Узяў старт нацыянальны адбор на "Еўрабачанне-2017"

09.11.2016

"Звязда"

Белтэлерадыёкампанія абвясціла аб пачатку прыёму заявак ад ахвотных прадставіць налета нашу краіну на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне".

Нагадаем, Украіна атрымала права правядзення песеннага шоу ў выніку перамогі спявачкі Джамалы, чыя песня "1944" пра дэпартацыю крымскіх татар набрала сёлета 534 балы ад міжнароднага журы і тэлегледачоў. У папярэднім спаборніцтве паміж шасцю ўкраінскімі гарадамі-кандыдатамі на прыём конкурсу першынство ўзяў Кіеў, дзе з 9 па 13 мая і пройдзе "Еўрабачанне-2017".

Выбар музычнага дэлегата ад Беларусі на будучым конкурсе будзе праходзіць па ўжо звыклай схеме. Ахвотным выканаўцам і аўтарам песень, якім на момант падачы заяўкі мусіць быць не менш за 16 гадоў, трэба ў тэрмін да 22 лістапада даслаць свае анкеты і музычныя матэрыялы на адрас Белтэлерадыёкампаніі: 220807, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9, з паметкай "Нацыянальны адборачны тур конкурсу песні "Еўрабачанне-2017".

Ужо да 30 лістапада прафесійнае журы па выніках адкрытага праслухоўвання ўсіх кандыдатаў вызначыць 15 фіналістаў — дарэчы, за працэсам адбору можна будзе сачыць падчас анлайн-трансляцыі на сайце www.tvr.by. Фінальны канцэрт запланаваны на 25 студзеня, калі ў прамым эфіры паводле класічнай формулы 50/50 (сума галасоў тэлегледачоў і суддзяў) і будзе афіцыйна названы пераможца праекта - беларускі ўдзельнік "Еўрабачання-2017".

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.