" аказалася і ў МТРК "Мір" - іх праграма "Пра Беларусь з акцэнтам" была адзначана як лепшая тэматычная праграма. А праграма "Галоўны эфір", якая, дарэчы, існуе не так даўно, перамагла ў намінацыі "Лепшая штотыднёвая інфармацыйна-аналітычная праграма" (Белтэлерадыёкампанія).

Нагадаем, заснавальнікамі конкурсу выступаюць Міністэрства інфармацыі Беларусі, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія, ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" і ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне". Віншуем калег з перамогай!

Алена ДРАПКО.