Усё ж такі ганаровы грамадзянін

07.02.2009
"Культура", 7 лютага 2009 г.


Невядомыя Мядзедка і Анды Ігнація Дамейкі
- Наш цыкл перадач пачаўся раней за папулярны праект расійскага тэлебачання "Імя Расія", - на пачатку сустрэчы падкрэсліў Алег Лукашэвіч, аўтар і вядучы праекта "Эпоха" на Першым канале беларускага тэлебачання. Нагодай для сустрэчы стала новая серыя праграм пра слыннага земляка Ігнація Дамейку. Уражаннямі ад Чылі і сенсацыйнымі звесткамі пра вядомага вучонага Алег Лукашэвіч падзяліўся з карэспандэнтам "К". 
- Праект быў задуманы яшчэ ў 2005 годзе і пачаў рэалізоўвацца ў студзені 2006-га, калі мы выпусцілі першы цыкл пра Марка Шагала. Дарэчы, менавіта ён атрымаў I месца на IX Еўразійскім тэлефоруме ў Маскве сярод дакументальных фільмаў. На працягу наступных гадоў выйшлі перадачы аб прападобнай Еўфрасінні Полацкай, Адаме Міцкевічы, Станіславе Аўгусце Панятоўскім, Тадэвушу Касцюшку.
Па словах Алега Лукашэвіча, прынцып адбору гісарычных постацей быў невыпадковы: аўтар цыкла фільмаў хацеў паказаць тых знакавых асоб нашай родная зямлі, якія панікулі значны след як у беларускай так і ў сусветнай гісторыі, навуцы, палітыцы. І гэта актуальна цяпер, калі цікавасць да мінуўшчыны нашай краіны абумоўлівае і глядацкі попыт на перадачы гістарычнай тэматыкі. Гэта вымагае не толькі цікава пададзенага матэрыялу, але і стварэння ўражання таго, што перад намі - невядомыя, нават таямнічыя старонкі былога. 
- Засмучае тое, што мы, маючы такую багатую спадчыну, не заўжды маглі раней належным чынам прадставіць яе ў вачах іншых народаў, - адзначае Алег Лукашэвіч. - Напрыклад, да саркафага Стэфана Баторыя ў Кракаве выстройваецца цэлая чарга венгерскіх турыстаў, якія нават і не ведаюць, што іхні слынны кароль 10 гадоў пражыў у Гродне, ператварыўшы гэты горад фактычна ў другую, некаранаваную, сталіцу Вялікага Княства! Дарэчы, першае ва Усходняй Еўропе анатамічнае ўскрыццё - над целам самога ўладара - было зроблена таксама ў гэтым горадзе.
Хаця некаторыя зрухі ўсё ж такі ёсць. Калі мы прадстаўлялі свой праект пра Адама Міцкевіча ў Польшчы, дык палякі з цікавасцю глядзелі фільм і пагаджаліся: знакаміты паэт мае беларускія карані, і яны яскрава выявіліся ў матывах ягонай творчасці. 
Як вядома, многія факты з біяграфій слынных людзей даволі часта з'яўляюцца малавядомымі або цягам гадоў застаюцца "белымі плямамі" ў звестках пра тую ці іншую гістарычную асобу. Напрыклад, не кожны ведаў, што ў Марка Шагала быў сын, не ўсе могуць пабачыць арыгінал тастаменту Касцюшкі, што захоўвацца ў Швейцарыі. Таму відавочна, што праца Першага канала накіравана на тое, каб такіх прагалаў у біяграфіях знакамітых беларусаў не было. Адсюль і патрэба выездаў як на радзіму героя, так і ў тыя мясціны, дзе ён ствараў і працаваў, неабходнасць пошукаў дакументаў як на Беларусі, так і ў Польшчы, Францыі, Германіі, Бразіліі і Чылі, калі, напрыклад, гаворка ідзе пра Ігнація Дамейку. Зразумела, што раней беларускія гісторыкі з тэхнічных і фінансавых прычын не маглі наведаць тую ж Паўднёвую Амерыку і працаваць тут з першакрыніцамі.
Пры такой карпатлівай даследчай працы даволі часта высвятляецца, што сапраўдныя факты не супадаюць з распаўсюджанымі версіямі. У выпадку з Дамейкам гэта агульнавядомае меркаванне, што ён з'яўляецца нацыянальным героем Чылі. Але насамрэч рашэннем тамтэйшага парламента нашаму земляку нададзена толькі ганаровае чылійскае грамадзянства. Як патлумачылі Алегу Лукашэвічу, у Чылі статус нацыянальнага героя можа атрымаць толькі палітык або ваенны, але не вучоны, кім быў Дамейка.
Нягледзячы на доўгае жыццё на чужыне, Ігнацій Дамейка ніколі не забываўся на сваю Айчыну, заўсёды адчуваў сябе сынам роднай зямлі. На 82-ім годзе жыцця, пасля таго, як у 1883 годзе чылійскія ўлады прынялі яго адстаўку з пасады рэктара Чылійскага універсітэта (на якую ён, дарэчы, перавыбіраўся ўжо чацвёрты раз!), Дамейка з сынамі выехаў у Еўропу. Пасля кароткага знаходжання ў Парыжы, Кракаве, Варшаве ён нарэшце вярнуўся ў родную Мядзвядку, што знаходзіцца ў Карэліцкім раёне. Тут Дамейка пражыў яшчэ некалькі гадоў. 
У красавіку 1887 г. Ягелонскі універсітэт надаў яму тытул ганаровага доктара медыцыны. У дыпломе было запісана, што ён "выдадзены ліцвіну Ігнацію Дамейку". Такім чынам у дзяржаўным дакуменце была засведчана прыналежнасць навукоўцы роднаму краю. Найбольшым уражаннем Алега Лукашэвіча стала тое, што Дамейка праз усё жыццё пранёс з сабой веру ў Бога. У сваіх успамінах наш зямляк часта дзякуе Богу за ўсё тое, што з ім здарылася, неаднаразова піша, як адчувае Боскую, Найвышэйшую, падтрымку. Яна заўсёды і ва ўсім яму дапамагае. Слынны вучоны паўстаў са старонак дзённіка не як "навуковец-сухар", а як жывы, добры, клапатлівы чалавек, які жыў і сам тварыў сваё жыццё, дзякуючы за ўсё Богу.
Што да далейшых планаў, то Алег Лукашэвіч зараз працуе над фільмамі, прысвечанымі Канстанціну Судзілоўскаму, прэзідэнту Сената Гавайскай Рэспублікі. Рыхтуюцца да эфіру цыкл пра жыццё Францыска Скарыны і вялікі фільм пра дынастыю Радзівілаў. У далейшым журналіст плануе выдаць кнігу па ўсім цыкле "Эпоха" з малавядомымі фотаздымкамі і ілюстрацыямі.
 
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ.