Уся праўда - на ўвесь свет

20.11.2004
“Звязда”, 20 лістапада 2004 г.


Кiраўнiк Мiжнароднага цэнтра iнтэграцыйнай iнфармацыi i Грамадскага прэс-цэнтра Дома прэсы Таццяна Бялова выступiла з iнiцыятывай даць магчымасць усiм кандыдатам на конкурс песнi “Еўрабачанне-2005” расказаць аб сабе шырокай аўдыторыi.
А што, вельмi добрая iдэя - як на выбарах, даць прэтэндэнтам роўныя шанцы сустрэцца з прэсай, выкласцi “праграму” i заахвоцiць выбаршчыкаў (у нашым выпадку слухачоў, якiя будуць галасаваць за трох лепшых выканаўцаў з пятнаццаткi, вылучанай журы па вынiках першага тура). Некаторыя выканаўцы, праўда, не дачакалiся афiцыйнага падвядзення вынiкаў i ўжо выказалi свае амбiцыi, што не зусiм карэктна ў дачыненнi да калег-сапернiкаў па сцэне.
З наступнага тыдня кожны з пятнаццацi артыстаў, якiя прайшлi ў другi тур адбору, можа звярнуцца ў Грамадскi прэс-цэнтр i склiкаць журналiстаў на сход, на вялiкi перадконкурсны сход. СМI паведамяць аўдыторыi ўсю праўду (аздобiўшы чуткамi), а ў публiкi з’явяцца свае ўражаннi, i 25 снежня яна вырашыць, хто трапiць у тройку лiдараў. Пераможца ж - яго вылучыць журы - атрымае не толькi права прадстаўляць нашу краiну на песенным конкурсе ў Кiеве, але таксама салiдны грашовы прыз ад арганiзатараў нацыянальнага адбору i гадавы кантракт з БТРК.