Усё ў цябе атрымаецца, Ягорка!

11.11.2004
“Народная газета”, 11 лістапада 2004 г.


Не далей як 20 лістапада, увечары, шматмільённая армія еўрапейцаў (ці толькі іх!..) прыліпне да тэлеэкранаў: з нарвежскага Лілехамера будзе весціся прамая трансляцыя шоу пад назвай "Конкурс песні "Еўрабачанне-2004". Размова ідзе, зразумела, не пра конкурс дарослых выканаўцаў (ён адбудзецца ў Кіеве нашмат пазней), а пра кантынентальнае спаборніцтва юных спевакоў. Але ўсё роўна цікавасцьда лілехамераўскага шоу велізарная. I гэта зразумела: якая краіна, які народ не марыць пра авангарднае месца ў еўрапейскім музабозе?!..
Вось чаму ўвага да ўзгаданага музычнага спаборніцтва, і з боку дзяржаўных мужоў таксама, выключна пільная. Беларусь у гэтым плане - не выключэнне. Зараз падрыхтоўка выйшла на фінішную прамую. А вось што чакае ўсіх нас на фінішы - вялікае пытанне... Ва ўсялякім разе, як слушна заўважыў на нядаўняй прэс-канферэнцыі Васіль Раінчык, старшыня журы нацыянальнага конкурсу дзіцячай песні (а ён, безумоўна, мае пэўны досвед у гэтым пытанні), "Еўрабачанне" - самы непрадказальны ў свеце музычны конкурс. Што гэта так, а не іначай, пераканаліся і простыя тэлегледачы, назіраючы за апошнім "дарослым" "Еўрабачаннем", які праходзіў у Стамбуле. Нашы Аляксандра і Канстанцін, нават калі ўзяць пад увагу той факт, што Аляксандра была не зусім у голасе, выканалі сваю кампазіцыю выдатна (ва ўсялякім разе нашмат лепш многіх спевакоў), а ў выніку сталі аўтсайдэрамі... Бо падчас інтэрактыўнага галасавання вельмі многае залежыць ад таго, як паставяцца да нашага выканаўцы тэлегледачы суседніх з намі краін. Звычайна суседзі падтрымліваюць суседзяў. Але так бывае не заўсёды. У гэтым мы пераканаліся двойчы - на апошніх конкурсах "Еўрабачання". Некаторыя схільны называцьтакое галасаванне "палітычным". Што ж, можа быць, асабліва, калі мець на ўвазе конкурсы сярод дарослых выканаўцаў. Што тычыцца дзіцячага "Еўрабачання", то ёсць надзея, што тут усё будзе шчыра і ад сэрца, а не кан’юнктурна. Тым больш што дэвіз сёлетняга дзіцячага "Еўрабачання-2004" - "Дружба і радасць"...
Канешне, многае (калі не ўсё) будзе залежаць ад нашага юнага спевака - мазыраніна Ягрра Ваўчка. Гэты дванаццацігадовы хлапчук, па словах таго ж Васіля Раінчыка, адпавядае ўсім крытэрыям таленавітага выканаўцы: цудоўны голас, прывабная знешнасць, непасрэднасць... Але, бадай, галоўная Ягорава рыса (як артыста) у тым, што ён імгненна прываблівае гледача, быццам магнетызуе. Хлапчук умее падабацца людзям. А гэтаму немагчыма навучыць, гэта, як прынята казаць, ад Бога. Дарэчы, і музыку ён напісаў сам, а вось вершы да песні напісала Уладзіслава Сусленка - лічы, Ягорава аднагодка і, кажуць, таксама таленавітая дзяўчынка. Увогуле асноўнае, што тычыцца творчан часткі, дзеці зрабілі, самі. I гэта здорава, бо задача "Еўрабачання" якраз у тым і заключаецца, каб актывізаваць дзіцячую творчасць на ўсім кантыненце, ва ўсіх краінах.
Усё ж астатняе - рэкламная кампанія, запісы на ДВД, здымкі відэакліпаў, касцюмы і г.д. - на плячах дарослых. I, як засведчылі адказныя таварышы, у гэтым плане ўсё як мае быць.
Кажуць, каб перамагчы на "Еўрабачанні", мала мець чысты, прыгожы голас і цудоўную песню. Трэба яшчэ па-добраму здзівіць шматмільённую публіку нечым незвычайным, арыгінальным і непаўторным. Трэба быць наватарам у сваёй справе. Козыр беларускай "каманды" - танец юных балерын, якія разам з Ягорам і паспрабуюць уразіць сваім нумарам усіх нас. Ва ўсялякім разе, як сведчаць члены аргкамітэта, такога няма ні ў кога з удзельнікаў конкурсу.
Задоўга да выступлення на "Еўрабачанні" ў Стамбуле ўкраінка Руслана (як памятаем, яна там трыумфальна перамагла) сказала літаральна наступнае: "Калі я ствару зразумелую хітовую музыку, калі мой вобраз будзе палымяным і я здолею выдаць моцную энергетыку падчас свайго выступлення з балетам, думаю, што мой шанец будзе высокім..."
I ў Русланы ўсё атрымалася. Дык, можа, і ў нашага Ягоркі таксама ўсё атрымаецца?.. Мы ўсе яму гэтага жадаем!
Ва ўсякім разе, будзем хварэць за яго і галасаваць за суседзяў. Беларусы да ўсіх з душою, асабліва ж да суседзяў...

Георгій ЧЫГІР.