Успамін з дыпломам

09.04.2009
"Звязда", 9 апреля 2009 г.


На ІХ конкурсе імя Ежы Гедройца ў галіне культуры фільм Алега Лукашэвіча "Эпоха Адама Міцкевіча" атрымаў дыплом з адзнакай.
Гэты 4-серыйны фільм з цыкла "Эпоха" прадстаўляе падрабязную біяграфію знакамітага паэта - глядач вандруе з Беларусі, дзе Міцкевіч нарадзіўся, у Літву і Францыю, дзе творца доўгі час жыў, у Турцыю, дзе скончыўся яго зямны шлях, і ў Польшчу, дзе захаваны прах паэта. Прэм'еру фільма беларусы бачылі год таму на Першым канале, а ў лістападзе 2008 года паказ з вялікім поспехам прайшоў у Польшчы. Цяпер жа работу высока ацанілі на конкурсе імя Ежы Гедройца, які заснаваў Польскі інстытут у Мінску ў 2000 годзе.
Раней, дарэчы, фільм "Эпоха Марка Шагала" з гэтага ж аўтарскага цыкла Алега Лукашэвіча быў прызнаны лепшым дакументальным фільмам на ІХ Еўразійскім тэлефоруме ў Маскве, атрымаўшы дыплом і медаль.
 
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.