Узнагарода з прысмакам чызкейка

17.05.2014
"Звязда", 17 мая 2014 г.

 
Прадстаўнік Беларусі на міжнародным музычным форуме "Еўрабачанне-2014" Юрый Вашчук, ён жа спявак Тэа, узнагароджаны ганаровай граматай Міністэрства культуры. З паспяховым вынікам артыста павіншаваў міністр культуры Барыс Святлоў на неафіцыйнай сустрэчы. Не абышлося і без дэгустацыі папулярнага апошнім часам чызкейка.
- Зразумела, што мае асабістыя ўражанні пра артыста і яго ўзровень склаліся задоўга да фіналу. Усё, пачынаючы з адборачнага тура, працякала на маіх вачах, і ўжо тады я складваў нейкі асабісты рэйтынг, дзе Юра быў на першым месцы. Калі мае прагнозы супалі з тым, як ацанілі яго прафесіяналы, то я быў спакойны адносна таго, што наш прадстаўнік на конкурсе пакажа высокі ўзровень і зможа прэтэндаваць на належную ацэнку, - адзначыў Барыс Святлоў. - "Еўрабачанне" ад слова "бачыць", таму там, магчыма, не так важна паказваць узровень выканаўчага майстэрства, як ствараць карцінку, нейкі эпатаж, бо гэта выклікае павышаны інтарэс у гледача. Таму, лічу, першае месца на сёлетнім конкурсе было прадказальным. Але я парадаваўся за наша 5-е месца ў паўфінале і за вынік у фінале. Наш артыст, на мой погляд, вылучаўся сваім прафесіяналізмам.
Згодны з гэтым і намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Марат Маркаў, які ўзначальваў беларускую дэлегацыю на "Еўрабачанні": "Усё пазнаецца ў параўнанні. Была пэўная асцярога, бо тое, што мае дачыненне да артыста, які прадстаўляе краіну на гэтым конкурсе, мае арэол не заўсёды станоўчы. У выпадку з Юрам пасля першых сустрэч было разуменне, што ён вельмі пазітыўны чалавек. І гэта паўплывала на два ключавыя моманты: па-першае, стаўленне да артыста як з боку журналістаў, так і з боку дэлегацыі было добрым, і такой жа была атмасфера ў камандзе падчас падрыхтоўкі і працы на конкурсе; па-другое, стаўленне да нашай краіны фарміравалася на падставе настрою ў камандзе і вобразу нашага выканаўцы. Нас называлі самай пазітыўнай камандай на "Еўрабачанні".
- Паколькі я працую ў Нацыянальным акадэмічным аркестры, то, безумоўна, важна, што нас ацанілі ў Міністэрстве культуры, - падзяліўся эмоцыямі Юрый Вашчук. - Я да гэтай пары знаходжуся яшчэ ў нейкім эйфарычным стане. Прыемна бачыць і адчуваць, як людзі радуюцца за мяне. Калі дабраўся да сацыяльных сетак, то нават быў гатовы праслязіцца, бо ўсведамляю, наколькі рэакцыя людзей, якія мяне падтрымлівалі, шчырая. Хочацца, каб беларусы так падтрымлівалі сваіх і ў музыцы, і ў спорце, і ва ўсіх іншых сферах.
Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Міхаіл Фінберг таксама выказаўся пра свайго падапечнага:
- Мы працуем разам вось ужо 14 гадоў, і я ведаю, якую дарогу ў творчым плане прайшоў за гэты час артыст. Ён рос у атачэнні прафесіяналаў, заўсёды працаваў на ўзроўні. На такіх людзей варта раўняцца. Выступленне ў фінале - паказчык узроўню, дзе многае зроблена яго рукамі і галавой. Артыст вырас і шмат чаму навучыўся. Юра, я хачу, каб ты разумеў, - гэта толькі пачатак. Галоўнае - не разгубіцца на шляху.

Алена ДРАПКО.