Усё дзеля інтрыгі

26.02.2016

"Звязда"

Імкнучыся павысіць цікавасць да "Еўрабачання" і максімальна зменшыць прадказальнасць яго вынікаў, Еўрапейскі вяшчальны саюз унёс істотныя карэктывы ў працэдуру галасавання песеннага шоу. Афіцыйны сайт конкурсу назваў гэты крок "найвялікшымі зменамі з 1975 года".

Цяпер у фінале галасы нацыянальных журы і тэлевізійнай аўдыторыі не будуць камбінавацца ў агульны бал - гэтыя ацэнкі абвесцяць паасобку. Спачатку будуць агучаны вынікі галасавання журы, а потым - гледачоў, прычым у парадку ад найменшага бала (1) да найбольшага (12). Цікавая дэталь: калі ў нейкай краіне тэлевізійнае галасаванне не адбудзецца, замест яго ў залік пойдзе не галасаванне журы гэтай краіны, а сярэдні вынік галасавання ў некалькіх іншых краінах, выбраных арганізатарамі з загадзя падрыхтаваных кошыкаў.

Як мяркуецца, новая схема галасавання дазволіць, з аднаго боку, трымаць інтрыгу практычна да апошніх хвілін, а з другога - прыкладна на паўгадзіны скараціць працягласць трансляцыі. "Усе конкурсы толькі ўзмацняюцца, калі ў іх ёсць непрадказальны, драматычны фініш, - адзначыў шведскі прадзюсар "Еўрабачання" Крыстэр Б'ёркман. - Нам хочацца стварыць сапраўдную магію тэлебачання, якая будзе трымаць гледачоў у напружанні да апошняй хвіліны". Дэталёвыя вынікі галасавання кожнай краіны па традыцыі будуць апублікаваны пасля шоу на сайце eurovіsіon.tv.

Яшчэ адна навіна - шведскі тэлеканал SVT прадставіў дызайн сцэны, на якой у маі пройдзе "Еўрабачанне-2016". Адным з галоўных інавацыйных элементаў на пляцоўцы стане велізарная аб'ёмная LED-сцяна, якая дазволіць артыстам рухацца ўнутры яе і будзе ствараць аптычныя ілюзіі.

Тым часам...

Вызначылася са сваім музычным дэлегатам на конкурс 2016 года Украіна, дзе днямі завяршыўся нацыянальны адбор. Перамагла ў ім спявачка Джамала (Сусана Джамаладзінава), якая дзякуючы глядацкай падтрымцы абышла найбліжэйшага канкурэнта. Артыстка прадставіць у Швецыі песню "1944", прысвечаную прымусовай дэпартацыі крымскіх татар у Сярэднюю Азію.

Зусім хутка раскрые ўсе карты Расія - прэзентацыя конкурснай песні Сяргея Лазарава прызначана на 3 сакавіка, відэа папярэдне чакаецца не раней за 5 сакавіка. Што да канкурсанта ад Беларусі ІVAN'а (Аляксандра Іванова), то ён, выступіўшы ў якасці спецыяльнага госця на ўкраінскім адборы, пакуль што падрыхтоўчай актыўнасці не праяўляе. Прынамсі, як паведамляе афіцыйны сайт артыста, 25 лютага ў яго адбыўся канцэрт у Маскве, а іншых навін больш няма.

Наогул, сваіх прадстаўнікоў назвалі ўжо амаль 30 краін з 43 удзельнікаў "Еўрабачання-2016", астатнія зробяць гэта ў найбліжэйшы час. Да сярэдзіны сакавіка будуць трымаць прыхільнікаў конкурсу ў напружанні толькі Азербайджан, Францыя і краіна - гаспадыня сёлетняга конкурсу - Швецыя.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.